+375 17 209-48-04

info@zapraudu.info

Дзмітрый Падбярэзскі: “Чос” адмяняецца назаўжды?

Яшчэ зусім нядаўна для вельмі многіх музыкаў тыдзень паміж Калядамі і Новым годам з’яўляўся найбольш чаканым. Паўстаў нават крылаты выраз тыпу “Навагодні тыдзень год корміць”.

І сапраўды: у зусім недалёкай яшчэ мінуўшчыне гэтыя некалькі пераднавагодніх дзён выканаўцы самай рознай музыкі і самага рознага мастацкага ўзроўню чакалі з асаблівым нецярпеннем. У гэтыя дні большасць людзей актыўна святкавала, аднак былі й такія, хто працаваў, як кажуць, не пакладаючы рук.

Гэтую групу складалі як уласна музыкі, так і прадстаўнікі цэху мастацкага слова, якія перапраналіся ў Дзядоў Марозаў і актыўна “апылялі” тыя пляцоўкі, адносна якіх атрымалі замовы. Прычым гэта былі не толькі дзіцячыя садкі, але і рознага кшталту карпаратыўныя вечарыны, на якія Дзедаў Марозаў разам са Снягуркай запрашалі таксама часта. Хапала б толькі грошай!

Адзін мой сябра з добрымі акторскімі здольнасцямі яшчэ ў студэнцкія гады, працуючы без партнёркі, напярэдадні Новага году, не зважаючы нават на пачатак сесіі, рабіў сапраўдны гераічны чос. Цягам сутак, здаралася, ён умудраўся трапіць ці не на дзесятак тых мерапрыемстваў, дзе Дзеда Мароза чакалі ў абавязковым парадку. Ягоны рэпертуар для дзіцячай аўдыторыі і дарослай быў амаль што аднолькавы з невялікай колькасць нюансаў. Для хуткасці перасоўвання па горадзе ён карыстаўся паслугамі таксі: тарыф тых гадоў дазваляў гэта рабіць без асаблівай шкоды для агульнай сумы заробку. І вось тут можна смела казаць, што пераднавагодні тыдзень дазваляў гэтаму студэнту пазней адчуваць сябе цалкам камфортна яшчэ не адзін месяц.

Тое ж і музыкі: два-тры выступленні за пераднавагодні вечар былі нормай. Галоўнае, каб складзены графік дазваляў паспець туды, дзе было дамоўлена. І звычайна ніхто з іх не бісіраваў, не затрымліваўся па сканчэнні праграмы нават тады, калі ім абяцалі даплаціць. Усе выдатна разумелі: дадатковая аплата ўсё адно не перавысіць той ганарар, які ім яшчэ трэба было адпрацаваць.

Што ж такое “чос”? Хутчэй за ўсё, гэтае слэнгавае слова ўзыходзіць да расейскага дзеяслова “часаць”, то бок рабіць нешта кароткімі серыямі і вельмі хутка. Сярод музыкаў слова “чос” распаўсюдзілася хутчэй за ўсё ў першай палове 70-х, калі запатрабаванне на канцэрты айчынных спевакоў і найперш ВІА яўна перавышала прапанову. Менавіта тады некаторыя калектывы спыняліся, скажам, у вялікім горадзе дзён на дзесяць, даючы пры гэтым па два-тры паўнавартасных канцэрта цягам дня.

“Паехалі часаць Украіну”, — даводзілася чуць нешта накшталт гэтага ад музыкаў, якія выпраўляліся ці не на цэлы месяц выступаць у Кіеве, Харкаве і Данецку. Поўныя залы і… сотні людзей, якія так і не здолелі набыць квіткі. Дарэчы, менавіта чос і спарадзіў так званыя “левыя” канцэрты, якія нідзе афіцыйна не фігуравалі. Проста гаспадар пляцоўкі і адміністратар выканаўцы дамаўляліся адносна аднаго-двух дадатковых канцэртаў, увесь прыбытак ад якіх потым размяркоўваўся паміж імі і музыкамі. Гэта былі вельмі неблагія ганарары, куды большыя за афіцыйныя.

Магчыма, гэта і не зусім дакладная інфармацыя, але, наколькі мне вядома, абсалютным рэкардсменам па чосу часоў СССР быў калектыў Беларускай філармоніі “Песняры”. У 70-я гады пра іх канцэрты філармоніі ўсёй краіны дамаўляліся за год і больш наперад. І аднойчы, калі “Песняры” выступалі ў Казахстане, яны здолелі цягам сутак даць ажно сем канцэртаў! Пры гэтым, заўважу, працавалі на поўную катушку, гэта значыць — без аніякай фанаграмы! Лішне казаць, якая нагрузка клалася на музыкаў, у першую чаргу — вакалістаў…

Сёння здзейсніць нешта і блізка падобнае на гэта, мяркуючы па ўсім, абсалютна немагчыма. Нешта даўно не чуваць, каб нейкі, нават звышпапулярны выканаўца ці калектыў, даў бы ў якім горадзе-мільённіку хоць бы два канцэрты запар. І гэта невыпадкова: новыя тэхналогіі, зручныя для хуткага, лёгкага атрымання інфармацыі, надзвычай істотна задаволілі попыт патэнцыйных наведвальнікаў канцэртаў. Канцэртны DVD плюс належнага класу апаратура дазваляюць, ігнаруючы значныя кошты на квіткі, атрымліваць ад прагляду, седзячы на зручнай канапе, амаль такое ж задавальненне, што і ў канцэртнай зале. І калі ўлічыць і шматлікія “шмоны” з боку аховы на канцэртах, як гэта практыкуецца амаль паўсюль у Беларусі, — і пагатоў!

Іншымі словамі, эпоха чосу, па ўсім відаць, мінула безпаваротна. Сведчаннем таму — хоць бы масавыя шэсці Дзядоў Марозаў па вуліцах. Хіба ж яны мелі б на тое час, калі надарыўся шанц хоць як падзарабіць?

Не, попыт на іх паслугі і жарты яўна знізіўся. Як, дарэчы, і попыт за “зорак” папулярнай музыкі, у першую чаргу — прывазных. Раней на карпаратывах нават не вельмі багатых фірм можна было сустрэць раскручаных расійскіх выканаўцаў, якія прыязджалі на вечар у Мінск, каб выступіць за спецыяльныя навагоднія ганарары. Цяпер абыходзяцца мясцовымі славутасцямі. І то не заўсёды.

Гэта — прыкмета двух апошніх гадоў. Летась адзін са знаёмых музыкаў скардзіўся: маўляў, раней дзён дзесяць напярэдадні Новага году былі распісаны літаральна па гадзінах, а вось цяпер “халтура” калі і запланаваная, дык адна і не кожны нават дзень.

Памятаецца, за савецкім часам у рэпартажах з Еўропы на Цэнтральным тэлебачанні часта можна было пачуць наступнае: “Сумны ходзіць Санта Клаўс па берлінскіх (парыжскіх, лонданскіх) вуліцах”. Затое ў нас цяпер на вуліцах — дзясяткі вясёлых Дзедаў Марозаў! Ды толькі весялосць іх нейкая такая… нярадасная. Бо калі б іх на вуліцах відаць не было, гэта азначала б, што праца для іх ёсць.

Музыка: песня “Дзед Мароз”, група “N.R.M.” (2000)

 

23 декабря 2011

Теги:

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Поход к избирателям. Олег Квятинский, кандидат в депутаты Витебского горсовета