+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Хто насамрэч грантасос?

Падчас апошняй прэсавай канфэрэнцыі расейскім рэгіянальным СМІ Аляксандар Лукашэнка чарговым разам зьняважліва згадаў апазыцыю як атрымальніцу заходняй дапамогі.

«Зараз амэрыканцы і заходнікі кажуць: „Не, не дамо. Усё роўна, кажуць, бескарысна, улады вы не разбурыце, Лукашэнку ня скінеце, таму грошай асабліва не дамо“. І не даюць. Ну і апазыцыя такая… Ну хіба гэта апазыцыя, якая корміцца на чыесьці грошы і прапаведуе чыесьці погляды насуперак інтарэсам нашага народу?!»

A5F980A4-EDEA-4390-95D5-CC9D871133B9_w640_r1_s

Аляксандар Лукашэнка, напэўна, ніколі публічна не прызнаваўся, што, нягледзячы на антызаходнюю рыторыку, дзяржаўныя органы Беларусі штогод атрымліваюць мільёны даляраў заходняй дапамогі. Паводле Цэнтра эўрапейскай трансфармацыі, за шэсьць гадоў з 2006 па 2012 Беларусь атрымала амаль 755 мільёнаў даляраў ад найбуйнейшых донараў (ЗША, інстытуты Эўрапейскага Зьвязу, асобныя краіны ЭЗ і міжнародныя арганізацыі).

Зь іх толькі ад 12 да 20 працэнтаў ідуць на разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці. Астатняе атрымлівае дзяржаўны сэктар Беларусі. Фінансавая дапамога Захаду ажыцьцяўляецца адначасна з рэжымам санкцыяў супраць афіцыйных уладаў Беларусі. Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году мы вырашылі прааналізаваць: што адбываецца з заходняй дапамогай Беларусі, каму яна насамрэч дапамагае і хто ў рэальнасьці  «грантасос»?

 

Эўразьвяз як найвялікшы донар беларускай дзяржавы

Паводле Цэнтра эўрапейскай трансфармацыі, з 2006 па 2012 гады Эўразьвяз і яго краіны-сябры выдзелілі Беларусі 520 мільёнаў даляраў (прыблізна 69% агульнага аб’ёму дапамогі). За шэсьць гадоў штогадовы памер дапамогі ад краінаў ЭЗ вырас больш як у паўтара раза і ў 2012 годзе склаў амаль 65 мільёнаў даляраў. Памер дапамогі ад інстытутаў ЭЗ за аналягічны пэрыяд павялічыўся на траціну і склаў у 2012 годзе каля 20 мільёнаў даляраў.

Прадстаўнікі Эўракамісіі ў Брусэлі падзяліліся са Свабодай інфармацыяй, колькі грошай і на якія мэты плянуе выдзеліць Беларусі Эўразьвяз цягам 2014—2020 гадоў — ад 129 да 158 мільёнаў эўра. Гэта значна большая сума, чым за пэрыяд ад 2007 па 2011 год, калі на дапамогу Беларусі Эўразьвяз выдзеліў утрая меней  каля 46 мільёнаў эўра.

6976004C-E487-453D-BAF2-8FECDED5A64B_w640_s
Каму і на якія мэты ішла і пойдзе дапамога ад ЭЗ?

Калі ў 2007—2011 гадах 70% дапамогі ад Эўразьвязу ішло на сацыяльнае і эканамічнае разьвіцьцё Беларусі, а 30% — на дэмакратычнае разьвіцьцё і дзяржаўнае кіраваньне ў Беларусі, то ў праектных дакумэнтах на 20142020 гады тэрмін «дэмакратычнае разьвіцьцё» ўжо не выкарыстоўваецца (хоць чыноўнікі Эўракамісіі і пераконваюць Свабоду, што гэтая мэта насамрэч ставіцца).

968C3ACB-45BE-449C-B9B8-C38F040D7BC3_w640_s

Як вынікае з дакумэнтаў, у 20142020 гадах 30% дапамогі ЭЗ мяркуецца накіраваць на сацыяльную сфэру, 25% — на праекты, зьвязаныя з экалёгіяй і навакольным асяродзьдзем, 25% — на рэгіянальнае і лякальнае эканамічнае разьвіцьцё, 10% — на разьвіцьцё кампэтэнцыяў. Гэты тэрмін таксама трапляе ў сацыяльную сфэру. Адзін з прыкладаў — сацыяльныя работнікі ў малых гарадах і вёсках, якія за пэўную плату дапамагаюць пэнсіянэрам.

Праўда, ані пэнсіянэры, ані сацыяльныя работнікі, якія атрымліваюць грошы за тое, што купляюць пэнсіянэрам харчы і лекі, напэўна ня ведаюць, што гэтыя сацыяльныя праекты ажыцьцяўляюцца праз падтрымку Эўразьвязу і дзякаваць за гэта трэба не мясцовым уладам і не Лукашэнку.

F10A0A00-A7AB-477A-8562-8FE0511E69B2_w640_s
І толькі 10% дапамогі ЭЗ на пэрыяд 2014-2020 гадоў мае пайсьці на грамадзянскую супольнасьць Беларусі.
91D6E803-8401-49CB-AC6B-9D0EAFB8B10E_w268

«З аўтарытарнымі грамадзтвамі цяжка, — прызнаецца Свабодзе дэпутат Эўрапарлямэнту ад Фінляндыі, сябра групы па працы зь Беларусьсю Нілс Торвалдс. — Мы маем вельмі складаную сытуацыю ў краінах былога СССР — вельмі слабая грамадзянская супольнасьць у гэтых краінах і пры гэтым вельмі моцны адміністрацыйны апарат дзяржавы. Ёсьць яшчэ праблема, што ЭЗ падпісаў пэўныя дамоўленасьці з урадам Беларусі, павінен прытрымлівацца іх і ня можа навязваць нейкія пазыцыі, у тым ліку па грамадзянскай супольнасьці».

Бэльгійскі палітоляг Майкл Эмэрсан тлумачыць, што Эўразьвяз мае жаданьне дапамагчы Беларусі і таму мусіць ісьці на супрацоўніцтва з уладамі.

755836A4-5B44-4F36-95E4-DF6A8F802DF9_w268

«Эўразьвяз — гэта не ЦРУ, у яго няма задачы разьвіваць дэмакратыю і фінансаваць праекты дзеля разьвіцьця дэмакратыі».

Найменшая эфэктыўнасьць асваеньня дапамогі ЭЗ сярод краінаў «Усходняга партнэрства»

Некалькі гадоў таму эстонскі цэнтар «Усходняга партнэрства» праводзіў дасьледаваньне эфэктыўнасьці тэхнічнай дапамогі ЭЗ. Лякальным партнэрам выступалі дасьледчыкі Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Алена Арцёменка і Аляксей Пікулік. Вынікі гэтага дасьледаваньня былі не для шырокага карыстаньня, а для аналізу ўнутры «Ўсходняга партнэрства». Дасьледчыца Алена Арцёменка расказала Свабодзе, як праводзілася дасьледаваньне і якія былі яго галоўныя высновы.

256234BD-0FE8-46E7-BD21-A708D4F63784_w268

Апытаньне праводзілася з удзелам прадстаўнікоў міністэрстваў і ведамстваў, якія ўдзельнічаюць у праектах ЭЗ па тэхнічнай дапамозе. Пытаньні былі пра тое, наколькі эфэктыўная камунікацыя пры ажыцьцяўленьні праектаў, наколькі выслухоўваліся меркаваньні выканаўцаў пры фармаваньні заявак. Апытаньне праводзілі паводле анкеты «Ўсходняга партнэрства», пасьля чаго дасьледчыкі БІСС зрабілі другасны аналіз. І вось якія былі галоўныя высновы:

Зашмат узгадняючых органаў

Тэхнічная дапамога, як і любая дапамога з-за мяжы, павінна рэгістравацца і ўзгадняцца Міністэрствам эканомікі і іншымі структурамі. Было вельмі лёгка высьветліць, што колькасьць узгадняючых органаў наўпрост уплывае на задаволенасьць праектам тымі, хто іх рэалізуе. Задаволенасьць нашых удзельнікаў з міністэрстваў і ведамстваў была значна ніжэйшая, чым у іншых краінах „Усходняга партнэрства“. Іх менш слухаюць, калі падаюцца заяўкі, для іх больш складана сфармуляваць актуальную праблематыку, таксама працэдуру ўскладняе пасярэднік паміж донарам і атрымальнікам.

Антызаходнія настроі чыноўнікаў

З усіх краінаў „Усходняга партнэрства“ у нас найменш эфэктыўная дапамога, таму што ва ўсіх іншых краінах „Усходняга партнэрства“ дзяржаўныя органы павернутыя тварам да дапамогі ЭЗ, а ў нас заклапочаныя, каб гэта ня стала soft power (мяккай сілай). Пры гэтым беларускія дзяржаўныя органы вельмі асьцярожныя, яны ня так рады засвойваць гэтыя фінансавыя сродкі з-за некаторых ідэалягічных супярэчнасьцяў.

Чыноўнікі-выканаўцы загружаныя іншымі справамі, няма пераемнасьці

Чыноўнікі, якія павінны займацца рэалізацыяй праектаў, ня маюць на гэта дастаткова часу, яны зашмат загружаныя іншымі абавязкамі. Для выкананьня не вылучаецца адзін чалавек, які вёў бы праект ад пачатку да канца. Усё робіцца паводле рэшткавага прынцыпу. Ініцыяваць, распрацоўваць і падаваць на фінансаваньне праграму павінны яны самі, а паколькі ў іх няма магчымасьці гэтым займацца, яны ня хочуць лішняй нагрузкі, і гэта другая прычына, чаму яны „не гараць“. Няма пераемнасьці, над праектам не працуе адна каманда, і гэта перашкаджае даводзіць праекты да лягічнага завяршэньня.

Бюракратычныя праблемы

Паміж дзяржаўнымі органамі існуюць праблемы ў кантактах на гарызантальным узроўні з-за бюракратыі. Калі пэўнаму міністэрству патрэбная нейкая інфармацыя са Статыстычнага камітэту, то гэта будзе вельмі доўгі шлях з запытамі і ўзгадненьнямі ў многіх інстанцыях. Складана апэратыўна атрымаць інфармацыю нават з суседняга міністэрства ці камітэту.

Алена Арцёменка параўноўвае эфэктыўнасьць дапамогі ЭЗ у розных краінах «Усходняга партнэрства». Як выявілі дасьледаваньні, найбольш эфэктыўна выкарыстоўваецца замежная дапамога ў Грузіі і Армэніі (больш рэалізаваных праектаў, больш сродкаў), Украіна і Малдова былі на сярэднім узроўні, а ў Беларусі аказалася найгоршая сытуацыя. Паводле Алены Арцёменкі, у гэтых краінах прасьцей было засвойваць замежную дапамогу і з пункту гледжаньня ідэалёгіі, і таму, што не было столькі кантралюючых органаў. Да таго ж, напрыклад, Грузія мае міністэрства па адносінах з ЭЗ.

Аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньня Алена Арцёменка лічыць, што карупцыйны складнік у рэалізацыі дапамогі ЭЗ у Беларусі дастаткова нізкі, паколькі існуюць вельмі жорсткія мэханізмы кантролю. Магчыма, гэтым і тлумачыцца нізкая зацікаўленасьць чыноўнікаў.

Дапамога Эўразьвязу не зьвязаная з узроўнем дэмакратыі

Беларусь атрымлівае фінансавую дапамогу ад Эўразьвязу, ад эўрапейскіх краінаў з моманту здабыцьця незалежнасьці, і гэтая дапамога не зьвязаная з узроўнем дэмакратыі, тлумачыць Андрэй Ягораў, кіраўнік Цэнтра эўрапейскай трансфармацыі, які двойчы праводзіў дасьледаваньне пра ролю і месца грамадзянскай супольнасьці Беларусі ў сыстэме донарскай дапамогі ЭЗ для Беларусі з 2006 па 2012 гады, вынікамі якога ён падзяліўся са Свабодай.

«Гэтая дапамога часьцей за ўсё была скіраваная на разьвіцьцё, на падвышэньне дабрабыту краіны і эканамічнага росту, і не была зьвязаная наўпрост з палітычнымі мэтамі. Недзе ў 2005 годзе на глябальным ўзроўні пачынаецца разуменьне таго, што такія спосабы выдаткоўваньня дапамогі не надта эфэктыўныя. Тады з Парыскай дэклярацыі пра эфэктыўнасьць замежнай дапамогі пачынаецца пераасэнсаваньне спосабаў дапамогі, і грамадзянская супольнасьць, і іншыя акторы акрамя дзяржавы атрымоўваюць большае значэньне ў структурах гэтай дапамогі. Раней міжнародныя донары проста аддавалі дапамогу краіне, не надта ўзгадняючы з лякальнымі акторамі, на што яе даюць. І потым дзяржавы сталі тымі суб’ектамі, які распрацоўваючы нацыянальную стратэгію разьвіцьця, маглі атрымаць на гэта дапамогу. Наша дзяржава Беларусь распрацоўвае нацыянальную стратэгію разьвіцьця і выстаўляе дакумэнт, зь якім усе міжнародныя донары павінны ўзгадняць мэты, сродкі і спосабы накіраваньня гэтай дапамогі».

З патрабаваньнямі Беларусі зьвязана і розная структура дапамогі ЭЗ розным краінам.

0A4C8381-A8B6-4FA9-86A1-3C686069825F_w640_s

Армэнія, напрыклад, у 2014-2020 гадах атрымае дапамогу на разьвіцьцё прыватнага сэктара, на адміністрацыйную рэформу і на рэформу сэктару правасудзьдзя, а Азэрбайджан — на рэгіянальнае і сельскае разьвіцьцё, на рэформу сэктара правасудзьдзя і на адукацыйныя праграмы. Гэта значыць, што менавіта на гэтыя мэты гэтыя краіны і папрасілі дапамогі ЭЗ. А ў Беларусі — гэта праекты, якія дазваляюць пры дапамозе грошай Эўразьвязу падтрымліваць пэўны ўзровень стабільнасьці. Менавіта пра стабільнасьць заўсёды гаворыць Аляксандар Лукашэнка, не ўдакладняючы, праўда, тое, адкуль ідуць грошы на яе падтрыманьне.

 

Лічбы ад Міністэрства эканомікі

Міністэрства эканомікі Беларусі акумулюе ўсе зьвесткі пра фінансавую дапамогу звонку. Радыё Свабода зьвярнулася па камэнтар і пры спрыяньні прадстаўніка ведамства Віктара Еўтухова запыт быў разгледжаны і нам паведамілі наступнае.

EE20BEFA-1904-45AC-A3D7-6FBB721417B4_w640_r1_s

У якасьці прыярытэтаў міжнароднага тэхнічнага супрацоўніцтва на 2012-2016 гады былі вызначаныя наступныя напрамкі:

Разьвіцьцё чалавечага патэнцыялу, ініцыятывы і прадпрымальніцтва

Сума патрэбы ў фінансаваньні — 51,6 мільёна даляраў

Эфэктыўнае дзяржаўнае кіраваньне і павышэньне якасьці дзяржаўных паслугаў. Неабходнае фінансаваньне — 320,7 мільёна даляраў

Экалягічная ўстойлівасьць. Памер фінансаваньня — 35,2 мільёна даляраў

Рэгіянальнае разьвіцьцё. Патрэба ў фінансаваньні — 4,0 мільёны даляраў

Такім чынам, дэкляраваны аб’ём фінансавай дапамогі на пяць гадоў перавышае 400 мільёнаў даляраў, прычым ільвіная доля запрошваецца на патрэбы дзяржаўнага кіраваньня. Больш падрабязна пра некаторыя з гэтых праектаў і іх эфэктыўнасьць размова пойдзе крыху пазьней. А зараз ізноў афіцыйныя лічбы ад Міністэрства эканомікі Беларусі, якія адлюстроўваюць ужо засвоеныя грошы ЭЗ.

У рамках штогадовых праграмаў дапамогі Эўразьвязу для Беларусі цягам 2013-2014 гадоў былі падпісаныя наступныя пагадненьні аб фінансаваньні праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі:

1. Падтрымка рэгіянальнага і мясцовага разьвіцьця ў Беларусі. Аб’ём прыцягнутага фінансаваньня — 13,47 мільёна эўра.

2. Пашырэньне праекту «Падтрымка рэгіянальнага і мясцовага разьвіцьця ў Беларусі». Аб’ём прыцягнутага фінансаваньня — 3,5 мільёна эўра.

3. Праграма MOST (кантакты паміж людзьмі). Аб’ём прыцягнутага фінансаваньня — 5 мільёнаў эўра.

4. Праграма «Зялёная эканоміка». Аб’ём прыцягнутага фінансаваньня — 12 мільёнаў эўра.

5. Міжнародная акрэдытацыя і тэставаньне лябараторый для мэдычнай прадукцыі і падтрымка аховы здароўя ў Беларусі. Аб’ём прыцягнутага фінансаваньня — 8,3 мільёна эўра.

Адпаведна, за два апошнія гады памер тэхнічнай дапамогі беларускай дзяржаве ад структураў Эўразьвязу перавысіў 40 мільёнаў эўра.

Калі казаць больш канкрэтна, то ў 2012 годзе разам з дзяржаўнымі інстытутамі ЭЗ рэалізаваў у Беларусі праекты па ўстаноўцы біяпаліўнага абсталявання на аграферме ў Маладэчне, навучаньні спэцыялістаў заходнееўрапейскай нарматыўнай прававой мэтадалёгіі ў сферы ядзернай бясьпекі, ацэнцы сэктара аховы здароўя, абсталяваньні памежных пераходаў ды іншыя.

«Вельмі лёгка „нахіліць“ эўрапейскую павестку дня»

Эканамісты крытычна ставяцца да таго, што кірункі дапамогі для донараў вызначае кола чыноўнікаў. Гэта адбываецца не заўсёды эфэктыўна.

«Такая фармулёўка праграмаў сыходзіць з таго, што беларускія ўлады быццам арыентаваныя ў эўрапейскай супрацы. Тут няма сьледу таго, што Беларусь — гэта асобы выпадак, і тут трэба інакш падыходзіць да фармаваньня павесткі дня. Гэта тычыцца і ААН, і Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця, і Сусьветнага банку. Напрыклад, Сусьветны банк фінансуе праекты, зьвязаныя з энэргетыкай. Але адна справа — генэратар ці трансфарматар паставіць, але Сусьветны банк мог бы прафінансаваць канцэпцыю рэформы самой энэргетыкі і стварэньня энэргетычнага рынку і дывэрсыфікацыі энэргетычных крыніцаў. Колькі разоў мы пра ўсё гэта гаварылі эўрапейцам, а потым яны кажуць, што ў нас ёсьць працэдура, і мы для Беларусі нічога ня можам зрабіць. Такім чынам яны робяць дрэнную справу — і для беларускай грамадзянскай супольнасьці і для эўрапеізацыі Беларусі. Калі чыноўнікі бачаць, што вельмі лёгка „нахіліць“ эўрапейскую павестку дня, то яны карыстаюцца гэтым. Яны зьяўляюцца часткай ідэалягічнага апарату ўлады, але пры гэтым яны атрымліваюць грошы ЭЗ».

«Прыбраць амбіцыі і стабілізаваць адносіны паміж ЭЗ і Беларусью»

Журналіст незалежнага тэлеканалу «Белсат» Алесь Сіліч, які шмат гадоў жыве ў Бэльгіі і чый працоўны дзень пачынаецца ў прэс-цэнтры Эўрапейскага парлямэнту, лічыць, што эўрапейскія чыноўнікі маюць добрыя намеры, але насамрэч дагэтуль не вызначыліся, якая стратэгія ўзаемадзеяньня зь Беларусьсю можа быць найбольш эфэктыўнай.

E8D4CE85-5487-4984-8011-D8D63215D431_w268

«Часам складваецца ўражаньне, што чыноўнікі Эўракамісіі, якія разьмяркоўваюць грошы, проста ня ведаюць, што рабіць. Я шмат размаўляў ў кулюарах пра палітыку санкцыі і палітыку дапамогі з прадстаўнікамі прэсавых службаў эўракамісараў. І яны казалі мне: „А як мы яшчэ можам рэагаваць законнымі мэтадамі? Ёсьць палітыка бізуна і перніка, і мы выкарыстоўваем і бізун, і пернік. ЭЗ ня мае вялікіх рычагоў ўзьдзеяньня. ЭЗ ня можа ўмешвацца ва ўнутраныя справы Беларусі. Мы ня можам навязаць рашэньне, мы можам выдаць рэзалюцыю, даць ацэнку, асудзіць ці накласьці санкцыі“. Іншых рычагоў у дэмакратычных дзяржаваў проста не існуе. Дэмакратыя мае ня толькі сілу, але і слабасьць. І я думаю, што гэта слабасьць дэмакратыі».

Не чакаюць цудаў ці драматычных зьменаў у Беларусі

Новаабраны дэпутат Эўрапейскага парлямэнту ад Чэхіі Павел Тэлічка, сябра групы па працы зь Беларусьсю лічыць, што трэба спрабаваць супрацоўнічаць з беларускімі ўладамі. Паводле Тэлічкі, дэпутацкая група па працы з Беларусьсю ў ранейшым складзе парлямэнту няслушна пазьбягала кантактаў з дзяржаўнымі структурамі Беларусі.

A42ACD89-4778-4E69-906B-AF913D5D6122_w268-1

«Я хацеў бы бачыць дапамогу ЭЗ, накіраваную на разьвіцьцё і набліжэньне да стандартаў, якія цяпер існуюць у ЭЗ. І я буду выступаць за тое, каб сродкі выкарыстоўвалі на карысьць тых арганізацый, якім яны найперш патрэбныя, якія заснаваныя на тых каштоўнасьцях, якія могуць набліжаць Беларусь да ЭЗ. Гэта могуць быць незалежныя НДА, грамадзянская супольнасьць, маладыя людзі, незалежныя ад ўраду, арганізацыі, накіраваныя на тое, каб зрабіць жыцьцё беларусаў больш лёгкім. Але і дзяржаўныя структуры, ці структуры, якія працуюць пры дзяржаве, будуць атрымліваць дапамогу. На пэўным ўзроўні і на пэўных умовах гэтая дапамога павінна ісьці. Напрыклад, цяпер прэзыдэнт Лукашэнка, беларускі ўрад адыгралі пазытыўную ролю падчас канфлікту Расеі і Ўкраіны. І мы павінны прыняць гэта да ўвагі. Мы можам падзякаваць, але таксама і спытаць пра перасьлед НДА, незалежнай прэсы, пра палітвязьняў і парушэньні правоў чалавека ў Беларусі. Тут мусіць быць збалянсаваная палітыка. Я не чакаю цудаў ў Беларусі бліжэйшым часам альбо драматычных зьменаў. Але мы павінны прыбраць амбіцыі, і падтрымліваць намаганьні, каб стабілізаваць адносіны паміж ЭЗ і Беларусьсю».

Эўрадэпутат Павел Тэлічка падзяліўся са Свабодай сваімі плянамі паехаць прыватным чынам у Беларусь і сустрэцца з сябрамі Нацыянальнага сходу і з прадстаўнікамі грамадзкай супольнасьці і патлумачыць усім, што, калі не сустракацца, не абмяркоўваць розныя пазыцыі, ня будзе вынікаў.

«Мы маем інтарэс да Беларусі і спадзяемся пабачыць у будучыні яе крокі ў кірунку асацыяцыі з ЭЗ. І мы будзем выкарыстоўваць розныя спосабы кантактаў».

Ганна Соўсь, «Радые Свабода»

5 января 2015

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі