+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

МАГІЛЁЎЦЫ ПРА «НАРОДНЫ РЭФЕРЭНДУМ»: ДУМКІ РОЗНЫЯ. Ад «Ініцыятыва нерэальная» – да «Адназначна “За”»

Эканаміст, медык, праваабаронца, палітычныя ды грамадскія дзеячы Магілёва выказваюць свае меркаванні наконт вядомай ініцыятывы і прапануюць свае пытанні на рэферэндум.

Праваабаронца Барыс Бухель:

– Я яшчэ не вызначыўся з пытаннем гэтай ініцыятывы. З аднаго боку, нешта трэба рабіць, а з іншага – мы пастаянна ўпіраемся ў сцяну, якую заканадаўча выбудаваў рэжым Лукашэнкі, і ўсе намаганні апазіцыі разбіваюцца праз гэты мур. Для такой вялікай працы, як правядзенне «Народнага рэферэндуму», патрэбны моцныя рэгіянальныя структуры грамадскіх арганізацый і палітычных партый, якія вырашылі яго правесці. Ці хопіць у ініцыятараў такіх сілаў, можа паказаць толькі практыка.

Грамадская актывістка, медык Наталля Шкадун:

– Лічу, што на дадзены момант ініцыятыва «Народнага рэферэндуму» нерэальная. Гэта звязана з нізкай актыўнасцю нашага насельніцтва. Я маю на ўвазе не толькі палітычную, але і грамадзянскую актыўнасць. Калі ўсё ж такі ініцыятары возьмуцца за ўвасабленне сваёй ініцыятывы ў жыццё, я бы прапанавала ўключыць у спіс пытанняў для «Народнага рэферэндуму» пытанні аховы здароўя, будаўніцтва жылля (яго якасць і падыходы), а таксама якасць аказання камунальных паслугаў насельніцтву.

Сябра Прэзідыума БСДП ад Магілёўскай вобласці Ігар Барысаў:

– У беларусаў зараз нізкі ўзровень палітычнай культуры. Шмат насельніцтва, аднак мала народу, мала актыўных грамадзян, якія маюць уласную пазіцыю і гатовы яе адстойваць. «Народны рэферэндум» і збор 450 тысяч подпісаў можа адбыцца толькі пры поўнай салідарнасці яго ініцыятараў і шырокай працы мясцовых незалежных СМІ, каб яны тлумачылі людзям, і ў першую чаргу ў рэгіёнах, што гэта такое. Сярод пытанняў, якія варта было б улучыць – пытанне па спрашчэнні працэдуры выдачы шэнгенскіх віз і адмены віз для еўрапейцаў: хай людзі едуць да нас і пакідаюць свае еўры ў бюджэце нашай краіны, а беларусы едуць у Еўропу без вялікіх складанасцяў і цягамоціны, якая ёсць зараз.

Каардынатар па Магілёўскай вобласці руху «За свабоду» Алесь Сілкоў:

– Цяпер цяжкая сітуацыя. Апазіцыю падтрымліваюць, паводле незалежных сацыялагічных даследванняў, каля 20%; 35% – уладу; а астатнія людзі жывуць самі па сабе. Мэта «Народнага рэферэндуму» – дастукацца да людзей, дазнацца чым яны жывуць. Я б выносіў першым пытаннем мясцовае самакіраванне, выбарнасць мэраў і губернатараў. Аднак для мяне важна, каб людзі самі вызначылі, якія пытанні яны хочуць вынесці на «Народны рэферэндум».

Кандыдат эканамічных навук Пётр Мігурскі:

– Для мяне мэты «Народнага рэферэндуму» пакуль не зусім зразумелыя. Выбараў у нашай краіне няма з 1994 году. Пра гэта ведаюць амаль усе, і дабіцца нечага праз гэты рэферэндум таксама не атрымаецца. Актывізаваць працу з насельніцтвам можна і па-іншаму. Калі ж казаць пра пытанні, якія мяне хвалююць, то гэта пытанне статусу беларускай мовы, рэфармаванне выбарчай сістэмы (улада не павінна належыць аднаму чалавеку) і эканомікі. Я за прыватызацыю дзяржаўных прадпрыемстваў і павелічэнне прыватнага сектара.

Лідар Магілёўскай кампаніі «Гавары праўду» Сяргей Лапуцін:

– Адназначна «За». Лепей нешта рабіць, чым сядзець і казаць, што ў нас усё дрэнна. Любое дзеянне можа падштурхнуць змены ў нашым грамадстве. Пачынаючы гэтую вялікую працу, мы ніколі не ведаем, якія будуць вынікі. Калі ж мы кажам пра палітыку, то вынікі будуць заўсёды. Людзі нас пабачаць, пачуюць, выкажуцца, схіляцца на наш бок. Варта працаваць зыходзячы з патрэбаў людзей, а не ўласных жаданняў палітыкаў. Для мяне актуальным пытаннем з’яўляецца – выбарнасць мэра.

Ян ЛЮБАЎ

zapraudu.infо

 

25 июня 2013

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі