+375 17 209-48-04

info@zapraudu.info

Дзмітрый Падбярэзскі: Лаўка як паказчык культуры

Нехта падумае: ну й загаловачак! Нейкі такі ці не за вушы прыцягнуты. Як гэта нейкая лаўка можа быць паказчыкам культуры? Хіба што праз нейкія нашкрабаныя на ёй не надта пісьменныя ды цэнзурныя надпісы. Ды я не пра надпісы. Пра лаўку.

Жыву на першым паверсе. Колькі памятаю, заўсёды ля ўваходу ў пад’езд стаяла лаўка. Пастаўлена была найперш для зручнасці. І людям сталага ўзросту ёсць дзе пасядзець-пагаманіць. І нейкія рэчы паставіць, каб рукі адпачылі.

Ды апошнім часам усё часцей на той лаўцы рассядаліся розныя “кумпаніі”. Людзі маладыя і пенсійнага ўзросту. Аднак яднала іх адно: пасля кожнай такой пасядзелкі вакол лаўкі заставаліся пустыя і часта бітыя шклянкі, шалупінне ад семак і іншы бруд. Ну, і моўны арсенал такі, што фортку лепш не адчыняць.

Дзеці бачылі ўсё гэта і чулі і, натуральна, пачыналі ўсведамляць: значыць, так яно і трэба, так мусі быць. То бок — перадача ўзораў культурных паводзінаў у грамадства ад пакалення да пакалення ў непасрэдным дзеянні праз найбольш кароткі шлях — лаўку пры пад’ездзе.

Аднак гэта яшчэ далёка не ўсё. Дзіўным выглядала тое, што каля трох іншых пад’ездаў нашага дому аніводнай лаўкі не было. Гэта значыць, некалі яны стаялі, але ж вось з цягам часу неяк распусціліся ў часе і прасторы. А таму лаўка пад маімі вокнамі, натуральна, карысталася ўсё большым попытам. І апагей настаў тады, калі раптам насупраць яе аднекуль з’явілася яшчэ адна, дакладна такая ж самая.

Натуральна, што колькасць удзельнікаў пасядзелак адпаведна павялічылася. Як, зрэшты, і аб’ёмы смецця і ўзораў высокай славеснасці.

Трывалі, праўда, жыхары нашага пад’езда нядоўга. Сабраліся з сіламі і адвалаклі лаўку-чужынку пад суседні пад’езд. Думаючы, што такім чынам праблема хоць на палову, але ж будзе неяк вырашана. Наіўныя!..

Канешне, можна было б і непасрэдна да ахоўнікаў правапарадку звярнуцца. Тым больш, што ад нашага пад’езда да Савецкага РУУС метраў з 300 усяго, а да апорнага пункту і таго менш — нейкія 200. Ды вось што самае дзіўнае: штодня пад вокнамі нашай кватэры туды-сюды праходзіць шмат міліцыянтаў — і так, па дарозе на працу, і патрульных. Ніколі не бачыў, каб нехта з іх тут, каля лаўкі, чытаў удзельнікам пасядзелак лекцыі аб шкодзе алкагалізму. Ні тут, ні ў двары з іншага боку дому, дзе кампаніі засядаюць без стомы, як тыя дэпутаты ў Палатцы. Са зрокам, са слыхам у нашай міліцыі праблемы?

Думаю, не. Ну, забаранілі піва піць на вуліцы, пакаралі штрафам там колькі тысячаў чалавек. І — забыліся, відаць, на тую ініцыятыву. Бо нейкая новая зрабілася больш актуальнай.

Гэта як у свой час забаранілі кіроўцам карыстацца мабільнікамі падчас руху. І што? Ды — нічога. Едуць сабе па-ранейшаму і балбочуць. Канешне, зрэдку, магчыма, некага і караюць, але самі прыгледзьцеся да легкавікоў. Ці не ў кожным чацвёртым мабільнік па-ранейшаму прыціснуты да вуха. Такія вось справы…

Практычна тая ж сітуацыя і з пітвом на вуліцы. Можна, канешне, запытацца: а чаму ж п’юць на вуліцы, а не ідуць у якія кавярні, як гэта прынята ў суседніх (на захад ад Беларусі) краінах? Згодны: пытанне недарэчнае. Па-першае, у нашых кавярнях нават піва па кішэні далёка не ўсім, нацэнка там сягае часам 300 працэнтаў. Па-другое, тых кавярняў яўна мала. Таму распіваць на вуліцы — гэта таксама даўняя айчынная традыцыя, ад якой, як паказвае час, адмовіцца ніяк не магчыма. Вось і сядзяць аматары Бахуса на лаўках, п’юць і тут жа, не адыходзячы, гадзяць. У пераносным і літаральным часта сэнсе.

Вось чаму жыхары нашага пад’езду спачатку званілі ў ЖЭС, каб лішнюю лаўку перанеслі туды, дзе іх наогул няма. Два тыдні мінула — нуль рэакцыі. І тады яны самі перацягнулі “чужаніцу” да суседняга пад’езда.

Ведаеце, што адбылося далей? Ніколі не здагадаецеся. Літаральна праз дзень тая лаўка з-пад суседняга пад’езда — знікла! То бок не зусім, аднак пабачыў я яе ў хмызах, кінутай на зямлю бетоннымі лапамі дагары. Кардынальнае, згадзіцеся, рашэнне! Там і ляжыць дагэтуль той сімвал гарадской культуры. А мог бы стаяць там, дзе ён безумоўна патрэбны, каб не асобныя носьбіты той культуры, якія без асобай думкі ў галаве гатовыя нагадзіць, дзе заўгодна. Адсюль і лужыны ў ліфтах, нягледзячы на кодавыя замкі, і бруд на лесвічных пляцоўках, і п’яныя кампаніі на тых жа лаўках пры пад’ездах.

Дарэчы, пра ЖЭС і смецце. Я, канешне ж, далёка не перакананы, што адыходы вулічных папоек не сталі б валяцца пад нагамі, а знайшлі прытулак у сметніках, каб тыя стаялі каля кожнага пад’езда. Ды няма такіх. Званіў у ЖЭС, цікавіўся, чаму не могуць паставіць хоць бы самыя прымітыўныя. Адказалі: няма сродкаў. Між тым штомесяц адлічэнні на тэхнічнае абслугоўванне дамоў усе мы плацім. Дзе знікаюць тыя грошы, можна толькі гадаць. Аднак я не ўпэўнены, што збіраць смецце з зямлі абыходзіцца танней.

І ў кожным разе яго напэўна было б куды менш, калі б не ўсё тая ж клятая лаўка. Можа і гэтую туды ж, у хмызы? І адной праблемай у культуры менш?

Думаю, гэта не выйсце. А вось дзе яно, тое выйсце, — не ведаю. Магу толькі адно сцвярджаць: яшчэ з дзесятак гадоў таму гэтак актыўна на лаўках, дзіцячых пляцоўках не пілі, столькі не гадзілі. І чым ўсё гэта скончыцца, выдатна намаляваў Юрый Станкевіч ў сваім рамане-антыўтопіі “П’яўка”. Не чыталі? Пацікаўцеся… Ужо цяпер многае з таго, што ён напісаў, можна ўбачыць на ўласныя вочы. Не ў такіх, зразумела, памерах, як у рамане.

Пакуль не ў такіх. Пакуль…

14 октября 2011

Теги:

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Поход к избирателям. Олег Квятинский, кандидат в депутаты Витебского горсовета