+375 17 209-48-04

info@zapraudu.info

«Еўрабачанне»: паўторны заплыў «Еўрафеста»

Філасофія даводзіць, што двойчы ўвайсці ў адну й тую раку немагчыма. Практыка, аднак, сцвярджае, што такая сітуацыя цалкам рэальная. Адбор будучага ўдзельніка конкурсу «Еўрабачанне» ад Беларусі сёлета зноў адбудзецца праз нацыянальны конкурс «Еўрафест» на чале з Аляксандрам Ціхановічам.

Можна па-рознаму ставіцца да «Еўрабачання», аднак ігнараваць гэты конкурс як факт немагчыма.

Мая асабістая пазіцыя, бадай, агульнавядомая. Мне нарэшце перасталі званіць калегі з просьбай пракаментаваць вынікі конкурсу, таму што яны ведаюць: я фінальныя праграмы проста не гляджу. «Еўрабачанне» мяне не цікавіць ужо хоць бы таму, што гэта найперш чыста камерцыйнае тэлевізійнае шоў, дзе музыка — усяго толькі нагода. Галоўнае там — «карцінка», на якую, уласна, усё і працуе…

Нагадаю, што два апошнія гады кандыдатура беларускага прэтэндэнта на перамогу ў гэтым конкурсе вызначалася тэлеканалам АНТ. Пры гэтым якога-небудзь хоць бы сімвалічнага нацыянальнага адбору проста не было. Аднекуль з агульнай невядомасці выплывалі «артысты», якія пасля правалу гэтак жа чарадзейна знікалі.

Аднак у Еўрапейскім вяшчальным саюзе (ЕВС) ад Беларусі з усіх тэлеканалаў прадстаўлена толькі Белтэлерадыёкампанія, а таму атрымлівалася, што канал АНТ, вобразна кажучы, усё адно дзейнічаў пад яе «дахам». Сітуацыя, згадзіцеся, дзіўнаватая, калі не абсурдная.

«Еўрафест» тым часам, выпрацаваўшы правілы правядзення нацыянальнага адборачнага туру, праводзіў іх больш-менш празрыста, хоць і не бясспрэчна. Скандальчыкі здараліся, але падчас падобных конкурсаў, дзе амбіцыі спаборнічаюць паміж сабой не з меншай зацятасцю, чым уласна выканальніцкае майстэрства, — рэч звычайная. Усё ж атрымаць магчымасць прадстаўляць краіну перад вачыма ўсяго кантыненту — выдатная нагода для атрымання вядомасці па-за межамі краіны, дзе беларускім выканаўцам папулярнага жанру, па вялікаму рахунку, нічога «не свеціць». Проматуры, дзесяцідзённы фінальны марафон у гэтым сэнсе даюць куды больш, чым добры дзесятак гадоў працы ў межах радзімы.

Такім чынам, кіраўніцтва «Еўрафесту» сёлета прадэкларавала дэмакратычны і празрысты адбор. Кожны жадаючы — выканаўца ці кампазітар — мае магчымасць запоўніць форму заяўкі і даслаць яе разам з дэма-матэрыяламі на адрас «Еўрафесту». Прымаюцца яны сёлета да 25 лістапада, праслухванне дасланых матэрыялаў адбудзецца ў першай палове снежня, у выніку чаго будуць вызначаны 15 паўфіналістаў. А ў фінале конкурсу, які будзе паказаны ў жывым эфіры, выступяць не больш за 5 кандыдатаў. Пераможца будзе вызначаны шляхам галасавання тэлегледачоў і журы.

Прадусар «Еўрафесту» Дзмітрый Баранаў расказаў, што сярод ахвочых паўдзельнічаць у нацыянальным адборы была і жанчына 60 гадоў, якая проста прыйшла на тэлебачанне, дзе ёй патлумачылі, як яна павінна дзейнічаць. Выказаў жаданне абараняць папсовы гонар Беларусі і грамадзянін Лівана Элай. І вось тут ужо ўзнікла першая інтрыга.

Справа ў тым, што рэгламент «Еўрабачання» дазваляе грамадзяніну любой краіны — удзельніцы ЕВС выступаць за любую ж краіну. Прыкладам, летась беларуская група «Dali» выйшла ў фінал нацыянальнага туру Польшчы і заняла ганаровае 6 месца. Аднак кожная ж краіна мае права выпрацаваць уласныя правілы правядзення нацыянальнага адборачнага туру. І згодна з імі, Элай, які не мае ані беларускага грамадзянства, ані віду на жыхарства, удзельнічаць у «Еўрафесце» як выканаўца не можа. А вось як кампазітар — калі ласка.

Аляксандр Ціхановіч адзначыў, што аргкамітэт «Еўрафесту» ўжо атрымаў шмат песень з многіх еўрапейскіх краін, у тым ліку і Бельгіі. Я, прызнацца, адразу ж здагадаўся, хто ёсць бельгійскі аўтар. Гэта Алег «Джагер» Мінакоў, былы лідэр рок-групы «Рублёвая зона», які ўжо шмат гадоў жыве ў Бельгіі і сёлета нават заявіў, што гатовы выступіць на «Еўрабачанні» за Беларусь. Але ў яго, відаць, тыя ж самыя праблемы, што і ў Элая: Джагер даслаў толькі песні. Дарэчы, выжывае ён у Бельгіі выключна дзякуючы музыцы, дзе дастаткова вядомы і як кампазітар, і як выканаўца.

Калі ж вярнуцца да сістэмы галасавання ў фінале «Еўрафесту», дык нельга не адзначыць, што гэты пункт — найбольш спрэчны ва ўсёй працэдуры. Добра памятаю, колькі падчас першых «Еўрафестаў» было скаргаў тэлегледачоў, што яны так і не здолелі дазваніцца, каб аддаць голас за свайго фаварыта. Шматканальныя тэлефонныя лініі не спраўляліся з нагрузкамі, галасаванне, бывала, проста захлыналася. Да таго ж, густы масавай аўдыторыі — субстанцыя вельмі зменлівая, каб разлічваць хоць на нейкую аб’ектыўнасць.

Галасаванне праз журы — другі канец той самай палкі. Бо з верагоднасцю працэнтаў на 50 можна загадзя назваць ягоны склад. І напэўна ў складзе журы будзе нямала людзей, падуладных, так бы мовіць, цэхавым інтарэсам. То бок, галасаваць яны будуць, хутчэй за ўсё, зыходзячы не з прафесійных крытэрыяў, а паводле асабістых сімпатый. Да чаго гэта можа прывесці — здагадацца, відаць, нескладана…

«Дзе ж выйсце, што вы можаце прапанаваць?» — напэўна спытаюцца тут у мяне многія. Паспрабую адказаць. Калі ёсць жаданне, глядзіце «Еўрафест», а пасля, у траўні 2012 году, і сам фінал «Еўрабачання». Галасуйце на здароўе, як захочаце, спрачайцеся на форумах і даводзьце, што арганізатары «Еўрафесту» зноў нешта накруцілі з беларускім прэтэндэнтам, што песня ніякая, што выканаўца не «цягне»… Рабіце, што захочацца! Але пры гэтым, калі ласка, памятайце: усё гэта — найперш тэлевізійнае шоў, у дачыненні да якога псаваць нервовыя клеткі ўсё ж не варта.

Музычная ілюстрацыя: Алег «Джагер» Мінакоў — «Дзень бяз чар тваіх»

Дзмітрый Падбярэзскі

25 ноября 2011

Теги:

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Поход к избирателям. Олег Квятинский, кандидат в депутаты Витебского горсовета