+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Каб жыць у калгасе ў шчасці, то трэба красці, красці, красці?

Снежань стаў досыць напружаным месяцам па «чыхвостцы» сельскай гаспадаркі ў Беларусі. На пачатку месяца прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка заявіў, што трэба выціскаць з сельскай гаспадаркі больш, а літаральна 27 снежня «разбор палётаў» аграрыям зладзіў прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч.

Ці зможа сучасная сельская гаспадарка, укласці ў якую ў 2012 годзе запланавана 23 трлн. рублёў, «даць аддачу» ў выглядзе 44 трлн. «зайчыкаў»? Як працуецца калгаснікам? З якімі праблемамі яны сутыкаюцца сёння?

«Калгасы» – бяздонныя даўжнікі

Сельскагаспадарчыя вытворчыя кааператывы (так цяпер называюцца былыя калгасы) Беларусі, згодна дадзеным Нацынальнага статыстычнага камітэта з 2005 па 2010 год, атрымалі 13,81 млрд. даляраў. З агульнага штогадовага аб’ёму інвестыцый у асноўны капітал сельскай гаспадарцы выдзялялася 17%.

– У мінулым годзе ў сельскую гаспадарку было ўкладзена 5,2 трлн. бюджэтных рублёў. І ў дадатак выдадзены 3,8 трлн. льготных крэдытаў, – заявіў у ліпені прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч.

Нягледзячы на такія ўліванні, доля АПК у ВУП скарацілася з 12,6% да 7,5% за пяць год. Запазычанасць сельскагаспадарчых арганізацый на ліпень бягучага году складала 26,9 трлн. рублёў, у тым ліку 2,5 трлн. – пратэрмінаваная. Сельская гаспадарка з’яўляецца адным з самых асноўных даўжнікоў. Для прыкладу, у 2009 годзе на арганізацыі гэтай галіны прыпадала больш за 30% усёй пратэрмінаванай крэдыторскай запазычанасці.

Працаваць за 115 тыс. у месяц?

– Вось і як мне працаваць, калі зімой па 200-300 тыс. прыношу? – падчас адной з маіх падпрацовак у адным з СВК Бярозаўскага раёну Брэсцкай вобласці разважалі камбайнёры. – А летам, калі адкладзеш, то добра, а калі не? Не заўжды атрымліваецца: мы часта ламаемся.

І насамрэч зарабіць камбайнёрам летам удавалася не так часта: старыя “Нівы” ламаліся ледзь не праз дзень. А новых камбайнаў было некалькі штук.

Аналагічна адзываліся аб працы і даяркі, зарплата якіх да крызісу летам была па 1,5-1,7 млн. рублёў, а зімой зніжалася да 500-600 тыс. Пры гэтым працоўны дзень пачынаўся з 4-5 гадзін ранку летам і сканчваўся глыбокім вечарам.

А літаральна на днях газета “Ганцавіцкі час” (Брэсцкая вобласць) надрукавала дадзеныя пра сярэднія зарплаты за 9 месяцаў бягучага году. І самыя нізкія заробкі зафіксаваныя ў супрацоўнікаў СВК «Агра-Нач» і «Малькавічы». Да прыкладу, па ўсёй гаспадарцы “Агра-Нарач” заробак склаў 480,6 тыс. рублёў.

Але самы сумны рэкорд – сярэдняя зарплата ў 111,5 тыс. рублёў – налічаны супрацоўнікам рэмонтна-механічных майстэрняў СВК “Агра-Нач”, пасля конюхам у СВК “Малькавічы” – 165 тыс. рублёў і падсобным супрацоўнікам СВК “Агра-Нач” – 275,9 тыс. рублёў. Думаю, каментары залішні.

Агулам па Беларусі сярэдні заробак у сельскай гаспадарцы склаў за бягучы год каля 168 даляраў. Згодна дадзеным статыстаў, гэта ўзровень заробку 2006 года. А самы высокі сярэдні заробак у сферы сельскай гаспадаркі склаў 306 даляраў, і было гэта ў 2009 годзе.

– Я табе кажу, каб жыць у калгасе ў шчасці, то трэба красці, красці, красці, – вучылі мяне падчас працы ў СВК. Дарэчы, кралі тут усё: даяркі – малако, супрацоўнікі зернясховішчаў – зерне, вадзіцелі – злівалі саляру і г.д.

Пасля атрымання заробку за паўтара месяцы ў 100 даляраў я іх зразумела.

“Уцякаць і толькі з гэтага балота”

– Летам, як толькі скончацца два гады размеркавання, я адсюль звалю, – казаў малады камбайнёр Андрэй. – Тут працаваць за такія грошы немагчыма. Мы ўчора стаім, сёння стаім. І я павінен быць на працы і рамантаваць камбайн. А дэталяў няма, і невядома, калі будуць. І з работы не зваліш, не адпускаюць. Так бы дома штосьці зрабіў, а тут… Эх, работа – дрэнь.

Механізатар Андрэй з’ехаў, з’яхаў бухгалтар Дзіма, з’ехаў інжынер, юрыстка, эканаміст, ветурач, заатэхнік і г.д.

Як сведчаць дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэту, за 10 год доля сельскага насельніцтва скарацілася з 29,9% да 24,9%. На 620 тыс. чалавек за 10 год. У Расіі, для параўнання, доля сельскага насельніцтва за гэты перыяд засталася на ўзроўні 27%.

Маладыя і старыя спецыялісты з’язджаюць, негледзячы на “прэзідэнцкія домікі”, якія даюцца на 20 год з правам атрымання ва ўласнасць праз гэты час.

– Людзі з’язджаюць, вывозячы мэблю і кладучы ключы на стол старшыні СВК, – расказвае супрацоўніца аддзелу кадраў аднаго з СВК Брэсцкай вобласці. – Не хапае заатэхнікаў, ветурачоў, не хапае высокакваліфікаваных спецыялістаў. Шукаюць лепшай долі, бо ў нас насамрэч нагрузка і заробак не адпавядае адно аднаму. Вось, напрыклад, я – супрацоўніца аддзелу кадраў, яшчэ вяду і зарплату часткова, яшчэ і прафсаюз, і складаю паперы (фактычна праца юрыста), і г.д.

Вось і атрымліваецца, што застаюцца ў гаспадарцы толькі тыя, хто па нейкім прычынам не можа ўладкавацца на працу ў іншае месца. “Па нейкім прычнам” азначае адно – праблемы з алкаголем.

Пры маёй працы ў калгасе дзень зарплаты быў днём, калі каровы на ферме былі не доеныя, трактары некаторыя стаялі – народ «адзначаў».

У СВК становяцца нармальнымі сітуацыі, калі тую ж самую даярку ці механізатара звальняюць з-зя п’янкі, а праз тыдзень-два ізноў прымаюць на працу: а хто другі пойдзе?

Эфектыўнасць працы такіх супрацоўнікаў, думаю, не варта называць…

Без рэформаў у сельскай гаспадарцы – адсутнасць развіцця краіны агулам

Адкуль жа такія прыгожыя лічбы пра высокія ўраджаі?

На працы ў СВК падчас жніва я па загаду агранома ці галоўнага эканаміста ўласнаручна прастаўляла колькасць тон і гектараў спачатку алоўкам, а пасля толькі ручкай. І вечарам пасля ўборкі быў “мазгавы штурм” наконт таго, якія заўтра звесткі падаць “у раён”. І такіх сітуацый – воз і валізка. Папера церпіць…

Але з другога боку іх зразумець таксама можна: кіраўнікі з раёну даюць указанні, калі сеяць ці жаць, не ўяўляючы нават сітуацыі. Яны пасля строга пытаюцца, чаму не выкананы план, які часам не ўлічвае надвор’я ці адсутнасці дэталяў да трактара.

Пры гэтым мясцовыя ўлады ўкажуць, каму і сколькі якой прадукцыі прадаваць, не даючы, бывае, збыць яе па больш выгаднай для гаспадаркі цане…

Адсутнасць канкурэнцыі і рынку ў сельскай гаспадарцы, а таксама спадзяванні на субсідыі – гэта таксама адзін з фактараў яе нізкай эфектыўнасці ў Беларусі.

Нядаўна знайшла цікавы артыкул эканаміста Леаніда Злотнікава 10-гадовай даўніны.

“У 1999-2000 гг. Беларусь вычарпала рэзервы экстэнсіўнага росту. Таму дзяржпадтрымка АПК павінна змяншацца. У дзяржавы проста няма на гэта рэсурсаў”, – пісаў эканаміст.

“Адсутнасць рэформаў у аграпрамысловым комплексе стрымлівае развіццё краіны, бо насельніцтва траціць на харчаванне 55-60% сваіх грашовых даходаў. (Для параўнання, у ЗША – 7%, ЕС- 17%.) У такіх умовах унутраны рынак становіцца вузкім для тавараў прамысловасці, адсутнічаюць магчымасці накаплення капіталу. Такім чынам, адцягванне рэформаў у АПК стрымлівае развіццё краіны ў цэлым”, – дзесяць год таму пісаў аўтар.

Дзесяць год таму Злотнікаў прапаноўваў паступовы пераход да кааперацыі, выхад на рынкавыя ўмовы, развіццё сістэмы фермерства і г.д. На сённяшні момант калгасы толькі змянілі шыльду на СВК.

Вольга Чыж

2 января 2012

Теги:

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі