+375 17 209-48-04

info@zapraudu.info

Гродзенскі музей Васіля Быкава чакае пераезд у Гродзенскі універсітэт

Гродна славіцца сваёй старажытнай гісторыяй, помнікамі архітэктуры, знакамітымі і выдатнымі імёнамі ўладароў, палкаводцаў, навукоўцаў, асветнікаў і дзеячаў культуры. Але, на жаль, памяць не пра ўсіх гістарычных асоб належным чынам шануецца ў нашым горадзе. Прыкладам такога стаўлення з’яўляецца існаванне мемарыяльнага пакоя славутага пісьменніка Васіля Быкава.

У Гародні Васіль Быкаў пражыў больш 25 гадоў, працаваў у мастацкіх майстрэрнях, затым у “Гродзенскай праўдзе”, дзе і пачаў свой творчы шлях. У Гродне Быкаў напісаў свае самыя знакамітыя творы: “Жураўліны крык”, “Трэццяя ракета”, “Альпійская балада” “Мёртвым не баліць” ды іншыя. У сваіх успамінах “Доўгая дарога да дому” пісьменнік з замілаваннем, гумарам, але адначасова і з боллю апісаў сваё жыццё ў Гродне. Бо цкаванне і пераслед з боку органаў бяспекі пачаліся менавіта тут. Але Гродна “грунтоўна і на шмат год прычыніўся” да лёсу самага вядомага пісьменніка горада над Нёманам.

Музей В.Быкава быў створаны ў 2004 г. па ініцыятыве ветэранаў вайны і працы начале з верэранам інвалідам вайны 1941–1945 гг. сябрам саюза беларускіх пісьменнікаў Мікалаем Мельнікавым. Экспазіцыя фарміравалася дзякуючы энтузіазму і зацікаўленнасці неабыякавых да творчасці Быкава людзей. У час калі ад улад нельга было чакаць нейкай дапамогі, шмат прыйшлося перажыць М.А.Мельнікаву, А.С. Дземідовічу, Д.Я.Бічэль, А.П.Госцеву, каб стварыць і зберагчы музей. Але сёння музей знаходзіцца ў занядбанным стане. Невялічкае памяшканне не адпавядае глыбіні, шчырасці і самаадданасці асобы Быкава.

На працягу мінулага года актывісты кампаніі “Гавары праўду” не толькі ў Гродне, але і па ўсёй краіне праводзілі шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на ўшанаванне імя В.Быкава. Было сабрана больш за 100 тыс. подпісаў за перайменаванне адной з вуліц Менска і Гродна ў гонар пісьменніка. Звярталіся з афіцыйнымі лістамі ў гарвыканкам Гродна з патрабаваннем дапамогі музею, усталяванню ганаровай шыльды на доме дзе жыў Быкаў, і надання назве адной з вуліц яго імя. Лідар кампаніі “Гавары праўду” Уладзімір Някляеў асабіста дапамагаў музею, сустракаўся з ветэранамі, збіраў подпісы за з’яўлення вуліцы В.Быкава. 19 чэрвеня 2011 г. у роднай вёсцы пісьменніка ва Ўшацкім раёне Някляеву была ўручана прэмія “За свабоду думкі”, якую Уладзімір Пракопавіч перадаў музею. У гэты ж дзень у Гродне ўсе жадаючыя маглі прагуляцца “Гарадзенскімі шляхамі Быкава”. Экскурсія распавядала пра гарадзенскі перыяд жыцця і дзейнасці Быкава, амаль каля кожнага дома, дзе ён жыў былі пастаўлены шыльды з напамінам гараджанам, што тут жыў выдатны літаратурны дзеяч.

У выніку ўсіх праведзеных мерапрыемстваў мясцовае кіраванне ўзварухнулася. Гродзенскі гарвыканкам прапанаваў для пашырэння музейнай прасторы новае памяшканне, за арэнду якога нават на льготных умовах ветэранская арганізацыя не змагла плаціць і таму адмовілася ад яго. Зараз міністр адукацыі Сяргей Маскевіч, міністр культуры Павал Латушка, гродзенскі кіраўнік аблвыканкама Сямён Шапіра запэўніваюць на словах Мікалая Мельнікава аб перадачы музея у памяшканне Гродзенскага дзяржаўнага універсітэту ім. Я. Купалы. А таксама ў бліжэйшы час універсітэт павінен выдаць кнігу аб гісторыі стварэння самаго музея. І ўсе гэтыя рашэнні і адпаведныя ім мерапрыемствы ўлады пачалі праводзіць толькі пасля згуртавання грамадства вакол праблемы музея В. Быкава. У гэтым і заключаецца сутнасць грамадскай супольнасці. Дзяржава існуе для вырашэння праблемаў, якія ставіць перад ёй грамадзяне. І менавіта ад грамадства залежыць дакладнасць, глыбіня і тэрмін вырашэння пастаўленных пытанняў. Будзем спадзявацца, што музей у новым статусе, пад новым кіраўніцтвам будзе працаваць на поўную моц, прыцягваць увагу грамадства ўжо з асветніцкіх мэтаў. А памяць самога Быкава залежыць толькі ад саміх гарадзенцаў і беларусаў, у тым ліку і тых, хто зараз займае крэслы ва уладзе.

Зміцер Бандарчук, zapraudu.info

24 августа 2011

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Поход к избирателям. Олег Квятинский, кандидат в депутаты Витебского горсовета