+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Гарадок: мясцовыя дэпутаты расчаравалі «Гавары праўду»

Нам ужо нельга пляскаць у далоні, збірацца больш за трох, запальваць знічкі ды маліцца ля касцёлаў і цэркваў. Дзякуй «роднаму» кіраўніцтву! Але ж яшчэ зрэдку дазваляецца  ўбачыць на свае вочы шоу пад назвай сесія дэпутатаў райсавета. 

На гэты раз «пашчасціла» нашаму гарадоцкаму актывісту Леаніду Аўтухову. Яму «міласціва» дазволілі папрысутнічаць на 16-й сесіі раённага Савета дэпутатаў, якая адбылася 26 снежня бягучага года.

Месцам гэтага дзейства была абрана вялікая зала пасяджэнняў у будынку райвыканкама. З 31 дэпутата прысутнічала 26 чалавек. Сесію ў якасці «спікера» вёў намеснік старшыні райсавета Мурашкевіч Аляксандр Андрэевіч, які ў перапынках паміж «напружанай» дэпутацкай працай падрабляе начальнікам Гарадоцкага аддзела адукацыі. Сам старшыня райсавета за тыдзень да сесіі трапіў у ДТЗ і таму прысутніцаць на ёй у яго не было магчымасці.

Як і заведзена, спачатку абралі прэзідыум. Тут таксама ніякіх сюрпрызаў не здарылася. Туды ўвайшлі, акрамя Мурашкевіча, і «лепшыя людзі»: Мурэнкоў Васілій Мікалаевіч – старшыня райвыканкама і Ацясаў  Аляксандр Ягоравіч – старшыня Віцебскага аблсавета.

На разгляд чарговай сесіі было вынесена тры пытанні:

1) Справаздача за 11 месяцаў 2011 года.

2) Бюджэт раёна на 2012 год.

3) Праграма развіцця Гарадоцкага раёна на перыяд 2011-2015 гг.

Між іншым, дадзеная праграмма была прынята дэпутатамі адзінагалосна, без абмяркавання і без азнаямлення. Спаслаліся на цэлых 100 старонак тэксту ды што ў дакуменце «многа букваў».

Леанід Аўтухоў, які прысутнічаў на сесіі ад самага пачатку да яе заканчэння, так апісвае свае асабістыя ўражанні:

– Сесія працягвалася каля двух гадзін. Прысутнічалі таксамa і мясцовыя чыноўнікі (міліцыя, пракуратура, ваенкамат, кіраўнікі сельсаветаў, навучальных устаноў, кіраўнікі прадпрыемств). Агулам каля 50 чалавек плюс дэпутаты.

Выступалі: Мурэнкоў (старшыня райвыканкама), Бычак (начальнік эканамічнага аддзела райвыканкама), Варанько (намеснік старшыні райвыканкама).

У выступы запісалася 7 чалавек, але атрымалася выступіць толькі чатыром. Бо вядучы сказаў, што хопіць. З тых, хто выступіў, было тры старшыні сельсаветаў і дырэктар малаказавода. Усе – дэпутаты.

Пытанні прапанавалі перадаваць у сакратарыят пісьмова. Але ніводнага пытання так і не было задана.

Па-першаму пункту павесткі нам распавялі наступнае: за 11 месяцаў 2011 года Гарадоцкі раён выпусціў валавай прадукцыі 196,2% ад плану, аднак жылля ўведзена толькі 60% ад запланаванага, рэнтабельнасць вытворчасці – 0 %. Запазычанасць раёна ў гэты перыяд узрасла на 52%. Пры гэтым з вобласці, за 11 месяцаў  бягучага года, было выдаткавана 62 млрд. руб. дапамогі. З гэтага  выходзіць, што мы не зарабілі нават на хлеб. На 2012 год лічбы яшчэ жахлівей! З вобласці чакаюць 86 млрд. руб.

А вось якімі «вясёлкавымі» планамі падзялілася мясцовае кіраўніцтва з дэпутатамі: рост прамысловасці – 130% да 2011 года, рэнтабельнасць вытворчасці прамысловай прадукцыі ўзняць да 11%. Рост с/гаспадаркі ўзняць да 110,9% у параўнанні з 2011 годам пры рэнтабельнасці ў 3%.  Інвестыцый прыцягнуць на 2,5 млн. долараў ЗША. Але ж мне цікава, няўжо яны спадзяюцца, што знойдзецца які-небудзь дурань з-за мяжы?! А вось па жыллю планы больш сціплыя – 30% ад 2011 года.

На працягу ўсёй сэсіі з боку дэпутатаў не прагучала ніводнага пытання: ні пра канкрэтныя захады выйсця з крызісу, ні пра тое, як абараніць насельніцтва ад яго наступстваў, як дапамагчы сацыяльна неабароненым. Усе толькі рукі ўздымалі, як па загаду, «за», «за», «за»… Зразумела, што перада мной сядзелі прызначэнцы. Шмат хто з іх, склалася такое ўражанне, не разумелі нават, дзе яны і што ад іх хочуць. Ніводнага запыта пра прыняты бюджэт, які не толькі не дасць развіцця раёну, але нават пагоршыць становішча, якое і так нагадвае паваенныя часы: пустыя вёскі, шэры горад і толькі джыпы, таёты, волгі чыноўнікаў і міліцыя, міліцыя, міліцыя…

Напрыканцы выступіў Ацясаў, старшыня Віцебскага аблсавета. І зноў пустыя словы для такіх жа пустых адсутных твараў. Паслухаўшы яго, я зразумеў, што лукашызм трэба знішчаць неадкладна, пакуль ён не знішчыў Беларусь канчаткова!

27 декабря 2011

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Беларусь не только Минск»: форум регионального развития в Бобруйске