+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Дзмітрый Падбярэзскі: «Kazalpin» прапагандуецца за грошы саміх «прапагандыстаў»

Некалькі канцэртаў у Беларусі групы «Kazalpin» не прыцягнулі вялікай увагі. Паслухаць музыкаў ішлі тыя, хто ведаў, чаго можна чакаць. Тым не менш, для Беларусі «Kazalpin» — унікальны музычны праект, у фінансаванне якога наша краіна не ўклала ні капейкі.

Швейцарскі кантон Аараў вось ужо некалькі год супрацоўнічае з беларускім мастацтвам. Два гады таму глыбокай восенню ў Беларусь прыехалі два музыкі — саксафаніст Альбін Брун і вельмі вядомы ў Швейцарыі барабаншчык Марка Кэпелі. Мэтай іх візіту быў пошук спявачак, выканаўцаў народных песень, разам з якімі яны планавалі здзейсніць незвычайны сумесны праект. Задумалі ж яны паяднаць беларускі фальклор з джазавай музыкай. Пры гэтым фінансаванне праекту цалкам узяў на сябе швейцарскі бок.

Цягам трох дзён госці Беларусі пазнаёміліся з некалькімі калектывамі, у тым ліку ансамблямі «Харошкі», «Купалінка», «Гуда», наведалі рэпетыцыю Дзяржаўнага народнага хору, хутар Алеся Лося, дзе Альбін Брун замовіў для сябе жалейку.

Ужо на трэці дзень швейцарскія музыкі прынялі рашэнне: іх партнёрамі стануць тры спявачкі групы «Акана-NHS»: Ірэна Катвіцкая, Надзея Чугунова і Руся. Менавіта яны, маючы пэўны досвед працы ў галіне джазу, праз некаторы час прыехалі ў Швейцарыю на «пробы».

Руся згадвала, што першая рэпетыцыя прайшла для яе як у тумане: надта незвычайная была тая музычная мова, якую прапанавалі беларускім спявачкам. Аднак першы іх візіт у Швейцарыю дазволіў збольшага высветліць магчымы рэпертуар будучай праграмы.

Потым была яшчэ адна паездка, гэтым разам ужо на два тыдні, цягам якіх шлі рэпетыцыі праграмы. Тады ж і нарадзілася назва калектыву «Kazalpin», у якой сумясціліся словы «каза» і ўласна «Альпы». Пасля сканчэння рэпетыцый адбыліся некалькі канцэртаў, праграма была запісана ў студыі, а ўвосень мінулага году «Kazalpin» у поўным складзе зрабіў першы тур па Беларусі.

Нягледзячы на тое, што краіна сустрэла калектыў не вельмі гасцінна (у Віцебску падчас канцэрта з грымёркі скралі 300 еўра), было прынята рашэнне працягваць гэты праект.

І вось ужо сёлета пасля таго, як у Германіі быў выдадзены альбом «EastSideStory», калі ён быў вельмі цёпла прыняты публікай і на нямецкай радыёстанцыі «Культура» здабыў тытул альбому тыдня, пасля серыі новых канцэртаў у Швейцарыі тамтэйшыя музыкі зноў прыехалі ў Беларусь, каб «Kazalpin» выступіў з канцэртамі ў Мінску, Рэчыцы, Брэсце і Гродне.

На мінскі канцэрт у «Loftcafé» прыйшло насамрэч шмат людзей, збольшага — аматараў нефарматнай музыкі, былі заўважаны і прафесійныя фалькларысты. Праграма канцэрта ў асноўным абапіралася на рэпертуар выдадзенага альбому, прагучала, у прыватнасці, інструментальная п’еса Альбіна Бруна пад назвай «Мінск». На маю думку, у цэлым музыкі дзвюх краін дамагліся даволі арганічнага сінтэзу музыкі мінулага і сучаснасці. Інструментальныя партыі не супярэчылі характару, агульнай атмасферы народных твораў і пры гэтым, пераносячы апошнія ў цалкам іншы музычны кантэкст, прадстаўлялі іх з нечаканага боку.

Наогул, гэты праект яшчэ раз пацвердзіў: беларускі фальклор — з’ява настолькі глыбокая і багатая, што смерць яму аніяк не пагражае, што ён можа адшукаць сабе месца ў многіх накірунках сучаснай музыкі.

Але ва ўсім гэтым маецца адзін не вельмі прыемны момант. Як сказала тая ж Руся, усюды музыкаў прымалі вельмі добра. Хоць, скажам, у Гродне падчас канцэрту ў зале было вельмі халодна. А калі казаць пра ўсю сёлетнюю трасу, дык, апрача фінансавання з боку швейцарскіх фондаў (гасцініцы і квіткі на самалёт), яна забяспечвалася грашыма… саміх удзельнікаў групы «Kazalpin». І пра свае канцэрты музыкі дамаўляліся самі. Аніякія дзяржаўныя структуры ў правядзенні канцэртаў не ўдзельнічалі.

Во які парадокс! Беларускае нацыянальнае багацце прапагандуецца за грошы саміх прапагандыстаў. Не ведаю, ці звярталася беларуская «палова» «Kazalpin» да дзяржаўных структур, але факт застаецца фактам: унікальны музычны праект адбыўся дзякуючы энтузіазму ягоных удзельнікаў. Хоць, як мне здаецца, культурныя структуры павінны былі б першымі ўхапіцца за гэта. Праміргалі? Праігнаравалі? Застаецца толькі здагадвацца…

Тым часам, далейшы лёс праекту «Kazalpin» стаіць пад знакам запытання. Ужо хоць бы таму, што Марка Кэпелі мае салідны ўзрост, каб рабіць такія падарожжы за кошт уласнага энтузіязму. Ён і Альбін Брун прызналіся, што задумалі гэты праект з адзінай мэтай: хоць нечым дапамагчы, падтрымаць унікальную, паводле іх слоў, беларускую спадчыну. І пастаўленай мэты дабіліся.

Ці будзе ў праекта «Kazalpin»? Сёння на гэтае пытанне адказаць, на жаль, немагчыма. Хоць, скажам, на Нацыянальным фестывалі песні і паэзіі ў Маладзечне ён быў бы зусім не лішні…

Тут вы можаце пачуць адну з песень у выкананні групы «Kazalpin»

http://dl.dropbox.com/u/37549492/zinacka%20200211.mp3

Фота Юрыя Сідуна

5 декабря 2011

Теги:

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Беларусь не только Минск»: форум регионального развития в Бобруйске