+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Мікола Дземідзенка замест паломніцтва трапіў за краты

Аднога з лідэраў “Маладога Фронта” Міколу Дземідзенку 23 жніўня прысудзілі да сямі дзён арышту па абвінавачанні ў дробным хуліганстве.

Такое рашэнне агучыў суддзя Фрунзенскага суда Мінска Дзмітрый Лукашэвіч, паведамляе прэс-служба “Гавары праўду!”.

А 10-й гадзіне ў чаканні працэса каля будынка суда сабраліся журналісты і праваабаронцы, а таксама сябры і паплечнікі Міколы. Маладога чалавека прывезлі на паседжанне каля 11:30. Да яго пачатку невядомы, які назваўся “проста чалавекам”, перашкаджаў журналістам задаваць Дземідзенку пытанні. Іншы хлопец патрабаваў ад журналістаў супыніць фатаграфаванне, але назваць сваё імя і пасаду адмовіўся.

 

 

«Невядомыя», што патрабавалі ў журналістаў не фатаграфаваць

Працэс праходзіў у маленькім кабінеце — памерамі не больш як тры на чатыры метры. З гэтай нагоды суддзя загадаў “прынамсі двум чалавекам пакінуць памяшканне”. Але журналісты і паплечнікі Міколы адстаялі сваё права прысутнічаць на адкрытым паседжанні.

Зыходзячы з абвінавачання, Дземідзенка быў затрыманы 22 жніўня каля 14:30 на прыпынку каля дома №37 па вуліцы Бельскага, паколькі “лаяўся матам, правакаваў бойку і не рэагаваў на заўвагі міліцыянтаў”.

Сваёй віны Мікола не прызнаў. Ён заявіў, што быў затрыманы даволі далёка ад прыпынку — мэтрах у 100 ад яго, непасрэдна каля дома №37. Затрымлівалі маладога чалавека два невядомыя ў цывільным, якія назваліся супрацоўнікамі міліцыі, але не пажадалі паказаць сваіх дакумантаў. Пратакол затрымання Дземідзенка падпісаць адмовіўся.

Адвакат звярнула ўвагу на тое, што Мікола з’яўляецца вернікам і належыць да Беларускай грэка-каталіцкай царквы, а таму да лаянкі матам ставіцца адмоўна. Апрача таго, Дземідзенка ўвечары 22 жніўня збіраўся ехаць у паломніцтва і ўжо меў квіткі.

Сведка Віктар Жарскі — той сама, які патрабаваў ад журналістаў супыніць фатаграфаванне, — з неахвотай паведаміў суду, што з’яўляецца камандзірам аддзялення АМАПа. Ён сцвярждаў, што пабачыў Дземідзенку выпадкова, каді ішоў з паплечнікам на працу. Па словах міліцыянта, затрыманы лаяўся менавіта на прыпынку. Але сведка не змог выразна патлумачыць, у адрас каго і чаму. Таксама ён не ведаў, колькі чалавек знаходзілася на прыпынку і які транспарт там супыняўся.

Тое сама сказаў сведка Юрый Ажыгаў, міліцыянт. Ён не памятаваў, ані з якога боку падыходзіў да прыпынка, ані назву самога прыпынка. Таксама яго паказанні розніліся ад паказанняў Жарскага тым, што ад моманта затрымання Дземідзенкі да прыезда машыны прамінула 10 мінут, а не 20.

У суд быў выкліканы сведкам і Барыс Уладзіміравіч, які 22 жніўня нібыта чакаў транспарта на прыпынку і бачаў затрыманне там Дземідзенкі. Мужчына, які назваўся беспрацоўным, не змог выразна распавесці суду амаль ніякіх падрабязнасцяў затрымання Дземідзенкі, аднак паведаміў, што той не правакаваў бойку. Было бачна, што ў сведкі трасуцца рукі.

Мікола Дземідзенка папрасіў суддзю прадаставіць графік працы міліцыянтаў, заявіўшы, што яны не “ішлі на працу”, а менавіта знаходзіліся на працы і мелі заданне арыштаваць прадстаўніка “Маладога Фронта”. Таксама ён папрасіў выклікаць у якасці сведкі святара сваёй парафіі, каб той склаў маральны партрэт верніка. У сваю чаргу адвакат папрасіла прадаставіць расклад працы транспарта каля прыпынку, на якім нібыта затрымалі Міколу, і даведку ад мабільнага аператара, паслугамі якога той карыстаецца, каб усталяваць дакладнае месца затрымання.

Ніводнае з хадайніцтваў суддзя не задаволіў.

Свой арышт Мкола Дземідзенка разглядае як палітычны. “Я звязваю яго з тым, што 28 жніўня адбудзецца працэс майго сябра і кіраўніка “Маладога Фронта” Змітра Дашкевіча. Улады баяцца, што каля калоніі збіруцца людзі, якія могуць казаць праўду. Затрымліваючы мяне, улады спадзяюцца, што рэзананс ад працэса будзе меншым”, — заявіў ён.

Сапраўды, згодна прысуду, Мікола павінен выйсці на волю 29 жніўня.

Паліна Калтавічанка, zapraudu.info

24 августа 2012

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі