+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

“Малая радзіма” Аляксандра Лукашэнкі не можа разлічыцца з даўгамі

Прадпрыемствы Шклоўскага і Круглянскага раёнаў Магілёўскай вобласці не разлічваюцца з будаўнікамі круглянскага ПМК-266 за выкананую працу. Сума запазычанасці складае некалькі дзесяткаў мільярдаў рублёў.

Кіраўнік ПМК-266 Мікалай Патрончык звярнуўся за дапамогай у вырашэнні праблемы да намесніка прэм’ер-міністра краіны Валерыя Іванова, аднак у адказ атрымаў толькі запэўніванні, што праблема знаходзіцца “ў стадыі рашэння”.

Як паведаміла раённая газета “Сельскае жыццё”, напрыканцы мінулага тыдня Круглянскі раён наведаў намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Валерый Іваноў, які адначасова з’яўляецца дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу краіны ад Бялыніцкага, Круглянскага і Шклоўскага раёнаў. Валерый Мікалаевіч правёў прыём грамадзян і сустрэўся з кіраўніцтвам Круглянскага раёна.

На прыём да дэпутата і віцэ-прэм’ера, у шэрагу з іншымі грамадзянамі, завітаў і кіраўнік Круглянскага ПМК-266 Мікалай Патрончык. Дарэчы, гэта прадпрыемства лічыцца адной з лепшых будаўнічых арганізацый у краіне, яно неаднаразова заносілась на абласную і рэспубліканскія Дошкі гонару. Мікалай Патрончык, які ўзначальвае ПМК з 1995 года, быў узнагароджаны медалём “За працоўную адзнаку”, яму прысвоена званне “Заслужаны будаўнік Рэспублікі Беларусь”.

Мікалай Васільевіч распавёў Валерыю Іванову пра тое, што зараз прадпрыемства трапіла ў вельмі складаную сітуацыю з-за таго, што арганізацыі (у першую чаргу сельскагаспадарчыя) Шклоўскага і Круглянскага раёна не разлічваюцца за ўжо выкананыя будаўнічыя работы. Між тым круглянскае ПМК-266 зараз будуе цэлы шэраг жывёлагадоўчых комплексаў у Шклоўскім і Круглянскім раёне, яно з’яўляецца асноўным выканаўцам будаўнічых работ на большасці абектаў у ААТ “Александрыйскае”, на малой радзіме кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі, які, дарэчы, не раз даваў высокую адзнаку тэмпам і якасці будаўнічых работ, што выконваюць круглянскія будаўнікі.

Пытанне, якое ўзняў Мікалай Патрончык, не з’явілась навіной для віцэ-прэм’ера, аднак нічога канкрэтнага Валерый Іваноў круглянскім будаўнікам адказаць не здолеў. Адзінае, што паведаміў віцэ-прэм’ер і дэпутат, гэта тое, што праблема знаходзіцца ў стадыі рашэння. Таксама ён адзначыў, што раней у сувязі з адсутнасцю рэальных крыніц грашовых сродкаў пад запланаваныя аб’ёмы даводзілась аптымізаваць фінансаванне асобных дзяржпраграм.

Нагадаю, што 8 лістапада на пашыраным пасяджэнні Саўміна прэм’ер-міністр краіны Міхаіл Мясніковіч выказаўся супраць далейшага эмісійнага фінансавання дзяржпраграм і друку «пустых грошай». Мясніковіч публічна прызнаў, што на праграмы жыллёвага будаўніцтва і будаўніцтва сельскагаспадарчых аб’ектаў на 2011 год дзяржава мела «нуль рублёў» грошай.

Але будаўнікам круглянскага ПМК-266, якія сумленна зрабілі сваю працу і не атрымалі за яе грошы, канстатацыя гэтага факта палёгкі не прыносіць. Як і не супакойваюць іх словы “народнага абранніка” Валерыя Іванова, змешчаныя ў газеце “Сельскае жыццё”: “Ситуация сегодня, действительно, не однозначная. Но катастрофы нет. Это и нужно людям правильно объяснять”.

Што тут “правильно объяснять”, калі людзі ўжо самі выдатна бачаць вынікі сямнаццацігадовага праўлення “усенароднаабранага” і яго паплечнікаў?..

Барыс Вырвіч

17 ноября 2011

Теги:

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Надо ли извиняться перед памятником? Андрей Дмитриев на ОНТ