+375 17 209-48-04

info@zapraudu.info

Дзмітрый Падбярэзскі: Дыялог на розных мовах

Дзве падзеі апошняга тыдня прыцягнулі да сябе ўвагу. І абедзве былі звязаны з папулярнай музыкай. Калі больш дакладна — з месцам у ёй беларускай мовы. А наколькі рознае бывае да яе стаўленне, меркаваць ужо вам…

13 снежня адбылася першая ў гісторыі Беларусі цырымонія Нацыянальнай музычнай прэміі ў галіне эстраднага мастацтва. Не буду звяртаць увагу на даволі грувасткую і расплывістую яе назву. Акцэнтую ўвагу вось на чым. Сярод 16 намінацый той безумоўна неабходнай краіне прэміі адна называлася “Лепшая песня на беларускай мове”.Не ведаю, як каго, але мяне асабіста яе прысутнасць у цырымоніі поруч з намінацыяй проста “Лепшая песня года” неяк засмуціла. І вось чаму.

Я разумею, што ўтварэнне такой спецыфічнай намінацыі заснавальнікамі прэміі — Міністэрствам культуры і тэлеканалам СТВ дыктавалася лепшымі намерамі. А менавіта: заахвоціць айчынных выканаўцаў найперш папулярнага, шлягернага рэпертуару часцей звяртацца да песень з беларускамоўнымі тэкстамі.Ніхто, бадай, не будзе з гэтым спрачацца. Аднак, з іншага боку, гэта адначасова сведчыць і пра тое, што ў айчыннай пап-музыцы становішча з беларускай мовай бядотнае. Што, уласна кажучы, і пацвердзіла сама цырымонія.

Пачну з таго, што праводзілася Нацыянальная музычная прэмія на рускай мове. Што ўжо выглядае недарэчным. Аднак на гэтым фоне прамова старшыні журы Анатоля Ярмоленкі па-беларуску выглядала ледзь не гераічным учынкам. І цягам усяго больш чым 3-гадзіннага канцэрту прагучалі, калі не памыляюся, толькі тры песні з беларускамоўнымі тэкстамі. Тры з прыкладна двух дзясяткаў. Пры гэтым абсалютнай нечаканасцю быў жывы на агульным фанаграмным фоне выступ групы “J:морс”, чый гастрольны тур “Электрофикация” журы прызнала лепшым. Спяваў Уладзімір Пугач па-беларуску. І напэўна сам вырашаў, якую песню дарэчы выканаць падчас цырымоніі Нацыянальнай музычнай прэміі. Не думаю, што да гэтага яго падштурхнулі просьбы арганізатараў…

Канешне ж, калі б сярод прэтэндэнтаў на перамогу значыліся выканаўцы з сумна вядомых спісаў забароненых, на той цырымоніі беларуская мова гучала б часцей. Аднак маем тое, што маем. І тая цырымонія застанецца ў гісторыі менавіта такой, якой яна атрымалася.

15 снежня журналістам быў прадстаўлены супольны праект музычнага парталу “Тузін гітоў” і грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!” пад назвай “Перазагрузка-2”. Першая “Перазагрузка” адбылася летась і таксама была скіравана на актывізацыю ўжывання беларускай мовы тымі айчыннымі выканаўцамі, рэпертуар якіх засноўваўся на рускамоўных песнях. Ім прапанавалася прадстаць перад публікай у новым абліччы, перазапісаўшы для гэтага адну з найбольш вядомых уласных песень з беларускамоўным тэкстам. Як засведчыў аўтар гэтай ідэі Сяргей Будкін, такая прапанова сустрэла на дзіва добры прыём, жадаючых узяць удзел у праекце аказалася тады аж зашмат, каб усе песні змясціліся на адным дыску. І што цікава: лідэр групы “Atlantica” Алекс Набееў падчас сваіх выхадаў у радыёэфір ставіў менавіта беларускамоўную версію сваёй песні “У свеце не адны”.

Для выдання “Перазагрузкі-2” звярнуліся да шэрагу вядомых у Расіі і Ўкраіне выканаўцаў, а таксама да тых беларускіх музыкаў, якія жывуць і працуюць за мяжой. Дастаткова назваць такія групы, як “Воплі Відоплясова”, “Мумий Тролль”, “Смысловые галлюцинации”, “Здоб шы Здуб”, каб пераканацца ў сур’ёзнасці і маштабнасці задумы. Пры гэтым такія выканаўцы, як Аляксандр Рыбак, Макс Лорэнс, Алена Свірыдава, Алег “Джагер” Мінакоў упершыню запісалі песні на беларускай мове. Алена Свірыдава пракаментавала гэта так: Я не вагалася ані хвіліны. Бо сама па сабе прапанова цікавая, а калі ўлічыць, што я доўгі час жыла ў Беларусі, дык і пагатоў”. Пры гэтым альбом “Перазагрузка-2” не мае камерцыйнай скіраванасці: ён не трапіць у продаж. Частка ягонага 1000-га накладу будзе прапанавана айчынным і замежным радыёстанцыям, навучальным музычным установам, свой экзэмпляр атрымае і Міністэрства культуры.

І вось цяпер рабіце выснову, што больш дзейнае ў папулярызацыі беларускай мовы сярод выканаўцаў і прыхільнікаў іх творчасці: існаванне спецыфічнай намінацыі музычнай прэміі — гэткай у нечым рэзервацыі ці такі практычны чын, як праект “Перазагрузка”.

Дадам, што па словах прэс-сакратара кампаніі “Будзьма беларусамі!” Алеся Плоткі, другую “Перазагрузку”, змешчаную ў Сеціве, яшчэ да яе афіцыйнай прэзентацыі спампавалі больш за 50 тысяч чалавек…

Музыка: Алена Свірыдава з песняй “Пакуль”, беларускі тэкст Андрэя Хадановіча.

16 декабря 2011

Теги:

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Поход к избирателям. Олег Квятинский, кандидат в депутаты Витебского горсовета