+375 17 209-48-04

info@zapraudu.info

«Імя тваё саткана са святла». Сёння дзень нараджэння Святланы Навумавай

Святлане Навумавай даў Бог многае. Жаночую прываблівасць, тонкую, уражлівую, чуйную да прыгажосці душу. Але найперш — унікальны па сіле і глыбіні інтэлект.

Менавіта пра інтэлект разважала адна дзяржаўная дама адразу пасля падзей 19 снежня 2010 года, каментуючы масавае пабоішча мірных людзей, у тым ліку жанчын, учынёнае ўладай на Плошчы. З разважанняў дамы вынікала, што жанчыны з інтэлектам баршчы на кухнях вараць, а не па плошчах, як яна сказала, шастаюць.

Святлана Навумава паміж Плошчай і баршчом выбрала Плошчу. Хоць у адным валасе на яе галаве інтэлекту было болей, чым у некаторых галовах ва ўсіх мазгавых звілінах.

Я захапляўся ёю. З улікам яе здароўя, дні за тры да Плошчы прапанаваў: “Вам не варта ісці”. Яна адрэагавала рэзка: “У такім разе вам таксама!”

Да ўсяго — такі характар.

Дзень 19 снежня абяцаў быць сцюдзёным, і днём 18-га мы куплялі з ёй цяплейшую адзежу, каб выстаяць ноч на Плошчы. Набылі пухавікі — і раптам яна спытала крамніка: “Дзе ў Мінску можна набыць кальчугу? Такую, каб яе не прабілі і не прастрэлілі?”

Крамнік разгубіўся, пудліва заазіраўся па баках…

Калі выйшлі з крамы, я сказаў: “Па-мойму, Вы не надта ўдала пажартавалі”. Яна адказала: “А я не жартавала”.

Нешта яна прадчувала… Непакоілася… Не толькі праз магчымы поспех ці паразу, але і праз любоў да тых, з кім працавала. Да кампаніі “Гавары праўду”, якая стала яе апошнім і, бадай, найлюбімым праектам.

Да кампаніі “Гавары праўду” можна адносіцца як заўгодна. Любіць яе, ненавідзець. Але гэта бліскучая кампанія. Ва ўсіх сэнсах. Яна ўвойдзе ў падручнікі па паліттэхналогіях як прыклад дасягнення ў мінімальны тэрмін максімальнага поспеху. І гэта, безумоўна, жыццёвае і прафесійнае дасягненне Святланы Навумавай.

Нібыта няма каго вінаваціць у тым, што яе не стала. Яна была цяжка хворая… І ўсё ж тое, што яе дапытвалі нават у шпіталі, што людзей, якіх яна любіла, без аніякай віны кінулі за краты, што яна перажыла стрэс, страціла сон, знервавалася, — усё гэта не дадавала ёй сілы ў штодзённым змаганні за жыццё. Так што вінаватыя ў тым, што яе не стала, ёсць.

Жыццё, якое яна так любіла і ў якім так хацела дажыць да перамогі, да свята -доўжыцца. Сёння, у дзень народзінаў Святланы Навумавай, падведзеныя вынікі галасавання — і заўтра, у першы дзень вясны будуць названыя імёны першых лаўрэатаў прэміі яе імя.

Уладзімір Някляеў

29 февраля 2012

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Поход к избирателям. Олег Квятинский, кандидат в депутаты Витебского горсовета