+375 17 209-48-04

info@zapraudu.info

Кавалеўскі: Другі раз на тыя ж граблі. Балаж Ярабік спрабуе «перапісаць» Лукашэнку

Стыпендыят Фундацыі Карнегі ў Вашынгтоне і шматгадовы супрацоўнік няўрадавай амерыканскай арганізацыі «РАСТ» Балаж Ярабік у сваім артыкуле «Новы погляд на Беларусь: рэчаіснасць за межамі рыторыкі» робіць спробу намаляваць поўную карціну сітуацыі ў Беларусі: у палітыцы, эканоміцы і грамадстве.

Артыкул відавочна прызначаны для замежнай аўдыторыі – экспертаў і спецыялістаў па Беларусі ў ЗША і краінах ЕС. Аднак беларускім чытачам будзе карысна пазнаёміцца з метадамі, якія ўжываюць некаторыя дзеячы для таго, каб прадставіць нашу краіну і Лукашэнку за мяжой згодна са зменамі ў палітычнай кан’юнктуры.

jarabikbalasz

Артыкул Ярабіка прапануе асаблівы пункт гледжання на адабраныя факты і лічбы. Чуткі і пагалоскі ад неназваных крыніцаў выкарыстаны для таго, каб сфармуляваць даволі значныя, хоць і неабгрунтаваныя высновы. Заўважныя тэндэнцыі развернутыя такім чынам, каб палепшыць успрыманне Аляксандра Лукашэнкі. Кампанія «Гавары праўду» зрабіла пераклад артыкула Ярабіка на рускую мову і раіць яго як прыклад добрай аналітыкі «Пересматривая ситуацию в Беларуси: реальность за пределами риторики».

У гэтым артыкуле выкладзены мае каментары да некаторых такіх сцверджанняў Ярабіка. Уключаны таксама фактычныя прабелы, якія наўмысна ці выпадкова не былі адлюстраваныя ў артыкуле.

«Беларусь мае доўгую гісторыю аўтарытарызму».

Аўтарытарызм не ўласцівы Беларусі. Аднак Беларусь мае гісторыю аўтарытарызму за Лукашэнкам, які ўзурпаваў уладу ў 1994 годзе. Больш за тое, Беларусь мае доўгую гісторыю супраціўлення аўтарытарызму. Да таго, як да ўлады прыйшоў Лукашэнка, Беларусь развівалася як краіна, што паважае асноўныя свабоды, правы чалавека і дэмакратычныя стандарты кіравання.

«Улада Лукашэнкі была ўмацаваная ў 1996 годзе праз рэферэндум, адбыўся адкат дэмакратычнага працэсу». 

Гэта быў не проста рэферэндум — гэта быў нелегітымны рэферэндум. У 1996 годзе Вярхоўны Савет распачаў працэдуру імпічменту Лукашэнкі ў сувязі са шматлікімі парушэннямі ім Канстытуцыі ўсяго за два гады кіравання. Працэдура імпічменту была раптоўна спыненая ў выніку здзелкі, якую выгандлявалі высокапастаўленыя перамоўшчыкі з Расіі. Галасаванне і падлік галасоў на рэферэндуме кантраляваў Лукашэнка, сілы якога захапілі Цэнтрвыбаркам за некалькі дзён да галасавання. Гэта стала пачаткам аўтарытарнага рэжыму пад расійскім пратэктаратам, які паступова развіўся ў сённяшнюю дыктатуру.

«Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года ўрад жорстка разагнаў людзей, якія пратэставалі супраць перамогі Лукашэнкі».

Не было «перамог Лукашэнкі» на выбарах пасля таго, як яго ўпершыню абралі ў 1994 годзе. Выбары 2010 года былі найбольш несправядлівымі і недэмакратычнымі. 19 снежня людзі пратэставалі не супраць «перамогі» Лукашэнкі, а супраць сфальсіфікаваных выбараў. Для параўнання, ніколі не было ніводнага народнага святкаванння з нагоды «перамогі» Лукашэнкі.

Довад, што Лукашэнка перамог бы ў любым выпадку, нават калі б выбары былі справядлівымі, не вытрымлівае крытыкі.

Заможны чалавек адкрыта крадзе ў краме нешта, што ён мог купіць за свае грошы. Ці той факт, што ён «мог бы купіць» гэтую рэч, робіць скрадзенае законным набыткам? Безумоўна ж, не.

«Колькасць арыштаў істотна знізілася з цягам часу, што азначае рост прасторы для палітычнай прасторы».

Але ж нават графік у артыкуле паказвае рост рэпрэсій у Беларусі ў 2014 годзе! Многія былі здзейснены падчас чэмпіянату свету па хакеі ў маі. Больш за тое, не бярэцца пад увагу тое, што многія палітыкі і актывісты, якія мелі мужнасць супрацьстаяць дыктатуры, былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі, тым часам як астатнія застаюцца пад пастаяннай пагрозай зняволення. Многія пад ціскам сістэмных рэпрэсій старанна і асэнсавана пазбягаюць актыўных дзеянняў. Гэтая тэндэнцыя, калі яе працягнуць далей, прывядзе беларускае грамадства да поўнай стабільнасці, цішыні і парадку, накшталт таго, які стаіць на могілках.

Зусім не зразумела, дзе аўтар разглядзеў «рост палітычнай прасторы» ва ўмовах працягу шматлікіх арыштаў і пільнага кантролю над журналістамі.

«Патэнцыял для пераўтварэнняў абмежаваны, таму што кожнае палітычнае рашэнне павінна быць ухвалена сілавікамі (ваеннымі і службамі бяспекі)».

Тут назіраецца відавочная спроба абяліць асобу Лукашэнкі, патлумачыць яго палітычны ці эканамічны курс «аб’ектыўнымі прычынамі». Праўда ж у тым, што Лукашэнка заўсёды пільна кантраляваў сілавікоў, а не наадварот. Яго старэйшы сын Віктар Лукашэнка каардынуе гэтую сферу на пасадзе памочніка прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы з 2005 года.

«Беларусы традыцыйна залежаць ад дзяржавы, таму любыя змены [у сённяшняй мадэлі эканомікі пад кантролем дзяржавы] могуць справакаваць народнае абурэнне».

Гэтае сцверджанне асабліва перадузятае, паколькі яно паказвае беларусаў як нясталае, залежнае, несамастойнае насельніцтва — проста такі феномен між Літвой і Украінай. Але як жа іншая тэндэнцыя, раней узгаданая ў артыкуле Ярабіка, — рост ролі прыватнага сектару ў эканоміцы, калі 57% беларусаў зарабляюць без дапамогі дзяржавы?

«Дзвюма найбольш шанаванымі каштоўнасцямі афіцыйнага Мінска традыцыйна з’яўляюцца стабільнасць і незалежнасць».

Толькі «стабільнасць» забяспечваецца жорсткім рэпрэсіўным апаратам. А незалежнасць знаходзіцца пад кантролем Масквы, што працягвае ўзмацняцца.

«Беларусы, згодна з апытаннямі, выбіраюць саюзнікаў, зыходзячы з эканамічнага прагматызму, а не з каштоўнасцяў, і існуюць у адной інфармацыйнай і культурнай прасторы з Расіяй».

Лукашэнка выбірае саюзнікаў, а не беларусы. І ён выбірае іх па прыкмеце іх спагадлівага стаўлення да палітычнага рэжыму ў Беларусі. «Саюзнікі» Беларусі пры Лукашэнку ўключалі цэлы шэраг сусветных ізгояў: Фідэль Кастра з Кубы, Уга Чавес з Венесуэлы, Садам Хусейн з Ірака, палкоўнік Кадафі з Лівіі, Ахмадзінеджад з Ірана, Асад з Сірыі і, канечне, аўтарытарны клуб былых савецкіх рэспублік.

Беларусы маюць сваю ўласную выразную культурную прастору, якая знаходзіцца пад агрэсіўным ціскам Расіі. Гэтая паўсюдная расійская інфармацыйная і культурная прысутнасць — вынік свядомай палітыкі Лукашэнкі, а не натуральны стан беларускай культуры.

«У прыватных размовах беларусы часта гавораць, што закрытасць, нават ізаляванасць грамадства – гэта такая тактыка для выжывання сярод міжнародных канфліктаў. Падобную ментальнасць нялёгка пераадолець».

Гэта відавочная спроба перакласці з Лукашэнкі на беларусаў адказнасць за міжнародную самаізаляцыю краіны, створаную дзеля ўмацавання аўтарытарызму. Гістарычна Беларусь ніколі не была закрытым ці ізаляваным грамадствам — краіна не аддзелена ад свету ніякімі геаграфічнымі бар’ерамі. Паказальна, што беларусы атрымліваюць найбольшую колькасць шэнгенскіх віз сярод іншых народаў. Па сваёй культуры і ментальнасці беларусы не толькі не схільныя ізалявацца ў сваёй краіне, яны ўпэўнена выпрабоўваюць сябе ў іншых культурах і грамадствах.

У той жа час для ўнутранай аўдыторыі Лукашэнка актыўна навязвае беларусам ментальнасць аточанай крэпасці. Нібыта «ніхто ў Еўропе не чакае Беларусь», а ЗША і ЕС хочуць беларусам паняволіць. Разам з тым, для замежных аўдыторый рэжым гаворыць пра адкрытасць Беларусі перад светам.

«Палітыка Захаду была нецярплівай і яго звычка патрабаваць і дыктаваць умовы паўплывала на бягучы стан адносінаў».

Палітыка Захаду па Беларусі была вельмі цярплівай. Яго захады былі вельмі мяккімі і пакідалі дастаткова месца для далейшага супрацоўніцтва. Было заўсёды зразумела, што Мінск можа зрабіць, каб нармалізаваць адносіны. Падчас працэсаў нармалізацыі Захад робіць тры крокі, пакуль Лукашэнка абдумвае адзін. Пры гэтым ён заўсёды валодае ўсімі неабходнымі паўнамоцтвамі і рэсурсамі, каб зрабіць свой крок. Яшчэ ў 2001 годзе Злучаныя Штаты сумесна з МЗС Беларусі распрацавалі падрабязную пакрокавую стратэгію паляпшэння двухбаковых адносінаў, якая ўлічвала асаблівасці і інтарэсы Беларусі. Беларускі бок адмовіўся яе рэалізоўваць.

Цалкам справядліва свярджаць, што Лукашэнка і толькі ён з’яўляецца галоўнай прычынай кепскага стану адносінаў паміж Беларуссю і Захадам.

«Гэта не задавальняе тых у ЕС, хто бачыць Усходняе партнёрства як праект «пан або прапаў». Партнёрства не вядзе гаворку пра членства, але калі б беларусы павінны б

ылі выбіраць, то яны б выбралі Расію».

Усходняе партнёрства ніколі не мела завышаных чаканняў што да Беларусі. Гэта заўсёды была хутчэй магчымасць нагадаць беларусам пра іх еўрапейскасць, выявіць перспектыўныя кірункі супрацоўніцтва і ўсталяваць дадатковы канал камунікацый. «Пан або прапаў» — зусім не прыдатная формула да Беларусі.

Сцверджанне аб тым, каго беларусы выбралі б, варта прытрымаць да часу, калі беларусы атрымаюць права выбару, якога цяпер не маюць.

«Мінск таксама незадаволены амаль што выключным фокусам Захаду на правах чалавека і недастатковым разуменнем светам таго, што Расія можа пагражаць Беларусі».

Парадак дня адносінаў Беларусі з Захадам даволі шырокі: гандаль, інвестыцыі, міжнародная злачыннасць, адукацыйныя абмены, барацьба з гандлем людзьмі і г.д. Бадай што, можа было б паспрабаваць выправіць сітуацыю з правамі чалавека ў краіне, каб перавесці фокус Захаду на іншыя, больш прымальныя тэмы.

Рэжым Лукашэнкі на працягу многіх гадоў «прадаваў» расійскую пагрозу Захаду. Гэта працавала раней, і рэакцыя Захаду на беззаконні ў Беларусі мякчэла, «каб не штурхнуць Беларусь у абдымкі Расіі». Цяпер, калі Расія акупавала землі суседзяў, такія пужалкі працуюць яшчэ лепш.

«Здольнасць ЕС да манеўру была скаваная выбарам толькі аднаго партнёра — апазіцыйных сіл, якія прайгралі Лукашэнку».

Галоўнай перашкодай для дыялогу з’яўляецца палітыка Лукашэнкі па ўмацаванні яго асабістай улады. Дзеля гэтага знішчаецца любая здольная палітычная апазіцыя. У тым самым і прычына мэтаскіраванай кампаніі па ачарненні ЕС і ЗША і нагнятанні варожасці да іх — дзеля атрымання расійскіх рэсурсаў.

«Аднак, пачынаючы з 1996 года, беларускі ўрад трымаў апазіцыйныя сілы пад кантролем праз метады, якія можна назваць прэвентыўным ці адаптыўным аўтарытарызм».

Лукашэнка трымае апазіцыю не пад кантролем, а ў страху. Некаторыя лідары апазіцыі зніклі назаўсёды, многія патрапілі ў турмы, многія былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі, каб пазбегнуць рэпрэсій супраць іх і іх сем’яў.

«У выніку заходняй падтрымкі апазіцыя атрымала лепшыя сувязі ў еўрапейскіх сталіцах, чым у Беларусі».

Ілжывае сцверджанне. Рэжым Лукашэнкі мэтанакіравана пазбаўляе апазіцыю нармальных умоваў для развіцця сувязяў у сябе дома, у Беларусі, праз выкарыстанне мноства абмежаванняў. Падтрымка Захаду да гэтай праблемы не мае дачынення.

«Надышоў час адкінуць прытворства, што ў Беларусі «нічога немагчыма» – тое, што часта паўтараюць беларускія палітычныя актывісты прадстаўнікам Захаду, – і прыняць палітыку, якая будзе засноўвацца не толькі на падтрымцы адной сілы, але будзе нацэлена на ўсю краіну».

Палітычная апазіцыя і грамадзянская супольнасць змагаюцца ў Беларусі і за мяжой, і яны не дапускаюць канчатковага заняпаду сітуацыі ў краіне. Настрой «нічога немагчыма» проста непрымальны ў размовах з замежнымі партнёрамі, якія хочуць і гатовыя дапамагаць.

Лукашэнку патрэбныя лепшыя адносіны з Захадам значна больш, чым Захаду патрэбны лепшыя адносіны з Беларуссю. Для Лукашэнкі (і, на жаль, для Беларусі, што знаходзіцца пад яго поўным кантролем) гэта пытанне існавання — жыцця і смерці. Для Захаду — тактычны момант, які можна перажыць. За кожны станоўчы крок Захаду — публічная заява, афіцыйны візіт, знятыя гандлёвыя абмежаванні — павінна быць папярэдняе дзеянне Лукашэнкі па дэмантажы дыктатуры ў Беларусі. Сітуацыя ненармальная для краіны і для народа Беларусі. Захад мае рычагі ўздзеяння, каб адыграць станоўчую ролю ў пераадоленні гэтай сітуацыі.

«Ужо цяпер назіраецца рост прыняцця «рускага свету» ў Беларусі. Расійская культурніцкая арганізацыя «Россотруднічество» нядаўна адкрыла офіс у Брэсце на мяжы Беларусі з Польшчай. Ходзяць чуткі, што Крэмль падтрымаў апазіцыйныя праекты перад выбарамі 2010 года і што тады прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў распачаў кампанію супраць Лукашэнкі».

Зноў спроба зваліць усё да кучы, каб прывесці чытача да пажаданых высноваў. У адным абзацы сышліся «рускі свет» і апазіцыйныя праекты 2010 (заснаваныя на чутках) з відавочнай спекуляцыяй пра тое, што Лукашэнка нібыта супрацьстаіць «рускаму свету». Па логіцы такога паведамлення Захаду на Лукашэнку не варта ціснуць, яго трэба падтрымаць.

«Мінск не выключае магчымасці захопу адміністратыўных будынкаў узброенымі людзьмі праз выкарыстанне апазіцыйнага пратэсту ў якасці нагоды, як гэта здарылася ва Усходняй Украіне. [] Загад МУС дэпартаваць Алену Танкачову – гэта ціхая зачыстка расійскіх грамадзян перад прэзідэнцкімі выбарамі 2015 года».

Гэта поўнае неразуменне матываў і прычын крокаў беларускага рэжыму. Алена Танкачова — выбітная і паспяховая беларуская праваабаронца, патрыётка Беларусі, якую пакаралі за яе праваабарончую дзейнасць, а не за расійскае грамадзянства.

«Апазіцыя павінна прызнаць, што ў 2010 годзе не было рэвалюцыі».

Апазіцыя і не сцвярджала, што ў 2010 годзе адбылася рэвалюцыя. Гэта быў мірны пратэст супраць фальшавання выбараў, які быў жорстка задушаны.

«Рэжым павінен прызнаць, што паслявыбарныя рэпрэсіі былі празмернымі».

«Празмернасць» — гэта няўдалае слова для дзеянняў, якія супярэчылі ўсім прынцыпам беларускага права і міжнародным стандартам. Палітыкаў і актывістаў кідалі за краты і катавалі. Гэты перыяд не скончыўся ў 2011 годзе. Рэпрэсіі працягваюцца і будуць ужывацца, пакуль існуе супраціўленне дыктатуры.

«Палітычныя зняволеныя, прызнаныя Міжнароднай амністыяй, павінны быць вызваленыя».

Усе палітычныя зняволеныя, не толькі тыя, што былі прызнаныя Міжнароднай амністыяй (Мікалай Статкевіч і Эдуард Лобаў), павінны быць вызваленыя. Таксама тыя, хто былі зняволеныя і вызваленыя, павінны быць рэабілітаваныя і іх палітычныя правы адноўленыя.

Факты і падзеі, якія паўплывалі на адносіны паміж Беларуссю і Захадам і сфармавалі ўнутраную сітуацыю ў краіне.

— Працэдура імпічменту супраць Лукашэнкі ў 1996 годзе.

— Эскадроны смерці і знікненні дзеячоў апазіцыі ў 1999—2000 гадах.

— Рэферэндум 2004 года па зняцці канстытуцыйнага абмежавання тэрмінаў прэзідэнцтва для адной асобы.

— Высокі ўзровень карупцыі (119 месца з 175 краін згодна з ацэнкамі Transparency International)

— Адсутнасць вяршэнства права (50 месца з 99 краін згодна з ацэнкамі World Justice Project).

— Мэтанакіраваныя сістэмныя доўгатэрміновыя высілкі рэжыму па аслабленні беларускай ідэнтычнасці і абмежаванне сфераў ужытку беларускай культуры і мовы.

— Адсутнасць дыялогу паміж грамадствам і ўладай.

— Поўная адсутнасць падсправаздачнасці ўлады грамадству.

— Дэмантаж сістэмы стрымак і проціваг між галінамі ўлады.

* * *

Валер Кавалеўскі — былы супрацоўнік міністэрства замежных спраў Беларусі. Ён вядзе блогі palitykabelarusi.blogspot.com і belaruspolitics.blogspot.com і твітар @kavaleuski

Валер Кавалеўскі

«Наша Нiва«

13 декабря 2014

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Поход к избирателям. Олег Квятинский, кандидат в депутаты Витебского горсовета