+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

«Гэта страшна, калі загадчык кафедры БДУ па тэлебачанні кажа, што рынкавая эканомікі горшая за савецкую планавую»

23 лютага ў офісе «Гавары праўду» адбылася сустрэча з вядомым беларускім палітыкам, грамадскім дзеячам, канцлерам Беларускага Вольнага ўніверсітэта, кандыдатам у прэзідэнты ў 2006 годзе Аляксандрам Мілінкевічам.

Пра “Вольны ўніверсітэт”:

— Калі я сышоў з “Руху “За свабоду”, я заняўся стварэннем Вольнага ўніверсітэта. Гэта не звычайны ўніверсітэт з інтэрнатамі і аўдыторыямі, а найперш спецыялізацыя на дыстанцыйным навучэнні. Увесь свет, у тым ліку і Беларусь, ідзе да гэтага. Мэта ўніверсітэта – выхаваць нацыянальную эліту, у якой хопіць досведу ў правядзенні рэформаў. Трэба намагацца таго, каб людзі з заходняй адукацыяй заставаліся і працавалі ў Беларусі. Бо людзі тут, у адрозненні ад Польшчы, не будуць трываць, а стануць патрабаваць, каб праз год было лепей чым зараз. У Варшаве мы стварылі фундацыю, якая займаецца пасрэдніцтвам у сферы адукацыі і дзейнічае па правілах Еўразвяза. Людзі будуць атрымоўваць дыпломы еўрапейскіх ВНУ. Ужо маем партнерамі два польскіх універсітэта. Прыярытэтныя праграмы – публічная палітыка, мэнэджмент, мясцовае самакіраванне.

Пра стаўленне ўлады да “Вольнага ўніверсітэта”

— Ва ўладзе ёсць людзі, якія нашую ідэю падтрымліваць. Але ёсць яшчэ такія артадоксы, якія выступаюць за ізаляцыю адукацыйнай сістэмы. Крытычная маса рэфарматараў расце, але пакуль цяжка сказаць, які лагер пераможа.

Пра сістэму адукацыі ў Беларусі:

— Яна вельмі слаба рэфармаваная, знаходзіцца амаль у заняпадзе. Гэта страшна, калі загадчык кафедры БДУ па тэлебачанні кажа, што рынкавая эканомікі горшая за савецкую планавую.

Пра досьвед Эстоніі ў адукацыі:

— Маленькая Эстонія, памерам з Гродненскую вобласць, на адным з першых месцаў у Еўропе па адукацыі праз інтэрнэт і дыстанцыйнай адукацыі. Еўрапейскія краіны пераймаюць яе досьвед. І дасягнута гэта з дапамогай “светлых” галоваў.

Пра беларускіх праграмістаў:

— Яны сусветнага ўзроўню, але сярод іх мала тых, хто спецыялізуецца менавіта на электроннай адукацыі. Але беларускіх праграмістаў мы абавязкова будзем зваць да ўдзелу ў нашым праекце. Дарэчы, мы – на 21-м месцы у свеце па хуткасці інтэрнэта і на 7-м – па яго таннасці. Напрыклад, калі я працую ў Варшаве, то інтэрнэт там больш павольны.

Пра немагчымасць апазіцыі аб’яднацца:

— Па-першае, уласныя амбіцыі: кожны хоча стаць лідэрам. Па-другое, кожны мае ўласны погляд наконт будучыні. Па-трэцяе, дзеянні Масквы шляхам правакацый. Але, канечне, унутраныя прычыны маюць перавагу. Дагэтуль памятаю, як у 2006 годзе начальнікам майго штаба быў камуніст Сяргей Калякін. І менавіта камуністы сабралі за мяне найбольшую колькасуь подпісаў у некаторых абласцях. Мне вельмі горка, што апазіцыя знаходзіцца ў крызісе, фактычна раз’яднана з 2007 года. Але, спадзяюся, новыя лідэры прыйдуць да ідэі аб’яднання.

Пра палітыка Сямёна Домаша:

— У 2001 годзе я быў начальнікам яго штаба. Ён быў дагэтуль найбольш “рэальным” кандыдатам. Домаша падтрымалі як дэмакраты, так і значная частка наменклатуры. Ён – “тэхнар”, “зрабіў сябе сам”, адраджаў беларускую мову ў Гародне, у 40 гадоў стаў мэрам горада. Чаму ж яго “здалі”? У 2001 годзе кангрэс дэмакратычных сілаў не адбыўся, кожны пайшоў “сваёй калонай”. Выбіралі лепшага па некалькіх крытэрыях, у тым ліку колькасць сабраных подпісаў. Домаш быў лепшым амаль па ўсіх з іх, але не меў дастаткова грошай. І як раз гэта прыклад, калі ўласныя амбіцыі ідуць напреадзе агульнай справы.

Пра перспектыву мірных пераменаў:

— Я не ведаю, колькі іх можна чакаць. І не бачу іншага спосабу, як парцаваць з людзьмі, заваяваць аўтарытэт сярод іх. А гэта вельмі цяжка. Напрыклад, можна займацца праваабарончай дзейнасцю, абараняць людзей, арганізоўваць мерапрыемствы для іх. Калісьці і я быў прыхільнікам “каляровай” рэвалюцыі, але не думаю, што сёння гэты сцэнар рэальны. Грамадства пасля “Майдану” баіцца крыві і правакацый. Таму я лічу, што народ павінны сам “даспець” да гэтага. Ад улады ўсе стаміліся, але і апазіцыя непапулярная. У той жа час і ва ўладзе ёсць нямала людзей, якія ўпэўнены, што паівнныя быць дыялог і дыскусія. Пакуль жа “стабільнасць” перамагае. І на гэтых мясцовых выбарах улада проста падзеквалася над усімі: “каруселі”, укіды бюлеценяў, нахабныя фальсіфікацыі. Не ведаю як, але так проста пакінуць і праглынуць гэта нельга.

Пра савецкія святы:

— Гэтае пытанне – вельмі дэлікатнае. Што адбудзецца, калі я прыйдуда ветэрана і скажу, што Дзень перамогі – гэта не свята? Увогуле савецкія святы адыходзяць, але нельга прыбіраць іх насільна, бо яны дарагія для некаторых людзей. І што датычыцца 23 лютага: асабіста я не святкую, бо нашае войска ўтварылася не ў гэты дзень. Напрыклад, Вітаўт змагаўся з крыжакамі яшчэ ў 1410 годзе.

Пра вулічныя акцыіі:

— Самае страшнае – калі ты клічаш людзей на вуліцу, але не ў стане пракантраляваць яе бяспеку. Таму важна мець шмат дружыннікаў, каб яны адразу спынялі правакацыі. Напрыклад, у 2010 годзе падчас біцця шкла ў Доме ўрада апазіцыя не здолела схапіць правакатараў і здаць іх міліцыі. Наступствы мы добра ведаем.

Андрэй Ігнатовіч, www.zapraudu.info

23 февраля 2018

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі