+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Зацятая любоў-нянавісць

Яны ізноў замірыліся. Яны – гэта Расія-матухна ў мужчынскім абліччы тандэмакратаў і дачушка Беларусь у асобе яе першага прэзідэнта.

Замірыліся так, як і мусяць мірыцца маці і дачка, што звязаныя паміж сабою наймацнейшым пачуццём любові-нянавісці. Вось такая фрэйдысцкая гісторыя.

Некалі я быў знаёмы з адной кабетай, якая амаль у пяцідзесяцігадовым узросце літаральна трэслался ў істэрыцы і лаялася самымі брыдкімі словамі, калі ейная маці не хацела ёй нешта купляць. Я сам быў сведкам аднаго з такіх эпізодаў і тады падумаў, што кабета так сябе паводзіла з той прычыны, што была на падпітку (нешта мы тады разам святкавалі). Але пасля я даведаўся ад яе дачкі, што маці часцяком так тэрарызуе бабулю. Інфантылізм у пяцьдзясят гадоў!..

Да той пары (самому трохі за дваццаць было) я такого не страчаў, таму задаў дзяўчыне некалькі пытанняў наконт маладосці яе маці. Адказы я атрымаў кароткія і, як кажуць, “по существу”. Жанчыну проста разбэсцілі бацькі, выконваючы амаль кожны яе капрыз. А чаму яна была такой капрызнаю? Таму што маці жадала заўсёды прысутнічаць у яе жыцці – зразумела, што з самых альтруістычных матываў (у такіх выпадках маці менавіта так бароняць сваю пазіцыю). Сваімі дрэннымі паводзінамі маладзіца – магчыма, нават не ўсведамляючы таго, – хацела вырвацца з-пад матчынай апекі (бацька ў гэтай гісторыі быў адно пасярэднікам), а маці была ўпэўненая, што адпускаць дачку нельга, бо тая наробіць нечага яшчэ горшага.

Пасля дачка выйшла замуж, і маці, канечне, працягвала абазначаць сваю прысутнасць у яе лёсе, ды так настойліва, што дачка, змагаючыся з матчыным уплывам, сапсавала жыцце і мужу. Цікава, што чужы чалавек, які не ведаў усіх гэтых псіхалагічных тонкасцяў, не мог бы сказаць нічога кепскага ў бок старой: яна ж дапамагае маладым (а пасля і не вельмі маладым), прычым грашыма, а не парадамі – і чаго дачка з ёй яшчэ сварыцца (дарэчы, маці і сама заўсёды падкрэслівала факт такой дапамогі і лезла з ёй нават тады, калі ў гэтым не было неабходнасці).

Калі ж пакінуць гэты канткрэтны прыклад, то можно канстытаваць наступнае: горай за дэспатычнага бацьку толькі дэспатычная маці. Дэспатычны бацька прымушае сына ці дачку паводзіць так, як ён лічыць правільным, і канфлікт тут навідавоку: не выконваеш маіх патрабаванняў – пайшой (ці пайшла) вон з хаты. Дэспатычная маці дзейнічае іначай: яна толькі на словах патрабуе выканання нейкіх уласных загадаў, бо для яе галоўным выступае не выкананне дачкой (ці сынам) гэтых загадаў, а тое, каб яны бясконца знаходзіліся ў блізкім кантакце ў сувязі з загадамі ці без іх.

Для дэспатычнай маці выпадковая цяжарнасць незамужняй дачкі з яе рэакцыяй “Ах, што скажуць знаёмыя і суседзі!” – гэта той выпадак, калі яна зможа прадэманстраваць усё сваю ўладарнасць. Падыходзіць любы варыянт вырульвання з сітуацыі. Вырашае дачка рабіць аборт – маці сама шукае для гэтага лепшую клініку і ўвесь час, да аборту і пасля яго, дэманструе шчырую падтрымку. Вырашыла дачка раджаць – “Малайчына, я ўжо гатовая быць бабуляй. Не бядуй, што ён не хоча жаніцца, дзіця трохі падрасце – знойдзеш іншага. А хочаш, у бацькі сябар працуе ў абласной пракуратуры, мы прымусім гэтага вісуса ажаніцца з табою? Не хочаш?.. Ну, і правільна. Ай, ты мая дачушачка!..”

Дэспатычная маці не ўсталёўвае нормы паводзін дачкі, яна ўсталёўвае нормы адносін паміж сабой і дачкою, паводле якіх тая павінна адчуваць сябе крыху вінаватай перад маці і, адпаведна, удзячнай ёй. І зусім не важна, якія словы кажа дачка падчас спрэчак з маці. Ад даччыных абраз маці можа тэатральна схапіцца за галаву ці прыкласці далонь да цыцкі, за якой схавана сэрца, яна нават можа зараўці, што адрачэцца ад дачкі, калі тая яшчэ раз вымавіць нешта такое, але ўвесь гэты спектакль ёй неабходны толькі для замірэння, пасля якога яе ўлада над дачкою застанецца ўсё такой жа моцнай, калі шматкроць не ўзмацнее.

Зразумела, што наўпрост пераводзіць сямейныя дачыненні на дачыненні паміж краінамі нельга. Але я дазваляю сабе рабіць гэта на той падставе, што шматгадовае “газавае пытанне” не выглядае як пытанне, якое можна вырашыць у межах падпісаных пагадненняў. Пагадненні, нягледзячы на тое, што іх нехта падпісвае, самі па сабе не маюць псіхалагічных характарыстык. Мы ж у гэтых газпрамаўскіх і белтрансгазаўскіх трубах, насамрэч, маем не кубаметры паліва, якое каштуе нейкіе грошы, а пэўных асоб. Газ, дзякуючы кіраўніцтву Беларусі і Расіі, зрабіўся адушаўлёным. Менавіта таму мая аналогія не такая ўжо і нацягнутая (заўважу мімаходзь, што яшчэ гадоў сорак таму недурныя людзі знайшлі амаль непрыхаваную сувязь паміж фрэйдызмам і марксізмам, то бок паміж жаданнем і эканомікай).

Дык што ж рабіць у такой сітуацыі як дачцэ, так і краіне, калі ім ужо не хочацца цярпець такое становішча?

Аднойчы я рыхтаваў артыкул для педагагічнага зборніка і выказаў у ім наступную думку. Для таго, каб пазбегнуць такіх адносін з дэспатычнымі бацькамі (усё роўна, з маці ці бацькам), някепска было б узяць за ідэал сваіх паводзін “амерыканскую мару”. Ну, вось споўнілася, скажам, васямнаццаць гадоў – усё, дзякуй, бацькі, што нарадзілі і вырасцілі, а цяпер я пайшоў у самастойнае плаванне. Я кажу пра ідэал, таму не трэба чапляцца да гадоў: маўляў, што цяперашнім часам без пэўнай дапамогі ў такім узросце… і г.д.

Тут важная сама ўстаноўка, а не канкрэтна ўцёкі з бацькоўскага дома. І яшчэ не менш важны момант: сыходзіць трэба не з мэтаю вярнуцца і паказаць, як у цябе ўсё цудоўна атрымалася, сыходзіць трэба дзеля сябе, дзеля набыцця ўласнае магутнасці, а не дзеля атрымання апладысментаў ці сустрэчы ў будучыні з зайздроснымі вачыма недобразычліўцаў альбо тых, хто цябе невысока ацэньваў. А зрабіць такі крок у самастойнае жыццё ці, інакш кажучы, пераадолець інфантылізм можна толькі ў тым выпадку, калі знойдуцца сілы адмовіцца ад пэўнага набору выгодаў, якімі цябе з усімі тваімі хібамі, таму што ты дзіця, забяспечвае сям’я.

Скажу яшчэ раз: дэспатычны бацька можа выгнаць з хаты, калі ты не робіш таго, што ён патрабуе; дэспатычная ж маці будзе трымаць цябе пры сабе да самай яе смерці (калі так не здушыць у сваіх абдымках, што ты сканаеш раней за яе).

Такім чынам, каб Расія выступала ў ролі бацькі, то мы б ужо даўно жылі з ёй як суседзі, што ў сваім суіснаванні карыстаюцца неабходнымі маральнымі правіламі і прапісанымі законамі і пагадненнямі. Але Расія – гэта дэспатычная маці (настойваю, што тут слова “дэспатычная” ўжываецца выключна ў апісанай вышэй псіхалагічнай канатацыі і не мае дачынення да таго яго ўжывання, калі кажуць пра “азіяцкія” ці “ўсходнія” парадкі ў Расіі), таму як бы сябе ні паводзіла інфантыльная дачка Беларусь, ніякага разбурэння “сям’і” не адбудзецца. Адзінае выйсце для дачкі, калі яна сапраўды прагне самастойнасці, гэта – развітанне з інфантылізмам.

Дэспатычная маці не гоніць  – дачцэ трэба сыходзіць самой. І як мага хутчэй. Але, паўтару, не дзеля таго, каб нешта даказаць маці ці адпомсціць ёй нейкім чынам (напрыклад, хуткім стварэннем транзітнага хаўрусу з суседнімі дзяржавамі). Помста не надае сілы; кіруючыся помстай, ты трапляеш у тую ж пастку залежнасці, цяпер ужо ад таго, каму помсціш.

Развітанне з дэспатычнай маці вымагае і яшчэ аднаго абмежавання: ні ў якім разе не шукаць новых бацькоў. Ні маці, ні бацьку. Іначай, новыя “добрыя” бацька Еўрапарламент і маці Еўракамісія неўзабаве скажуць: “Дачушка, ты занадта шмат свінняў гадуеш дый агуркі вырошваеш не такой формы. Ёсць жа нормы. Калі ласка, трымайся іх. Цяпер ты ў нашай вялікай сям’і, таму мусіш выконваць нашыя правілы, падабаюцца яны табе ці не”

Арыенцір – палітычнае сіроцтва. Чалавек-сірата, які сам сябе забяспечвае, такі ж самы грамадзянін, як і дзеці, што маюць бацькоў. Краіна-сірата, паводле нормаў міжнароднага права, такая ж краіна, як і несіроцкія краіны з Еўрасаюза ці з Мытнага саюза Расіі і Казахстана або – дазволю сабе і такую фантазію – Еўразійскага саюза.

Ігар Драко

29 ноября 2011

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Мы открыли горячую «антитунеядскую» линию помощи гражданам