+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

ГІСТОРЫЯ ПАГЛЫНАЛА І НЕ ТАКІХ. «Лукашэнка зацвердзіў сталінскі сцяг – вось і ўвесь рэферэндум»

«Дзе нарадзіўся (ды яшчэ на гісторыка вучыўся), там і прыгадзіўся». Коратка і па-народнаму дасціпна Уладзімір НЯКЛЯЕЎ даў адлуп лукашэнкаўскай версіі беларускай гісторыі. Сваю «версію» Лукашэнка за чарговым разам паўтарыў увечары 2 ліпеня, адкрываючы так званую плошчу Дзяржаўнага сцяга.

 – 2 ліпеня Лукашэнка зноўку агучыў сваю версію цярністага шляху Беларусі да незалежнасці. Толькі ў ХХ стагоддзі мы атрымалі шанец на самавызначэнне, кажа Лукашэнка. Ці можна пагадзіцца з гэткай надта адвольнай трактоўкай гісторыі краіны?

– Лукашэнка – унікальны гісторык. Бясспрэчны. У тым сэнсе бясспрэчны, што нават пра тое, што адбываецца сёння, спрачацца з ім без толку. А ўжо спрачацца пра гісторыю… Калі ён пастанавіў, што беларуская гісторыя пачалася з яго і яшчэ трохі з Леніна–Сталіна, дык таму і будуць вучыць студэнтаў Магілёўскага педагагічнага інстытута (цяпер універсітэта), у якім самога Лукашэнку калісьці навучылі, што жыццё на Зямлі пачалося ў 1917, з «Вялікага Кастрычніка», а Беларусь пачалася 1 студзеня 1919 года з БССР.

Лукашэнка спрабуе застацца ў гісторыі стваральнікам сённяшняй Беларусі, пазбаўляючы яе гістарычнай глыбіні. Але гэтая глыбіня ёсць – і менавіта яна яго паглыне. Яна і не такіх паглынала: вунь ад Леніна–Сталіна ўсяго пару трэсак на паверхні відаць. Дый тое, калі ветру няма.

 – Лукашэнка даказвае, што за чырвона-зялёны сцяг і вянок, якія па сутнасці з’яўляюцца сімваламі БССР, даўно неіснуючай краіны, беларусы на рэферэндуме 95-га прагаласавалі па дзвюх прычынах. Па-першае, гэтыя сцяг і герб сімвалізуюць савецкія дасягненні, па-другое, менавіта чырвоны і зялёны колеры выяўляюць нешта сапраўды беларускае, нацыянальнае.

– Самыя вялікія савецкія дасягненні былі ў 1937 годзе, калі сцяг БССР быў цалкам чырвоны. Як кроў. Вось гэта сапраўды сімвал…

Чырвона-зялёным беларускі сцяг стаў у 1951 годзе. Тады ж зялёная паласа з’явілася на сцягах Літвы, Малдовы, Таджыкістана, Карэла-Фінскай ССР. Ну, дапусцім, што ў нас з Літвой агульнага, – зразумела. А што агульнага ў беларусаў з таджыкамі, карэла-фінамі? Хіба тое, што усе сцягі зацвердзіў Сталін. А Лукашэнка зацвердзіў сталінскі сцяг – вось і ўвесь рэферэндум.

 – Прызначэнне Дня незалежнасці на дзень вызвалення Мінска ад фашыстаў – 3 ліпеня – таксама надзвычай вольная трактоўка беларускай гісторыі.

– У Беларусі сёння ўсё падвойнае: два сцягі, два гербы, дзве мовы… Але з Днямі незалежнасці нават пры двайных стандартах відавочны перабор: 27 ліпеня, калі ў 1990 годзе была прынятая Дэкларацыя аб суверэнітэце; 25 жніўня, калі ў 1991 годзе Дэкларацыі быў нададзены статус закона; 3 ліпеня, калі ў 1944 годзе быў вызвалены Мінск; 25 сакавіка, калі была абвешчаная БНР. І хоць шмат хто хочуць быць галоўнымі незалежнікамі, цягнуць коўдру на сябе, усе гэтыя даты з’яўляюцца вехамі станаўлення, развіцця – і першай датай нарэшце і станецца першая: 25 Сакавіка.

 – Чаму Лукашэнка не можа вызваліцца з савецкага палону? Уражанне такое, што духоўна, ментальна ды фізічна (што граху ўтойваць) ён усё яшчэ знаходзіцца ў Савецкім Саюзе…

– Дзе нарадзіўся (ды яшчэ на гісторыка вучыўся), там і прыгадзіўся.

Гутарыў Іван ГРЭКАЎ

«Беларускі партызан»

 

7 июля 2013

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі