+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Канстанцін Скуратовіч: Новыя беларускія «бабкі»

Пасля ўсталявання адзінага валютнага курса рубля беларусам паабяцалі не праводзіць дэнамінацыі і надрукаваць банкноту за намінальнай вартасцю ў 200 000 рублёў.

Магчыма, гэта будуць не ўсе «інавацыі» з грашыма, бо ўсім відавочна, што дробязі кшталту дзесяці- і пяцідзесяцірублёвак нікому не патрэбныя. Мусіць, ужо і за сотню, якая стала цалкам умоўнай адзінкай, нічога не купіш. А раз так, то сапраднае яе вартасць не дасягае савецкай капейкі, за якую можна было набыць карабок запалак.

Што зробіш, неяк не шанцуе нашай краіне і нам усім з грашыма. То іх робіцца зашмат, у кішэню не лезуць, то заробак плоцяць чатырма паперчынамі. Цікава, што новыя банкноты намінацый ад 10 тысяч рублёў пачалі аздабляць срэбнымі палоскамі ад падробак літаральна напярэдадні майскай дэвальвацыі. Як вядома, дзяржава сама друкуе грошы і таму не можа быць абвінавачанай у іх фальшаванні. Але раз пораз, як сучасная беларуская дзяржава (дакладней, яе прэзыдэнт, урад і галоўны банк) робіць з нацыянальнай грашовай адзінкай, што захоча. І кожны раз узнікае адно пытанне: ці ведаюць яны на самой справе, чаго хочуць.

Здаецца, не зусім ведаюць. Прыкладам, дэвальвацыя рубля з трох да пяці долараў падавалась фінансавымі службоўцамі як дакладна матэматычна вызначанае. Але рынак разлікам не паверыў і ўсталяваў курс нашмат вышэйшы. Як сёння можна пачытаць у інтэрв’ю валютчыкаў, на гэтай недакладнасці яны добра зарабілі. Але нават іх высокі прафіт не ідзе ў параўнанне з даходамі тых асоб, якія мелі магчымасць для сваіх патрэб набываць долары па 5 тысяч, калі яны рэальна каштавалі ўдвая болей.

І здзіўляцца тут няма чаму. Той, хто распараджаецца рэсурсамі, мае магчымасць ужываць іх у асабістых мэтах. На лячэнне, на аздараўленне, на паездкі ў тыя краіны, дзе беларускіх дзеячоў яшчэ прымаюць. Увогуле, усей дробязі не пералічыш, а мусіць жа ёсць артыкулы, якія патрабуюць і больш значных выдаткаў. Калі дзяржава табе, можна лічыць, належыць, то рукі развязваюцца самі па сабе. Прыкладаў таму шмат.

Да таго ж наша дзяржава выглядае не вельмі заклапочнай у сэнсе сумлення. Зрабілі адну дэвальвацыю, потым другую, вывернулі кішэні ў кожнага і не надта паклапцілісь наконт годных тлумачэнняў. Аб прабачынні гутаркі нават не было. Звінавацілі саміх абрабаваных ды цвердзяць, што ніякага крызісу ў краіне няма, а ёсць толькі крызісныя з’явы. Чым апошняе лепей, невядома. Але магчыма, мы ў розных краінах жывем.

Дзяржава не можа займацца фальшванням грошай. Лічыцца, што яна праводзіць грашовую палітыку і час ад часу грошы псуе. Калі псаванне дасягае буйных памераў, то звычайна ўладныя персоны або ўрады зыходзяць у адстаўку як некампетэнтныя. У нас жа пакуль няма такой традыцыі, таму можна чакаць чаго заўгодна. Нашыя могуць загадаць лічыць зіму летам, і мусім падпарадкавацца. А як інакш пры тых паўнамоцтвах, якія яны сабе прысвоілі? Якая там яшчэ кампетэнтнасць?

Прыкладам, аб пагрозе дэвальвацыі даўно гаварылі не толькі спецыялісты, а нават студэнты-першакурснікі. І калі гэта пагроза стала цалкам рэальнай, білі ў званы – нельга адкладваць, запавольванне да смерці падобна. Тым не менш, улады як палахлівыя, лянівыя ды нецікаўныя вучні рабілі ўсё магчымае, каб цяжкую працу перанесці на апасля. Гэта крыўдна, бо нашыя страты маглі быць нашмат меншымі. Хоць крызіс апанаваў амаль увесь свет, але па маленькай Беларусі быў нанесены вельмі моцны удар. Не ведама нават з кім і параўнаць. Зразумела, не з грэкамі, якія ладзяць акцыі пратэсту пры значна меншых грашовых стратах.

Некампетэнтнасць уладаў – страшная бяда для дзяржавы і насельніцтва. Бо, па-першае, некампетэнтныя надзеленыя ўладаю людзі не лічаць гэту якасць недахопам і таму вучыцца не хочуць.Некампетэнтныя кіраўнікі ствараюць вакол сябе такія ж каманды і таму іх некаму вучыць, па-другое. І па-трэцяе, яны не проста дарам ядуць свой хлеб, але замінаюць тым, хто гэты хлеб вырабляе.

Не здарма кажуць, што горай за некампетэнтнага чалавека бывае іншы некампетэнтны, але надзелены ўладнымі паўнамоцтвамі чалавек. Гэты афарызм належыць знакамітаму авіяцыйнаму акадэміку Тупалеву і ў аўтарскім выкананні гучыць як прысуд: горай за дурня толькі дурань з інцыятывай. А калі скласці спіс усіх інцыятываў, якія был праяўлены нашай уладаў амаль паўсюду, куды дацяў яе доўгі нос, млосна становіцца.

Каб жа толькі дармаеды. Не, гэта такія, што «едят» саму працу. Рускі паэт Сумарокаў пісаў пра пчол, якім надакучыў такі досвед і яны зврнуліся да Апалона за дапамогай.Той спусціўся ў вулей, «жуков всех выгнал вон, сказал, друзья мои, в навоз отсель подите, они работают, а вы их труд едите, да вы же скаредством и патоку вредите».

Патака ў часы Сумарокава лічылась мёдам. Што цікава, усе ведаюць нашых жукоў паімённа, і самі яны гэта ведаюць, але нічога з імі зрабіць ніхто не можа. Як адзначыў з нагоды беларускіх грашовых падзей усім вядомы кіраўнік Вышэйшай школы эканомікі Яўген Ясін: «Гісторыя з Беларуссю вельмі паказальная. Яна пацярпела па прычыне безграматнасці і ўпартасці прэзідэнта, які, шчыра кажучы, нелегітымен».

Бачыце як яно выглядае чалавеку, які глядзіць на мудрагелістага нашага палітыка аб’ектыўным поглядам чалавека не тутэйшага, то бок не зацікаўленага.

Не магчыма паверыць, каб такі дасведчаны чалавек, якім ёсць Ясін, памыляўся наконт легітымнасці, але ж як слынны эканаміст, ён можа прафесійна меркаваць аб эканамічнай граматнасці Лукашэнкі. Што крывіць душой, завочная эканамічная адукацыя ў сельгасакадэміі, якую атрымаў некалі дырэктар саўгаса «Гарадзец», была на самой справе толькі паперчынай – дыпломам, які павінен быў мець у той час кожны чалавек на такой пасадзе.

Спраўдзілась і прароцтва Ясіна наконт таго, што Міжнародны валютны фонд не дасць Беларусі пазкаў, бо Лукашэнка не здольны да ажыццяўлення рэформаў у шырокім сэнсе гэтага слова. Бо на самой справе ўсе тое, што робіць у краіне і з краінай гэты чалавек, ёсць імітацыяй дзейнасці. Калі нешта і робіцца, то з такімі маштабнымі купюрамі, без якіх губляецца здаровы сэнс.

Мусіць, ці не адзінае, чым ён займаецца на поўным, як кажуць, сур’езе – гэта гульня ў хакей. І зноў не на прафесійным, а на аматарскім узроўні, які тым не менш трэба разглядаць як прафесійны.

Як лічыць той жа Ясін, пытанне з крэдытамі для Беларусі балючае, але хто б іх не даваў, эканоміку краіны яны не выратуюць. Новыя «бабкі» попрасту згараць у топцы неэфектыўнай эканомікі, як ужо згарэлі дзесяткі і сотні пазычаных і заробленых беларусамі мільярдаў.

27 октября 2011

Теги:

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі