+375 17 209-48-04

info@zapraudu.info

Міхась Ткачоў: У пластыцы беларускага мыслення каласальная патэнцыя

Гэтымі днямі тыя, хто ведаў слыннага гісторыка, лідэра гарадзенскай “Паходні”, стваральніка Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады, рыцара найноўшага беларускага Адраджэння, доктара навук Міхася Ткачова адзначаюць яго 70-годдзе. Шкадуюць, што так рана, 50-гадовым, ён пакінуў нас…


Знайшоў у запасніках стужку з інтэрвію, якое рабіў напярэдадні таго ткачоўскага юбілею. Вось канцоўка доўгай размовы, падсумаванне. У прынцыпе – не толькі таго лютаўскай дыялогу…

…Каб нам далі гадоў на дзесяць сферу адукацыі, культуры, інфармацыі, мы б па-добраму перакавалі большасьць насельніцтва. А далей – кансалідацыя нацыі. Як у Прыбалтыцы. Аднак пакуль працэс стрымліваецца камандай падкоркі – страх! Мая мама дасюль баіцца за мяне: “Дзетачка, ты ж ведаеш: дзеда нашага пасадзілі, столькі ў вёсцы раскулачылі, баюся, што і вас туды ж…” А яна пранастаўнічала больш як 30 гадоў… І такі – увесь наш народ, ён вельмі шмат гора перажыў. Наўрад ці хто ва ўсёй Еўропе вынес столькі, як беларусы, — здаецца, я не памыляюся.

Гэта вам кажа спецыяліст па ваеннай гісторыі. Калі пачынаю лічыць ахвяры, то не хапае ні рук, ні ног: то крыжакі, то крымскія татары, то маскоўскія паходы… Нават Пётр, якога мы так славім, жывога месца не пакінуў на Беларусі, уцякаючы ад Карла XII пад Палтаву. Выпаліў усё Падняпроўе, пусціў на галавешачкі тагачасны Магілёў, які быў тады нібы Нью-Йорк. Гэтаксама ляглі і Шклоў, і Дуброўна, і Орша, і Копысь, і Віцебск … Патрашылі да апошняй ніткі.

І колькі ўсяго перажыла Беларусь у астатніх войнах? У генах народа ўжо выпрацавалася такая структура поглядаў, што галоўнае – каб шкоды не было! А грузіны з кінжаламі ў зубах танцуюць… Беларуская псіхалогія вельмі каштоўная. Наша пластыка мыслення, імкненне духоўнай раўнавагі трымае за сабой каласальную патэнцыю, якая ў адзін час можа ўзяць выбухнуць з нябачанай яшчэ энергіяй. Карыснай. Калі на свабоду выходзяць і душа, і плоць, і думкі. У нас вельмі здаровы запас.

Але ён не можа быць пастаянным. Зараз пік пройдзены, назіраецца спад… Цяпер усё задушыць, мне здаецца, каўбасная ідэя… Яе падсунулі замест камуністычнай. А куды гэты крок? У жывёльны свет…

Паслухайце, адусюль нясецца: “Што, ваша мова каўбасы болей дасць?!” Гэта ўсё тая ж адсутнасць сапраўднай рэальнай, жыццяздольнай ідэалогіі. Перманентная адсутнасць…

Але нягледзячы на ніякія адкаты, працягваю верыць у наш народ. Што б з ім не вытваралі, ён застанецца самім сабой: добрым, працавітым, незлабівым і вельмі адважным, рашучым у крытычныя моманты гісторыі, калі на карту ставіцца лёс яго жыцця.

Жыву надзеяй, што лепшыя рысы нацыянальнага характару яшчэ праявяцца.

Наша задача – не шкодзіць, а ўсяляк спрыяць гэтаму. Не выпадаць з агульнай абоймы, мы павінны быць у народзе як баявыя патроны. І ўсё зрабіць дзеля адстрэлу зла і захавання дабра.

Аляксандр Уліцёнак, zapraudu.info

28 октября 2012

Теги:

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Поход к избирателям. Олег Квятинский, кандидат в депутаты Витебского горсовета