+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Канавалаў і Кавалёў як люстэрка беларускага грамадcтва

Лукашэнка не памілаваў Канавалава і Кавалёва. Аб гэтым заяўлена афіцыйна. І гэтая навіна ўскалыхнула беларускую інтэрнэт-прастору, мабыць, не менш, чым сам тэракт на станцыі метро “Кастрычніцкая” ў красавіку мінулага года. 

Зразумела, што сам факт “жэстачайшай” нялітасці будуць абмяркоўваць не так доўга, як выбух. Самае доўгае – да з’яўлення афіцыйнага пацвярджэння аб прывядзенні выраку “в исполнение”.

Зрэшты, не так важна, калі гэта адбудзецца – сёння, заўтра ці праз тыдзень. Прысуд ніхто не адмяняў. Адзінае, што застаецца – чакаць…

У мяне не ўзнікае аніякіх ілюзій адносна дзеючай улады. Таму я нават не спадзяюся, што памыляюся, хаця, мабыць упершыню, і хацеў бы прызнаць сваё меркаванне памылковым. І, мабыць, нават не адзін толькі я. Сляпы прамень надзеі на нейкую замену пакарання цепліцца хіба што яшчэ толькі ў сэрцах бацькоў ды блізкіх сваякоў асуджаных. Але як бы гэта цынічна ні гучала, на мой погляд – безпадстаўна.

Тым не менш, лёс гэтых амаль юнакоў прымушае зірнуць на сапраўднае аблічча існуючага ў краіне дзяржаўнага і грамадскага быцця зусім па-іншаму. І на гэты раз без “ружовых акуляраў”.

На мой погляд, у асобах Канавалава і Кавалёва прысуд быў вынесены ўсёй Беларусі. І ўсім нам, яе грамадзянам. Кожны з нас у любы момант можа аказацца “крайнім” і кожны ўжо зараз з’яўляецца “асуджаным з адтэрміноўкай пакарання”, але з той толькі розніцай, што “прысуд” яшчэ не прыведзены “в исполнение”. Думаю, прыводзіць нейкія канкрэтныя факты з судовых пастаноў залішне, бо іх сотні, калі не тысячы. Цяпер нават ганебныя турэмныя тэрміны палітычным закладнікам рэжыму ў параўнанні са смяротным прысудам здаюцца дробяззю.

Так, рэжым свядома ідзе на гэта. У дадзены момант А.Г. неабходна адцягнуць увагу як міжнароднай, так і беларускай грамадскасці ад тэмы палітзняволеных. Тым больш, што яму ўжо адкрытым тэкстам пагражаюць  эканамічнымі санкцыямі, калі палітвязні не будуць вызваленыя і рэабілітаваныя. І вось – новая тэма і,  магчыма, новы “лот” для далейшай гульні ў “палітычны аукцыён” з ЕС. Не скарыстаць такога моманту было немагчыма.

Але гэта не самае галоўнае з маіх назіранняў. Што адзін, што другі “тэрарыст” жылі і выхоўваліся ў звычайных, сярэднестатыстычных сем’ях. І паводзіны іх бацькоў, што пад час следства, што на судзе, што пасля яго, таксама – прадказальныя. Любоў Кавалёва – не маці рэвалюцыянера. Ды й самі “тэрарысты” не цягнуць на Чэ Гевару ці Грынявіцкага. Гэта тыя людзі, з якімі мы кожны дзень стаім у адных чэргах, ходзім па адных вуліцах, магчыма, жывем у адным доме ці нават на адной лесвічнай пляцоўцы. І яны нічым асаблівым не адрозніваюцца ад кожнага з нас у сваім будзёным жыцці.

Дарэчы, заўважылі “стратэгію абароны” бацькоў асуджаных? Сям’я Канавалава ўсяляк пазбегае СМІ, не дае інтэрв’ю, іх ахоўваюць ад журналістаў і простых грамадзян “людзі ў цывільным”. Маці ж Кавалёва, наадварот, усімі сіламі стараецца прыцягнуць увагу шырокіх колаў грамадзкасці да таго, што адбылося з яе сынам. Гэтыя дзве сям’і як нельга лепей сімвалізуюць сучасны стан рэчаў ў нашым грамадстве. Яны з’яўляюцца яго тоесным, прамым адлюстраваннем. Аднак ні адна з гэтых “стратэгій” паводзін не спрацавала. Бо за іх, як і за нас з вамі, ужо ўсё даўно вырашылі. Прысуд вынесены, застаецца толькі чакаць…

Мне вельмі не хочацца пісаць аб асуджаных у мінулым часе. Таму што тым самым будзе атрымлівацца, што я пішу ў мінулым часе пра ўсю сённяшнюю Беларусь. Пра ўсіх нас, уключаючы сябе самога. Пра сваіх сучаснікаў – бацькоў, сяброў, знаёмых, усіх тых, каго вельмі люблю і паважаю. Аднак толькі маё жаданне тут ні пры чым. Факт заўсёды будзе толькі фактам і нічым іншым. Таму раю падысці да люстэрка ды яшчэ раз пільна ўгледзецца ў вочы “асуджанага”. Вочы Канавалава і Кавалёва. Магчыма, ўжо ў апошні раз у жыцці.

Аляксандр Ахмач, zapraudu.info

16 марта 2012

Коментарии

  • нехта16 марта 2012 #

    Няма словаў… сумна, сумна (( і нават страшна.

  • машаиванова20 марта 2012 #

    самі “тэрарысты” не цягнуць на Чэ Гевару ці Грынявіцкага. Гэта тыя людзі, з якімі мы кожны дзень стаім у адных чэргах, ходзім па адных вуліцах, магчыма, жывем у адным доме ці нават на адной лесвічнай пляцоўцы. І яны нічым асаблівым не адрозніваюцца ад кожнага з нас у сваім будзёным жыцці.\\
    то есть выходит КАЖДЫЙ МОЖЕТ ЗАЛОЖИТЬ БОМБУ В МЕТРО? Тогда зачем Вам жаль эту страну, где каждый может и сам убить (подложив бомбу людям идущим домой с работы..) и быть убитым (когда в исполнение приведут приговор)…о такой стране и надо только в прошедшем времени

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі