+375 17 209-48-04

info@zapraudu.info

Дзвюхгаловая прапаганда Нацыянальнай музычнай прэміі

Птушка з дзвюма галовамі — дзіўная істота. Бо такое ўражанне, што часам адна галава не разумее таго, што наважваецца зрабіць другая. Гэта калі меркаваць па суседняй краіне. А калі меркаваць па айчыннаму жыццю, дык тут многае выглядае ледзь не карыкатурна. Хоць і не заўсёды па-сапраўднаму смешна…

Дзве падзеі звярнулі на сябе ўвагу на гэтым тыдні. Гэта з’яўленне спісу намінантаў Нацыянальнай прэміі ў галіне эстраднага мастацтва і канцэрт памяці памерлай год таму рок-спявачкі і журналісткі Вольгі Самусік. Здавалася б, што можа быць агульнага ў гэтых падзеях? Мне падалося — ёсць!

Са спісам намінантаў вось якая «пятрушка» атрымалася. Ад самага пачатку было зразумела, што шанцаў трапіць у іх прадстаўнікам альтэрнатыўных (мякка сказана) напрамкаў музыкі амаль няма. Гэта калі зыходзіць са стаўлення да іх афіцыйных СМІ (тэлеканал СТВ — адзін з арганізатараў прэміі). Аднак пры гэтым тыя арганізатары папярэдне заяўлялі, што музыкі самі павінны дасылаць заяўкі на ўдзел у вызначэнні лепшых па выніках 2011 году. І на маё пытанне на прэс-канферэнцыі, ці можа група «Ляпис Трубецкой» прэтэндаваць на перамогу ў намінацыі «Лепшы гастрольны тур», я пачуў, што калі група дашле заяўку, яна будзе разглядацца нараўне з іншымі. Як і заяўка паэта-песенніка Ўладзіміра Някляева. Пры гэтым арганізатары прызналіся, што зрабілі выключэнне для пары-тройкі знакавых у айчыннай эстрадзе асоб з-за іх агульнага ўнёску у гэтае мастацтва.

Дык вось, аказалася, што гэта, мякка кажучы, не зусім адпавядае праўдзе. Бо самі арганізатары не вытрымалі рэгламент. Прыклады? Калі ласка.

Група «Тройца» фігуруе ў дзвюх намінацыях: «Лепшая музычная група» і «Лепшы альбом году». Тым не менш, удзельнікі калектыву ніякіх заявак не падавалі, гэта за іх зрабілі арганізатары цырымоніі.

Група «Atlantica» значыцца сярод прэтэндэнтаў на перамогу ў намінацыі «Прыз глядацкіх сімпатый», але яна таксама ніякай заяўкі не падавала.

Тая ж сітуацыя з намінацыямі «Лепшы журналіст (музычны крытык)», у якую не па сваёй волі трапіла Т.Заміроўская, «Лепшы прадусар» (А.Багданаў), «Лепшая пастаноўка нумару» («Серебряная свадьба»).

Не выключаю, што і гэта няпоўны спіс тых, каго «без мяне мяне жанілі».

Чым тое было выклікана? Магу толькі здагадвацца. Версія такая: у пэўны момант арганізатары ўбачылі, што спіс ахвочых удзельнічаць у размеркаванні прызоў (дарэчы, пераможца ў кожнай намінацыі атрымае, калі не памыляюся, 3 660 000 руб.), мякка кажучы, мала прэзентабельны і дастаткова аднабокі. А таму і вырашылі часткова разбавіць яго за кошт выканаўцаў, чыў аўтарытэт не падлягае сумненням («Тройца», «Atlantica», «Серебряная свадьба»), і прадстаўнікоў, так бы мовіць, нефармальнай сцэны («S`unduk», зноў жа «Серебряная свадьба» і яе прадусар А.Багданаў).

Пайсьці далей і гэтым жа адміністратыўным шляхам далучыць прадстаўнікоў тых самых «чорных спісаў», зразумела, не адважыліся. Бо, згадзіцеся, тур па малых гарадах Беларусі Нацыянальнага аркестра п/к М.Фінберга наўрад ці здольны канкураваць з турам групы «Ляпис Трубецкой» у падтрымку альбому «Весёлые картинки» па вялікіх гарадах Еўропы (Варшава, Берлін, Вільня, Масква, Кіеў). Дый суседства ў адной намінацыі груп «Тяни-Толкай» і «Тройца» выглядае, прабачце, проста камічна: надта ж розныя «вагавыя катэгорыі».

Інакш кажучы, у справе адбору і вызначэньня намінантаў Нацыянальнай музычнай прэміі дзве галавы — Міністэрства культуры і тэлеканал СТВ — дзейнічалі неяк няўзгоднена, калі хочаце…

І заяўленні адносна таго, што яны не дзеляць выканаўцаў на «сваіх» і «чужых», выглядаюць галаслоўна. Бо практыка сведчыць нешта зусім адваротнае. Гэта я пра канцэрт памяці Вольгі Самусік, у якім планаваў узяць удзел лідэр групы «Нейро дюбель» Аляксандр Кулінковіч. І што атрымалася?

«Мне ясна далі зразумець: калі я нават проста вырашу выйсці на сцэну без гурта, канцэрт можа не адбыцца, а клубу пагражае закрыццё. Мне вельмі прыкра з гэтай нагоды, бо Вольга была маёй калегай і сяброўкай, а я нават слова пра яе не магу сказаць. Адчуваю сябе жудасна зняважаным», — заявіў Аляксандр у інтэрв’ю сайту «Тузін гітоў».

Дык, прабачце, якая ў такіх умовах можа быць Нацыянальная музычная прэмія? Ці можна ўявіць сабе цырымонію ГРЭМІ ў ЗША, калі са спісу прэтэндэнтаў на перамогу па нейкіх невядомых прычынах, згодна з існаваннем нейкіх невядома кім складзеных спісаў, не патрапілі некаторыя выканаўцы? Абсурд!

Абсурд для цывілізаваных краін. І рэальнасць — для Беларусі. У якой дзве драпежныя галавы глядзяць у розныя бакі, і кожная робіць тое, што лічыць патрэбным. Але праўды няма ні ў той, ні ў другой.

Аніяк не аспрэчваю таго, што ў галіне папулярнай музыкі Беларусь павінна мець уласную нацыянальную прэмію. Але праводзіць цырымонію згодна з тымі прынцыпамі, якія існуюць у краіне сёння, — гэта блюзнерства.

І хацелася б, каб хоць нехта з намінантаў так і не з’явіўся ў зале 13 снежня. Бо нават удзел у такім «шоў» — чын не варты ўхвалення. Я так думаю…

У асяроддзі музыкаў гэта завецца «фанерай».

Музыка: «Тры янгалы», група «Этна-трыо «Тройца».

10 декабря 2011

Теги:

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Поход к избирателям. Олег Квятинский, кандидат в депутаты Витебского горсовета