+375 17 209-48-04

info@zapraudu.info

Ігар Драко: Нам трэба ўвогуле забыцца на Лукашэнку

Як толькі апаненты дзеючай улады перастануць суадносіць свае дзеянні з асобай першага прэзідэнта Беларусі, пад нібыта непахіснай вертыкаллю пачне растрэсквацца падмурак.

Тры стагоддзі таму епіскап Берклі вымавіў: “Esse est percipi” (“Быць – гэта быць успрымальным”). Напэўна, ён разумеў, што і ў дачыненні да яго самога – як асобы і навукоўца – гэтая фармулёўка таксама можа быць ужытая. І сапраўды так. Вось скажыце, для якой колькасці беларусаў ёсць (існуе) епіскап Берклі?

З такога пункту гледжання існаванне кожнага з нас выклікае сумнеў, і Аляксандр Лукашэнка не выключэнне.

“Ну, – запярэчыць магчымы апанент, – як жа гэта не ўспрымаць пакуль што адзінага прэзідэнта Беларусі? Нават калі б і не хацелі ні чуць, ні бачыць і, павыкідаўшы газеты і павыключаўшы тэлевізары, сапраўды б не чулі і не бачылі, дык жа ўсё роўна б мусілі ўспрымаць, бо праз райвыканкамы, падатковыя інспекцыі, падвышэнне коштаў, звальненні з працы, арышты і праз безліч чаго іншага ён бы настойліва паведамляў: “Я ёсць!”

І такі апанент будзе мець рацыю, але…

Але гэткае апісанне сталай прысутнасці Аляксандра Лукашэнкі ў жыцці асобнага беларуса і беларускага грамадства ў цэлым нагадвае апісанне таго відавочнага факта, што чалавек у якасці радавой сутнасці не можа канчаткова разысціся з прыродай. Ну так, нам неабходны і сонейка, і паветра, і ўсялякія мінералы ды вуглевадароды. Аднак мы яшчэ будуем дамы, носім адзенне, вырабляем машыны, гатуем стравы, ужываем лекі і г.д. з той прычыны, што гэтая самая прырода раз-пораз замінае нам утульна жыць.

“Ах, – працягне апанент, – усё гэта а-ля філасофская балбатня. Мы і самі разумеем, што ад улады, як і ад прыроды, трэба неяк бараніцца. І мы баронімся, але часцей за ўсё не так, як чалавецтва ад свавольства прыроды, не вынаходкамі рознымі, а тым, што не канфліктуем з уладай, сядзім ціха”.

А калі ўсё-ткі канфліктуеце?

“Тады тыя, хто не канфліктуе, робяцца сведкамі таго, што ўлада мацнейшая за нас”.

Дык, можа, улада таму і падаецца моцнай, што яе ўспрымаюць такой? І можа, Аляксандр Лукашэнка такі доўгі час застаецца непераможным менавіта таму, што яго загадзя, яшчэ да пачатку выбарнай барацьбы, успрымаюць асілкам, які не можа прайграць, не толькі выбаршчыкі, але і самі ягоныя канкурэнты?

Здаецца, вядомыя абмежаванаму колу грамадзян беларускія апазіцыйныя палітыкі, а таксама тыя з іх, што вядомыя пераважнай большасці насельніцтва Беларусі, могуць усведамляць сябе палітыкамі толькі тады, калі Лукашэнка ёсць. І ёсць не адным з прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду, а тым, хто не пускае іх да ўлады. Зразумела, “вертыкальшчыкі” зрабілі ўсё магчымае, каб жыхары краіны верылі, што акрамя Лукашэнкі, пакуль ён жывы, ніхто не мае права быць прэзідэнтам. Цяпер нават не абмяркоўваецца: добры Лукашэнка ці благі (пра такія спрэчкі забыліся пасля выбараў 2001 года), ён ёсць і гэтага дастаткова, каб ён заставаўся прэзідэнтам.

Падчас выбараў 2006 года васемнаццацігадовая студэнтка сказала мне са шчырасцю ў вачах: “Но разве может быть президентом кто-то другой? Ведь Лукашенко был у нас всегда”. Так, для гэтай дзяўчыны Лукашэнка быў заўсёды, таму што ў 1994-м, калі яго абралі прэзідэнтам, ёй споўнілася шэсць гадоў. Але чаму дарослыя дзядзькі, якія ў тым самым 1994 годзе былі ці равеснікамі Лукашэнкі, ці трохі маладзейшымі, ці нават старэйшымі за яго, бачаць сваю палітычную біяграфію толькі праз прысутнасць Лукашэнкі?

Праблема ў тым, што палітычная пазіцыя апанентаў “рэжыму” заўсёды рэактыўная, а не актыўная. Яны бясконца і не вельмі ўдала рэагуюць на дзеянні Лукашэнкі і яго адміністрацыі замест таго, каб дэманстраваць дзеянні, на якія будзе вымушаны рэагаваць сам Лукашэнка, прычым не ў якасці галоўнага жандара, што аддае загады на разгон дэманстрацый і мітынгаў, а ў якасці таго, хто па-сапраўднаму баіцца згубіць уладу.

Колькі часу Еўропа падтрымлівала апазіцыю, спадзяючыся, што ў яе нетрах з’явіцца сапраўдны сапернік Лукашэнку! І што яна атрымала наўзамен? Купку лідараў і іх прыхільнікаў, якія не прадстаўляюць нічыі інтарэсы і, адпаведна, не з’яўляюцца канкурэнтамі дзеючай уладзе. Затое яны бясконца кажуць пра тое, што іх прыціскаюць. Так, прыціскаюць. Але чаму выканаўцы гэтых “прыцісканняў” такія смелыя? Таму што ўпэўненыя: тыя, каго яны катуюць, ніколі не прыйдуць да ўлады і не адправяць іх за краты ці хоць бы з воўчым білетам на шырокія прасторы “сінявокай”.

Такім чынам, апазіцыйным лідарам, калі яны сапраўды жадаюць пазбавіць Лукашэнку шчасця пятага тэрміна ці нават урэзаць яму і чацвёрты, трэба радыкальна памяняць тактыку: надалей і дзеючая улада, і грамадства, і назіральнікі з-за мяжы павінны ўспрымаць іх як людзей, якія неўзабаве могуць самі пазаймаць галоўныя кіруючыя пасады ў дзяржаве.

Апазіцыйныя палітыкі павінны арыентавацца на наступны message: “Усё, што мы робім і плануем зрабіць, ніяк не звязана асабіста з Лукашэнкам, таму што з ім усё зразумела: для яго надышоў час сысці з нервовай працы кіраўніка дзяржавы на заслужаны адпачынак. Мы ўжо жывём у тым палітычным вымярэнні, калі Лукашэнкі няма, таму і не лічым неабходным рэагаваць на прыёмы, якімі прадстаўнікі “рэжыму” па-ранейшаму карыстаюцца”.

У чый бок адпраўляць гэты message?

У тэлевізар апазіцыянераў пускаюць на некалькі хвілін перад выбарамі, таму да той часткі насельніцтва, што прызвычаілася сядзець ціха, ён дойдзе ў апошнюю чаргу. Не бяда, яны і пасля змены ўлады будуць сядзець гэтак жа ціха. Застаюцца актыўныя грамадзяне, што блукаюць у сеціве (і не толькі там) у пошуках інфармацыі палітычнага кшталту; замежнікі, што маюць сваім прафесійным абавязкам цікавіцца станам спраў у Беларусі; і, нарэшце, тым людзям ва ўладзе, што ўжо таксама гатовыя ўспрыняць беларускую палітычную рэчаіснасць праз максіму епіскапа Берклі.

Апошнія, дарэчы, больш чым хто-небудзь іншы ўпэўненыя ў тым, што Лукашэнкі няма.

Ігар Драко

14 ноября 2011

Коментарии

  • Максім2 декабря 2011 #

    Мне таксама прыходзіла такая думка. Акрамя таго, надакучыў яго твар на недзяржаўных сайтах — ён паўсюды, а хочацца адпачыць i ад яго твару і ад яго глупстваў.

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Поход к избирателям. Олег Квятинский, кандидат в депутаты Витебского горсовета