+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Братка Васіль

19 чэрвеня споўнілася 90 год са дня нараджэння Васіля Быкава. У гэтыя дні пра аднаго з найвялікшых беларускіх пісьменнікаў будуць успамінаць яго родныя і сябры, верныя чытачы. Але нямногія сёння могуць казаць, што ведалі Васіля Уладзіміравіча ўсё сваё і ягонае жыццё. Дакладней, толькі адзін чалавек можа тое казаць.

 

Гэта родная сястра пісьменніка Валянціна Уладзіміраўна Быкава. Зараз яна жыве ў вёсцы Ваўчо Ушацкага раёна. На два гады маладзейшая за свайго Васіля, яна распавядае пра брата. Рэдакцыя адмыслова захоўвае моўную стылістыку арыгінала.

***

— Нарадзілісь і я, і Васіль, і малодшы наш брат Мікола яшчэ ў старой хаце — яна была праз вуліцу, на прыгорачку. Адзін пакой там быў. Тут жа жыла бабушка сляпая — мамінага першага мужыка матка. Той мужык памёр, і мама ў другі раз выйшла ўжо за нашага бацьку. Памятаю, мама пойдзе куды-небудзь па рабоце, а мы з Васілём дурэем — бегаем і венікам махаем па бабцы, дык яна на нас лаецца. А ў нас ахвота яшчэ большая — падскочым і зноў па койцы венікам бах-бах. (Смяецца.) Бабушка крычыць, а нам цікава…

Мы з Васілём не біліся — толькі, бывала, пабрэшам троху. Памятаю, я дала яму мянушку “воўк”, а ён мне — “свіння”. Неяк-та хварэлі мы на кор, тыдзень, мусіць, у школу не хадзілі. І калі бацькоў не было ў хаце, пачалі біцца, але трошку. Васіль бегаець па сваёй койцы і крычыць на мяне: “Свіння! Свіння!” А я ў адказ: “Воўк! Воўк!” Тады ён кіне на мяне чым-небудзь — трапкай якой ці адзіялам.

Ці, памятаю, была ў нас сажалка на агародзе, бальшая такая сажалка, глыбакаватая. Мы плаваць хацелі навучыцца — збярэмся некалькі дзяўчат і пойдзем на сажалку. Аднойчы толькі распранулісь і ўлезлі ў тую лужыну, як прыбеглі Васіль і яшчэ тры ці чатыры мальцы, пахваталі нашу адзёжу і ўцяклі. А мы, голыя, засталіся ў той сажалцы! (Смяецца.) Вылезлі, адзёжы няма, ну што нам робіць? Але добра, што недалёка мая хата. Мы з Надзяй, маёй стрыечнай сястрой, па кустах галяком дадому і прыбеглі. А-ай, прыбегла я ды хутчэй на печ — халодна мне стала. Ляжу і галашу:

— Купацца пайшлі, а мальцы прыляцелі, адзёжу нашу пахваталі!

Як бацька пачуў пра тое, дык спытаў:

— А хто?

— Васіль наш, а яшчэ Валодзя, Коля…

— Ага, — гаворыць бацька. — Дык дам яму за гэткае дзела, баню яму зраблю!

Узяў Васіля за руку і рамнём яго некалькі разоў па жопе, па жопе.

— Во, — гаворыць, — за гэта. Навошта гэта трэба было? Яны ж голыя, ім жа халодна было…

Але ж бацька ні раней, ні пасля таго ні Васіля, ні мяне больш ніколі не біў, ніколі больш Васіля пальцам не зачапіў, нават не лаяўся ніколі. І мама ніколі не павышала на нас голас, нават калі мы дурэлі. Бацька толькі скажа: “Не дурэйце”. Ай, вечны ім пакой… Але і Васіль пасля таго нічога падобнага больш не рабіў.

***

Васіль жа больш з мальцамі гуляў. Яшчэ малыя, яны любілі збірацца і ў лесе ў вайну гуляць. Самі зброю сабе рабілі — ружжа ўсялякія, драўляныя аўтаматы, гранаты. Але яшчэ Васіль любіў рыбу вудзіць. І так ён любіў тое Белякоўскае возера! Ну страшэнна! Аднак ні вудаў, ні кручкоў у той час не была, дык Васіль сам рабіў. Бывала папросіць бацьку, і ён тады хвост у каня адрэжа, і Васіль з таго конскага воласу вуду саўець, сам кручок зробіць з нейкай жалязякі, але, канешне, зноў жа бацька яму дапамагаў.

Яшчэ на лыжах любіў катацца і сам жа тыя лыжы рабіў. Іх не было за што купіць да вайны. Дык Васіль папросіць бацьку, каб ён нейкую палку з лесу прынёс… І канькі нават сам рабіў, драўляныя. Толькі папросіць у бацькі якую-небудзь жалязёнку, падаб’ець знізу і атрымаюцца ў яго сапраўдныя канькі! Прывяжа — так і катаецца.

Зрэшты гуляць Васіль любіў да таго часу, пакуль яшчэ ў трэці клас хадзіў. А як падрос, дык болей ужо кніжкі чытаў. Ён жа рана палюбіў тыя кніжкі. Спачатку, калі яшчэ чытаць не ўмеў, бацька яму чытаў, а пасля і сам навучыўся. І ў школу пайшоў, калі толькі шэсць год было — так хацеў вучыцца! Колькі разоў прасіў бацьку адвесці яго ў школу, каб пасядзець там. Так і гаварыў: “Хачу вучыцца”. А ў нас у вёсцы, у той хаце, дзе другі наш брат пасля жыў, Мікола, змяшчалась пачатковая школа: два класы — першы і другі. І вось аднойчы бацька завёў Васіля ў гэтую школу. Яму там спадабалась, дык ён пачаў вучыцца…

Васіль ужо тады маляваць вельмі любіў. І так добра маляваў! Памятаю, аднойчы Троцкі, наш настаўнік, на ўроку малявання паставіў аднаго вучня, Івана Паршонка, на табурэтку, каб увесь клас маляваў яго… Пасля, калі прыйшлі дадому, я вырашыла паглядзець, як там у Васіля Іван выйшаў. Гля-джу — стаіць бы жывы! Троцкі тады “выдатна” Васілю паставіў. Яшчэ памятаю, неяк-та нарысаваў ён маслянымі краскамі партрэт Леніна на палатне, якое ў мамы папрасіў. Уж дзе ён купіў тых красак? Мусіць, у краме ў Кублічах. Ленін у яго атрымаўся, як жывы! Як гэтыя фабрычныя малявалі. І парадачны такі партрэт атрымаўся. Васіль тады наказаў, каб павесілі ў хаце на сцяну. Так і зрабілі, мама радая была, хаця абразы не знімала. Але перад самай вайной бацька, гэты партрэт недзе схаваў, немцаў баяўся. І так ён і знік — закапаў бацька, ці што…

***

У школе ён рэдактарам сценгазеты быў. Тую сценгазету, бывала, павесяць у карыдоры, дык усе вучні стаяць і чытаюць. І ўжо ў той час пісаць пачаў. Як хадзіў у малодшыя класы, я знайшла ў яго сшытак, у якім нейкае апавяданне было. Я ж, малая, любапытная была! (Смяецца.) Гляджу: нешта Васіль піша і піша. Думаю: што ж ён піша? Ён жа нічога мне не паказваў. Думаю: ай, вазьму пачытаю! І вось той сшытак ён добра не схаваў, а я знайшла і прачытала. Праўда, ужо забылася, пра што ён там пісаў. Толькі памятаю, што неяк літаратурна напісана было, спрытна і складана, усё роўна, як у кніжцы, цэлы сшытак напісаў. Я б так не змагла. Я яшчэ падумала: ой-ой, можа, спісаў адкуль? А пасля не, думаю, мусіць, сам напісаў, мусіць, аповесць, дзе-небудзь надрукуюць. Але не памятаю, ці пасылаў Васіль яе куды… Таму я троху здагадвалася, што Васіль можа пісаць… Ён жа і вершы спрабаваў пісаць. Але мне таксама нічога не паказваў, толькі даслаў іх у газету “Піянер Беларусі”. Аднак нешта не атрымалась у яго з тымі вершамі: ці ацэнку ім далі нядобрую, ці што, але нешта не ацанілі яго тады. Дык ён і кінуў пісаць тыя вершы.

Але яшчэ дзённік вёў, як у школу хадзіў. І таксама мне не паказваў. Ён такі быў скрытны, не паказваў мне нічога! Але ж я таксама падглядзела! (Смяецца.) Ён жа далёка той дзённік не хаваў. Дык я пачну шукаць і ўсё роўна знайду!.. Памятаю, дата там была нейкая і апісанне, што з ім у школе было. Яшчэ было напісана пра адну дзяўчыну — ужо дзяўчына яму нейкая спадабалася! Але там былі толькі адны першыя буквіны ад імя і прозвішча: “Н.К.” — Надзя Кананок яе звалі. Я пасля расказала пра тое сваёй стрыечнай сястры: у Васіля, кажу, ужо ўхажорка ёсць! (Смяецца.) Мы ж маладыя былі, дурныя… І вось аднойчы Васіль сядзіць за сталом і нешта піша, а мы з-за печкі выпрастаем галовы і драж-німся: “Васіль-ка — На-Ка”. А Васіль гляне на нас строга, і мы тут жа схаваемся! (Смяецца.) Яны з той Надзяй у адным класе вучыліся, мусіць, у восьмым…

Але нікуды ж не хадзіў. Хлопцы прыйдуць — паклічуць на вечарынку, на танцы (у вёсцы гарманіст быў), а Васіль кажа: “Лепш я кнігу пачытаю”. Ён пастаянна прыносіў кнігі са школьнай бібліятэкі, цэлы гурт! Ну я таксама пераглядаю — мне ж цікава. Бывала, прыйдзе са школы, мама паставіць яму есці на стол, а ў яго з аднаго боку тутка лыжка, а ў другой руцэ — кніжка: глядзіць у кніжку, есць і кніжку чытае. Бацька скажа:

— Ты б, сынок, хоць пад’еў, тады б чытаў.

— А мне некалі!

Ці зімой ужо ляжам спаць, а Васіль лямпу запаліць (лямпа, такая вісучая, на кірасіне была) і да поўначы сядзіць — чытае. І ўрокі амаль ніколі не вучыў. Я яшчэ здзіўлялася:

— Вася, а калі ты урокі будзеш вучыць?

— Ай, я ўсё ведаю!

І сапраўды ўсё ведаў, хаця і не вучыў — толькі кніжкі чытаў.

***

А ўжо перад вайной паехаў Васіль ад нас вучыцца — спачатку ў Віцебскае мастацкае вучылішча, а пасля — ужо ў ФЗВ, а потым вайна пачалася. І ўсю вайну мы не бачылі яго, не ведалі, дзе ён. Дзе ж ты ў вайну тыя лісты атрымаеш! Божа мой, Божа. Усю вайну бацька і мама плакалі ўвесь час, а-ай! І бацька плакаў, ён жаласны быў. Бывала, сядзе есці, перахрысціцца, “Отча наш” праізнясе — бацька быў набожны, мама таксама, але менш — і тады ўспамінае: «Дзе ж наш сыночак?» А пасля пачне плакаць: «Можа, ён, бедненькі, галодненькі, можа, яго на свеце няма».

І сядзяць яны з мамай і разам плачуць… Я дык яшчэ маладая была, мне брата, канешне, было шкада, але, вядома, у галаве яшчэ маладосць была. І колькі мама тады варажыла… Да нас жа ў вёску неаднойчы цыгане ў вайну прыязджалі, цэлы табар, нават у нас у хаце спынялісь. Так мама прасіла на картах паглядзець, ці жывы Васіль. І ні разу — колькі разоў мама пасля ўспамінала — ніколі ёй не сказалі, што пагіб наш Васіль. Гаварылі: ён у вельмі дрэнным стане, пры такой чарнаце, але жывы, вернецца. Дык мама з бацькам верылі, усё надзеяй жылі…

 

Хаця, як пасля мы дазналіся, лісты Васіль усю вайну пісаў, але яны не даходзілі, пакуль яшчэ фронт у нас стаяў. А як фронт ужо перайшоў, як Ушацкі раён асвабадзілі, тады толькі пачалі атрымліваць тыя лісты. Першы мама атрымала. Тады якраз калгас зноў арганізаваўся, і мама на лузе сена грабіла. У той час паштальёнка і прынесла ліст ад Васіля. Мама ледзь не абдушылася — яна ж няграматная была, дык пабегла з тым лістом дадому, каб бацька хутчэй прачытаў… Васіль жа тады пісаў: не ведаю, не спадзяюся — ці жывыя вы ёсць, ці няма вас нікога, колькі я лістоў адправіў, але адказу няма, не ведаю, можа, і вашай вёскі ўжо няма, можа, немцы расстралялі, землякі, хто жывы, адзавіцеся… Як прачыталі мы той ліст, дык так ужо былі рады, так плакалі, ай!

А пасля ўжо пахаронка прыйшла. Гэта я яе ўжо атрымала. Як глянула — не Васілёў почырк, і канверт казённы, і надрукавана, што гэта “извещение”. Ой, я на двары тады адна была, бацькі з маткай не было, а-ай, я адразу зразумела, што гэта пахаронка! “Ваш сын и брат лейтенант Быков Василий Владимирович погиб смертью храбрых и похоронен под Кировоградом, в деревне Северинка”. О-ой, сцямнела ў мяне ў вачах, не ведаю, што і рабіць? Казаць маме з бацькам ці не казаць? І сама стаю… А тады пагля-дзела ўніз на дату — не, ліст, што мы напярэдадні атрымалі, Васіль пазней напісаў. Памылка нейкая, думаю, вышла, жывы наш Васіль. Тады я троху супакоілася, але ўсё роўна расстроілася. І толькі затым паказала тую пахаронку маме і бацьку. Ай мы плакалі тады, ай плакалі…

***

Ужо калі Васiль з вайны вярнуўся, дык мала пра што распавядаў, не любіў. Ён і пра жыццё сваё не дужа расказваў. Калі бацька пачне што распытваць, дык тое-сёе распавядзе, але не падрабязна. Памятаю, аднойчы, калі ўжо жыў у Гродна, прыехаў да нас нават на цэлы тыдзень, мне яшчэ сена дапамагаў варочаць. Дык тады троху расказаў, як яго ранілі пад Кіраваградам, але ўжо пасля таго, як я спытала, як гэта з пахаронкай атрымалась.

Я сама стала болей ведаць пра Васіля, калі прачытала ягоную “Доўгую дарогу дадому”. І пра тое, як яго лаялі, калі былі надрукаваны ягоныя аповесці “Мёртвым не баліць” і “Круглянскі мост”, даведалася не ад самаго Васіля, ад людзей, якія граматныя былі. Мне так непрыемна тое была, я нават плакала. Сам жа Васіль не дужа любіў пра тое расказваць. Толькі калі спытаю: “Ці так?” — тады адкажа: “Так”. А болей нічога і не гаварыў. Гэта я цяпер, калі прачытала “Доўгую дарогу…”, зразумела: дык вось у чым справа была…

***

Ужо калі Васіль за мяжой жыў, увесь час тэлефанаваў — усё пытаўся: як ваша здаровейка? Як Мікола?.. Пасля пераехаў у Берлін, затым — у Франкфурт-на-Майне. Адтуль ужо пісаў, што кварціру ім з Ірынай Міхайлаўнай далі ў ціхім завулку, пітанне добрае, абы толькі грошы былі. Усё добра, пісаў, але дрэнна, што ўсё далей на Захад, ад Радзімы…

Мяне ў той час нават бэнээфаўкай называлі, не ўсе, праўда. Але я Васілю пра тое не распавядала. Думала: нашто яму? Толькі Барадуліну расказала… Наогул кажучы, як кніжкі Васілёвы перасталі друкаваць, я адразу зразумела, у чым справа. Я тады ўжо “Народную волю” пачала выпісваць, і Васіль, калі прыязджаў, заўсёды смяяўся: “Ай, сястрычка, ты мая паліцікантка!” (Смяецца.)

 

***

Ужо калі яны з Ірынай Міхайлаўнай у Прагу пераехалі, цяжка грыпам захварэлі, а пасля зноў — на Каляды. Памятаю, доўга чакала ліста ад яго, а пасля Калядаў Васіль піша: цяжка хварэлі грыпам, амаль ачухаўся. У лютым ужо патэлефанаваў. Перад Восьмым сакавіка зноў:

— Сястрыца, — кажа, — я захварэў.

І голас такі змяніўшыся.

— А што, мой браток, у цябе? — пытаюся. — Грып зноў адкінуў?

— Не, з грыпа я вычыпаўся. Нешта ў жываце мне стала балець.

— А, — кажу, — можа, што, браток, з’еў плахое?

— Не, не ад ежы. Так… Ну нічога-нічога, буду хадзіць у бальніцу, трэба аналізы паздаваць.

Усё мяне суцяшаў. А пасля няма ад яго званка і няма, месяц праходзіць — і ўсё няма. Я ўжо захвалявалась, а тады ўжо ў “Народнай волi” прачытала, што Васіль апынуўся ў шпіталі і яму зрабілі цяжкую аперацыю, але нічога — благапалучна ўсё скончылася, усё абышлося, дзён праз дзесяць павінен выпісацца. Я тады дужа расстроілася. А, мусіць, праз тыдзень тэлефануе Ірына Міхайлаўна, праўда, са мной не гаварыла (у мяне тэлефона няма) — суседцы казала: перадайце Валі, што з Васілём усё добра, ён ужо падымаецца, па палаце ходзіць, хай Валя не хвалюецца… Ну я ўжо і радзенька стала, ужо жду-пажду. Але званка зноў няма і няма. А тады праз два тыдні Васіль выпісаўся і сам мне тэлефануе:

— Ну, мая сястрыца, я ўжо дома, выпісалі мяне.

— Ну як ты, мой браток? Ці лепей табе?

— Ну лепей, троху лепей. Але вельмі марудна адхажу, вельмі марудна.

— А ты, браток, старайся, каб усё добра, мёд купляй.

— А ў мяне паўно мёда, ды яшчэ Ірына цягае розныя сокі, каб я піў… Ну нічога-нічога, як-небудзь.

У другі раз Васіль мне патэлефанаваў, мусіць, праз месяц, у маі, як у Мінск прыехаў…

Але вось ужо надышло і 19 чэрвеня. Думаю: зноў павінен патэлефанаваць. І якраз увечары па тэлевізары паведамілі, што ў Васіля сёння дзень нараджэння, але, на жаль, сустракаць яго яму прыходзіцца ў бальніцы ў Бараўлянах… Як дыктар сказаў: Бараўляны (плача), дык я амаль не звалілася з крэсла — адразу-адразу мне дала ў грудзі, я адразу зразумела, што дрэнная ў яго хвароба… (Плача.) Заплакала, пабегла да суседзяў, але тыя меня супакоілі: не плач, гавораць, можа, там яго толькі абследуюць, там жа ўсялякія хваробы лечаць. Я трохі супакоілась: можа, і праўда…

А 23-га я яшчэ спала раніцай, прычым і спала-та добра ў тую ноч, хаця дасюль і заснуць не магла, і ўжо развіднелася неяк-та, як чую, што нехта стукае ў вакно. Ой, думаю, а чаго? Хто ка мне павінен прыйці? Можа, суседка. Яна кліча, калі Васіль тэлефануе, але ён ніколі ў такую рань мне не тэлефанаваў — ці сярод дня, ці пад вечар. Пакуль я ўстала, чую, як нехта ўжо перабег і ў дзверы ў карыдоры грукае. Ой, я яшчэ падумала: ну нешта трывожнае, мяне аж прама скаланула, як усё роўна адчула… Выбягаю, адкрываю дзверы, а сусед — у яго тэлефон ёсць — кажа: “Васіль памёр”. Я яшчэ пераспытала: “Які Васіль?” Так спужалася… А тады да мяне дайшло — братка! А-ай! Сусед пабег, а я тут жа аб зямлю… (Плача.) Як стаяла — тут жа і павалілась, і як стала аб зямельку біцца, крычаць, адна ж я дома… Уж я галасіла-крычала… Тады, праўда, пачула суседка — прыбегла:

— Ай, чаго ты, Валечка? Чаго ты крычыш?

Я кажу:

— Васіль памёр.

(Плача.) Яна троху супакоіла мяне. Ай, усё роўна… Суседка пайшла, а я два дні, два дзянёчкі галасіла… (Плача.) Галашу-галашу ў хаце, а тады выйду на двор і галашу ўжо на двары… (Плача.) Думаю: людзі, можа, чуюць, а мне ўсё роўна, не баялася — няхай, думаю, чуюць… Прыбяжыць суседка — супакоіць мяне, прыйдзе сусед — таксама супакоіць, а я потым зноў абаб’юся…

Пасля ўжо пачала думаць: а як жа мне да Мінска дабрацца, каб пахаваць? Добра, што Барадулін патэлефанаваў, паведаміў, што хаваць будуць у сераду. Ай-ай, думаю, а як жа мне дажыць да серады?! А я ж не вытрымаю… Ну тады троху абабілася, супакоілась. Але спаць усё роўна не магла… Таблетак наглытаюся… І як ужо дажыла — я і не ведаю…

 Сяргей ШАПРАН,     «Салідарнасць»

19 июня 2014

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі