+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Калядны падарунак i цуд ад Уладзiмiра Някляева

Набліжаюцца Каляды, і ва ўсіх, нават у дарослых, у душы зараджаецца спадзяванне на цуд, ці, прынамсі, на нейкі хоць невялікі, але жаданы падарунак.

Прыемны сюрпрыз рыхтуе ўсім нам адзін наш славуты зямляк. Зусім нядаўна ў інтэрнэце з’явілася паведамленне пра тое, што “ў музычнай калекцыі беларускіх песень пра Каляды неўзабаве будзе папаўненне. Над новай песняй працуе зорны творчы дуэт – спявак і кампазітар Зміцер Вайцюшкевіч і паэт Уладзімір Някляеў. Ужо запісаны першыя трэкі да песні.” Як паведамляе Зміцер Вайцюшкевіч, “будзе вельмі прыгожая, цёплая, чулая, спакойная песня “На Каляды” – пра каханне, пра Крэва… ” (Поўнасцю чытаць і слухаць тут).

Не дзіўна, што ў песні ўзгадваецца назва нашага мястэчка. Уладзімір Някляеў заўжды імкнецца пабываць на Каляды ў Крэве, у доме на Смаргонскай вуліцы, дзе прайшло яго дзяцінства. Прыпамінаецца, як гадоў дзевяць назад мне самому пашчасціла правесці гэтае свята ў кампаніі з паэтам. І я тады стаў сведкам адной гісторыі, якую, каб не была яна чыстай праўдай, лёгка можна палічыць за калядную фантазію.

У той вечар паэт, адведаўшы дома калядных страў, завітаў са сваімі блізкімі да мяне. Пасля таго, як крыху пасядзелі і за маім сталом, госці выцягнулі мяне на святочныя забавы. Як заведзена ў Крэве, крыху “пацягалі вароты”. Затым, пераапрануўшыся, выправіліся “калядаваць”. Вырашылі прайсціся і павіншаваць калі не ўсіх местачкоўцаў, то хаця б тых, хто жыў паблізу на нашай вуліцы.

Шчыра кажучы, мне было крыху сорамна за сваіх землякоў: адныя не пажадалі нам адчыняць, іншыя выключалі святло, пачуўшы, што прыйшла вясёлая кампанія. І толькі ў доме Карповічаў адгукнуліся на наш грукат і сардэчна запрасілі да стала. Уладзімір Някляеў падзякваў гаспадарам, прамовіў шчодрыя і шчырыя зычэнні, прачытаў верш і саспяваў песню. На развітанне я, нібы ў жарт, сказаў гаспадарам: “У гэтым годзе вам будзе шанцаваць як ніколі – пажаданні такога славутага калядоўшчыка абавязкова збудуцца!”

І што б вы думалі! Ужо праз колькі дзён усё Крэва абмяркоўвала навіну: Карповічы па латарэі выйгралі аўтамабіль!

Магчыма, дарма не паверылі многія беларусы перадкалядным абяцанням Някляева ў 2010 годзе і не адчынілі для яго свае сэрцы…

Аляксандр Камінскі,  http://kreuski.livejournal.com/

10 декабря 2014

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі