+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Ігар Драко: “Тутэйшы” мусіць стаць “цяперашнім”

Пачытаў я артыкулы на “Навінах”, у якіх лібералы аспрэчваюць падыход кансерватараў да праектавання будучыні Беларусі, а кансерватары кажуць, што лібералы са сваёй ідэалогіяй не паспяваюць за часам і проста перапяваюць анахранічныя мантры сваіх заходніх куміраў, — і, пачытаўшы, палез у свае электронныя нататнікі.

У тых нататніках, сярод іншага, знайшоў накіды пра феномен “тутэйшасці”. Павыскрабаў з тэксту “выкрутасы”, праз якія можна было б падумаць пра мяне, што я прэтэндую на ганаровае званне інтэлектуала, зрабіў яго прыгажэйшым з пункта гледжання стылістыкі, і вось што атрымалася…

Розныя эпохі сучаснасці 

У якім часе жыве “тутэйшы”? З прасторавай лакалізацыяй, здаецца, больш-менш зразумела (калі асабліва не пераймацца наконт таго, што Вільня па палітычных чыннікам стала жмудзінска-еўрасаюзаўскай), бо само слова “тутэйшы” мяркуе геаграфічнасць, а не гістарычнасць. Ведаем — дзе, трэба вызначыцца — калі. Задача для драматурга: адзінства часу, месца і дзеяння. Пра дзеянне пакуль не казалі, але гэта наперадзе.

Кожная акрэсленая супольнасць мае сваю — адметную — мадель тэмпаральнасці. Сучаснае чалавецтва ўвогуле жыве ў розных часах. Акрамя таго, что асобныя грамадствы знаходзяцца на розных этапах лінейнага часу, што прынесла з сабой хрысціянства і з якім звязана еўрапейская ідэя прагрэсу, ўнутры сваёй замкнёнай прасторы кожнае грамадства існуе адразу ў некалькіх эпохах. Учора, сёння, заўтра ў адным тэмпа-флаконе.

У беларускіх вёсках па-ранейшаму топяць печы, каб сагрэць хату, але дровы прывозяць на трактары, а дамаўляюцца з тым, хто можа прывесці гэтыя дровы, па мабільным тэлефоне. Аграрная, індустрыяльная і постіндустрыяльная (інфармыцыйная) рэальнасці нібыта складаюцца ў адну. Гэта добра відаць на ўзроўні міжасабовых адносін: бабуля-маці-дачка. Бабуля яшчэ памятае, як пасля вайны ўсе коні былі ў калгасе і не было як араць сваю зямлю, маці распавядае, якое было шчасце, калі яна пераехала з драўлянай хаты ў гмах з унітазам і ваннай, а дачка, што вучыцца на факультэце кампутарных сістэм і сетак БДУІР, выказвае незадаволенасць хуткасцю інтэрнэту, які ёй прапануе “Белтэлекам” праз паслугу byfly — і гэтая біяграфічная адрознасць не становіцца перашкодай для камунікацыі.

Тут маецца на ўвазе не тое, што семідзесяцігадовая бабуля і дваццацігадовая ўнучка цудоўна разумеюць адна адну (то бок псіхалагічны аспект мы пакідаем у баку), а тое, што сацыяльна-гістарычная біяграфія суб’екта не абмяжоўваецца часам, які адпавядае пэўнай прыступцы прагрэсу. І хоць для бабулі адзін чорт, што сервер, што хостынг, але сваім сяброўкам яна кажа, што ўнучка гадзінамі сядзіць за кампутарам і, калі яна яе папросіць, то знаходзіць у інтэрнэце апісанне сімптомаў пэўнай хваробы і спосабаў яе лячэнне ці прафілактыкі.

Прыклады, якія грунтуюцца на тэхнічных і тэхналагічных дасягненнях, здольныя ўпэўніць нас у тым, што мінулае, сучаснасць і будучыня, маючы адзначаную паслядоўнасць, тым не менш ствараюць такі час, што жывём мы адразу у трох часавых вымярэннях. Што мінулае і сучаснасць пераблытаныя, гэта відавочна, а вось будучыня? Няўжо мы і там? Так, мы ўжо і туды забеглі, таму што навука і прамысловаць штодня абяцаюць нешта новае. Ці будуць кланаваць людзей? Пакуль законы ўсіх краін забараняюць такія эксперыменты. Пакуль… Кланаванне і іншыя даследаванні выступаюць атрактарамі (ад англ. attract— прыцягваць), цікавасць да якіх не толькі кідае нас у будучыню, але і спрыяе надыходу гэтай будучыні.

Мінулае — цяперашняе — будучыня

Вышэй было сказана, што кожная супольнасць мае сваю мадель тэмпаральнасці, то бок унутры “часу ўсяго чалавецтва” (яго можна назваць “еўрапейскім часам”) ёсць яшчэ асобныя часы. І ў гэтых часах няма жорсткай паслядоўнасці “ўчора-сёння-заўтра”. Калі ў “еўрапейскім часе” ўсё-ткі можна вызначыць гэтыя этапы, перш за ўсё, дзякуючы артэфактам тэхнічнага і тэхналагічнага кшталту, то нейкія пераўтварэнне ў супольнасці не так проста заўважыць, бо яе ўнутраны час хоць і пакідае за сабой нейкія артэфакты, але кожны новы артэфакт не абавязкова пазбаўляе папярэдні канкурэнтаздольнасці.

Такім чынам, з параўнання “еўрапейскага часу” і “часу супольнасці”, здаецца, вынікае, што для першага мінулае толькі падмурак для дзейнасці ў сучаснасці з разлікам на новыя здабыткі ў будучыні, а для другога традыцыя (тое, што было раней) цалкам вызначае жыццяздольнасць супольнасці. Але гэта не зусім так.

На маю думку, вялікая памылка заключаецца ў тым, что феномен “тутэйшага” часцяком разглядаюць выключна рэтраспектыўна, нібыта “тутэйшы” атабарыўся далёка ў мінулым і сваёй засяроджанасцю на паходжанні і каранях замінае інвалюцыі беларускага грамадства. Дык вось, каб пазбегнуць “дыктату” традыцыі, мы павінны разглядаць час супольнасці праз “учора-сёння-заўтра” як адзінае.

Яшчэ святы Аўгустын, намагаючыся разабрацца ў феномене часу, прыйшоў да высновы, што бывае толькі сучаснае, якое мае тры “іпастасі”: мінулае сучаснае, сучаснае сучаснае і будучае сучаснае. Мы пражываем кожнае сваё імгненне наступным чынам: у момант “зараз” скарыстоўваем досьвед мінулага, каб крочыць у будучыню, але пры гэтым ізноў трапляем у сучаснасць. Тое ж і ў выпадку з супольнасцю, бо супольнасць не дыскрэтная, а кантынуальная рэч. Супольнасць беспарапынна здзяйсняецца. Супольнасць “тутэйшы” знаходзіцца тутака і цяперака. Праз такое аб’яднанне прасторы і часу “тутэйшы” і зацверджваецца ў якасці “тутэйшага”.

“Тутэйшы” тутэйшых навукоўцаў

Пра “тутака” напісана безліч гістарычных, культуралагічных, мастацкіх і іншых твораў. Пераважная большасць аўтараў падыходзіла і падыходзіць да “тутэйшага” як да таго, хто занурыўся ва ўласным учора. Увага да тэрыторыі, якая і да гэтае пары можа лічыцца ўмоўна беларускай, надавала біяграфіі “тутэйшага” вусцішную закончанасць: яго літаральна пахавалі на ёй. А між тым, яшчэ Ніцшэ, кажучы аб шкодзе гістарычнага пачуцця, заўважаў, што як для асобы, так і для супольнасці (класа, народу), бясконцае перажоўванне “гістарычнай жуйкі” небяспечна не меней, чымся гістарычная амнезія.

На першы погляд, дзякуючы шчыраванням улады сучасныя беларусы не асабліва абазнаныя ва ўласнай гісторыі, таму спасылка на Ніцшэ, магчыма, выглядае недарэчнай. Які ўжо тут перакорм, калі ўсталёўваюць помнікі Сувораву, што душыў паўстанцаў Касцюшкі?! Але, з другога боку, за прэзентацыю “тутэйшага” ў сучасным свеце адказныя не ўсе беларусы.

Адказныя ж якраз тыя, хто гісторыю ведае вельмі добра. І вось адна група з гэтай катэгорыі беларусаў сваімі бясконцымі экскурсамі ў мінулае, сама таго не жадаючы, робіць з “тутэйшага” калі не кліента трупэрні, дык пацыента рэанімацыйнага аддзялення. (Пад “катэгорыяй беларусаў” я маю на ўвазе тых, каго на французскі капыл прынята называць інтэлектуаламі.)

Акрамя яе, ёсць яшчэ дзве групы. Прадстаўнікі першай не кажуць пра “тутэйшага” нічога звыш таго, што дазваляецца ўладай (талерантнасць, працавітасць, краіна-партызанка, да нядаўняга часу — славянскае трыадзінства і г.д.); прадстаўнікі другой хочуць упісаць “тутэйшага” ў еўрапейскую парадыгму грамадзянскай нацыі. Выкшталцаваць сучаснага “тутэйшага”, на маю думку, лягчэй за іншых тым, хто кажа ад імя ўлады, бо яны маюць адміністрацыйны і матэрыяльны рэсурс. Але, на жаль, яны баяцца сказаць нешта не тое, таму звычайна выступаюць з банальнымі артыкуламі і прамовамі, і дзяржава плаціць ім за іх балбатню, бо сама і напладзіла навуковых супрацоўнікаў, дацэнтаў і прафесараў.

Працяг будзе…

Крыніца: «Белорусские новости»

10 апреля 2013

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Мы открыли горячую «антитунеядскую» линию помощи гражданам