+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Дзмітрый Падбярэзскі: Музычныя гастарбайтары

Апошні дзень 2011-га і першыя дні 2012 гадоў пазначаны ажно некалькімі клубнымі канцэртамі беларускіх музыкаў у Маскве. Той, хто не ў курсе спраў, напэўна падумае: ёсць беларускі прарыў на ўсходнім рок-фронце! Той, хто абазнаны ў сітуацыі, засведчыць: не ад добрага жыцця тое адбываецца.

Такім чынам, 31 снежня афіша маскоўскага клубу «P!PL» пазначана такімі назвамі і імёнамі, як «Ляпис Трубецкой», «Крамбамбуля», «Pomidor/OFF», djPapaBo. Не цяжка зразумець, што і «Ляписы», і «Крамбамбуля» (асабліва першыя!) не маюць дастаткова свабоднага манеўру на тэрыторыі Беларусі, каб данесці да слухачоў сваю музыку. Дарэчы, «Крамбамбуля» ўсё ж атрымала папярэдні дазвол на тое, каб у 2012 годзе прэзентаваць свой новы альбом у Мінску. Але дазвол той — усяго толькі папярэдні. Бо, як ужо неаднойчы здаралася, нішто не шкодзіць тым жа пажарнікам заявіцца ў мінскі клуб за гадзіну да пачатку канцэрту і знайсці там некалькі сур’ёзных парушэнняў, з-за чаго клуб павінен быць імгненна зачынены.

Так што сустрэча Новага году ў маскоўскім клубе разумеецца як у пэўным сэнсе вымушаная. Хоць сам па сабе факт выступу ў навагоднюю ноч у Маскве такой шматлікай музычнай каманды з Беларусі варта ўспрымаць як неардынарны. Цалкам магчыма, што да гэтага прыклаў сваю руку і заяўлены ў афішы мінскі прадзюсар Аляксандр Багданаў (Рара Во), які, між іншым, сёлета нават значыўся сярод прэтэндэнтаў на перамогу ў намінацыі «Лепшы прадзюсар» падчас цырымоніі Нацыянальнай музычнай прэміі. Ну, калі і ў Міністэрстве культуры прызналі, што Аляксандр насамрэч робіць шмат для папулярызацыі беларускай музыкі, значыць, гэтак так і ёсць…

Заўважу пры нагодзе, што кошт квітка ў гэты клуб складае 1500 расійскіх рублёў, то бок — недзе, калі не падманваюць атрыманыя ў школе веды па арыфметыцы, амаль 400 тысяч беларускіх рублёў. Пры гэтым для тых беларускіх аматараў музыкі, якія пажадалі паслухаць такі канцэрт у эміграцыі, быў наладжаны аўтобусны тур коштам 65 долараў.

Задумайцеся на імгненне: паездка за межы Беларусі з тым, каб папрысутнічаць на канцэрце беларускіх жа музыкаў. Яшчэ пару гадоў таму гэта можна было ўспрымаць як эпізод з фільму якога фантаста-Спілберга. Сёння — гэта нашая беларуская рэальнасць…

Другая беларуская музычная падзея ў Маскве датаваная 4 студзеня і ў пэўным сэнсе з’яўляецца працягам папярэдняй. Зміцер Вайцюшкевіч прадстаўляе ў Маскве сваю даўнюю праграму песень на вершы Ўладзіміра Маякоўскага. Аднак робіць гэта з недвузначным падзагалоўкам «Гастарбайт pаrty». Ну, сапраўды, а як інакш? Пазбаўлены магчымасці зарабляць музыкай на радзіме, Зміцер змушаны падавацца на заробкі на ўсход гэтак жа сама, як туды ўжо перабраліся сотні тысяч беларускіх працоўных, у першую чаргу — будаўнікоў.

Дарэчы, клуб, у якім будзе выступаць Зміцер Вайцюшкевіч, мае назву «Китайский лётчик Джао Да» і з’яўляецца адным з найбольш вядомых і папулярных у Маскве. Хоць на гэты канцэрт, мяркуючы па афішы, можна патрапіць, аддаўшы на квіток усяго толькі 300 расійскіх (78 тысяч беларускіх) рублёў. Гэта — маскоўская рэальнасць. Таму што ў Мінску наўрад хто з арганізатараў тэарэтычнага клубнага канцэрту таго ж Вайцюшкевіча адважыцца выставіць за квіток такі кошт. Проста таму, што для Беларусі ён — велікаваты…

І каб скончыць са студзеньскай музычнай афішай Масквы, згадаю яшчэ выступ нашумелага ў 2010 годзе не па ўласнай волі дуэту «Rockerjoker».

І на гэтым можна было б скончыць, калі б не адна асаблівасць. Не сакрэт, што і раней, нават яшчэ за савецкім часам, многія музыкі з Беларусі імкнуліся адшукаць працу за мяжой. З вельмі простай прычыны: яна давала магчымасць добра зарабіць і пабачыць свет, асабліва калі ты патрапіў на працу на які акеанскі лайнер. І пры гэтым невяртанцаў практычна не было. А вось пасля таго, як межы адчынілася, асноўная плынь беларускіх музычных гастарбайтэраў накіравалася на поўдзень, найперш у арабскія краіны. Я асабіста ніколі не выступаў супраць гэтага: разумнаму выканаўцу штодзённая праца на публіцы дае выдатныя магчымасці для прафесійнага ўдасканалення.

Аднак сёння, калі кажуць пра сплыванне з Беларусі «мазгоў» ці «рук», чамусці выпускаюць з поля зроку музыкаў. І не толькі выканаўцаў папулярнага жанру. На памяці выпадак, калі пасля выступленняў у Бразіліі там вырашылі застацца адразу некалькі ўдзельнікаў беларускага сімфанічнага аркестру. Трэба думаць, не самых горшых. У Лондане жыве і працуе некалі вядучы джазавы піяніст Беларусі Андрэй Пыталеў. Віктар Смольскі, Аляксандр Растопчын, Алег «Джагер» Мінакоў, Юрый Лукашэвіч, Зміцер Яўтуховіч, Наталля Арцёмава, Ілля Шэўчык, Леанід Гурвіч, Юрый Багаткевіч — ігэта далёка не поўны спіс выканаўцаў толькі папулярнай музыкі, хто жыве і працуе за мяжой, хто пераадолеў статус музычнага гастарбайтэра і зарабляе на жыццё там дзякуючы прафесіі.

Што ў сённяшняй Беларусі, на жаль, могуць дазволіць сабе толькі нямногія…

І на развітанне з 2011 годам песня ў выкананні Веранікі Кругловай, якая жыве ў Берліне, але, на шчасце, часта завітвае на радзіму… Супольны музычны прает Ave Maria».

31 декабря 2011

Теги:

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі