«Гавары праўду» супраць правацэнтрыстаў
«Правы цэнтар», у які ўваходзяць Аб’яднаная грамадзянская партыя, аргкамітэт дзеля стварэньня партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі і рух «За свабоду», прапанаваў усім дэмакратычным сілам Беларусі стварыць адзіны сьпіс дэмакратычных кандыдатаў на восеньскія выбары ў Палату прадстаўнікоў.
«У гэтай прапановы ёсьць і адваротны бок», — сказаў сёньня Свабодзе лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў:
«Сэнс сёлетняй выбарчай кампаніі — дайсьці да як мага большай колькасьці людзей. І што яшчэ важна, гэта можна зрабіць некалькі разоў.
Зыходзячы з нашага досьведу мінулагодняй прэзыдэнцкай кампаніі, магу сказаць: нішто так добра не працуе (тым больш у сытуацыі абмежаваных рэсурсаў) дзеля ўзьдзеяньня на выбарцаў, як тэлебачаньне.
Кандыдаты, якія зарэгіструюцца на парлямэнцкія выбары, будуць мець 5 хвілін на выступ і яшчэ плюс 7 хвілін, калі будуць адбывацца дэбаты. Таму, чым больш будзе людзей, якія будуць казаць пра неабходнасьць пераменаў і рэформаў, тым больш, умоўна кажучы, просты беларус будзе мець шанцаў пабачыць на дзяржаўным экране альтэрнатыўную думку».
«А адзіны сьпіс якраз і скрадзе ў дэмакратычных незалежных кандыдатаў гэтую ўнікальную магчымасьць праз тэлебачаньне дагрукацца да беларусаў», — падвёў вынік Дзьмітрыеў.
Адзін з лідараў кампаніі таксама падкрэсліў, што «Гавары праўду» ўжо даўно вызначылася, што мы за дыялёг і каардынацыю кандыдатаў, каб для вонкавага гледача выглядала, што ў альтэрнатывы шмат лідэраў, шмат розных твараў.
«Мы лічым гэта добрым. І таму сёньня ня бачым сэнсу ў тым, каб штучна абмяжоўваць колькасьць нашых кандыдатаў», падкрэсліў Дзьмітрыеў.
28 апреля 2016
Коментарии
Добавить комментарий
Вы должны быть авторизованы для комментирования.