+375 17 209-48-04

info@zapraudu.info

Уладзімір Някляев: Мужнасць і подласць

З самай раніцы тэлефануе ўсхваляваная маладая жанчына, у якой я цаню многае і найперш неабыякавасць да лёсу іншых людзей. Трэба ратаваць нашага хлопца! Актывіста кампаніі «Гавары праўду»! Колішняга, але якая розніца!..

Розніцы няма. Ад каго ратаваць? Ад чаго? Аднойчы мы ўжо ратавалі гэтага хлопца, калі яго выключалі з інстытута. Дамагліся ад рэктара цвёрдага абяцання вярнуць яго ў спісы студэнтаў. Абяцанкі-цацанкі хлопца не задаволілі,  і мы дапамаглі яму стаць не беларускім, а замежным студэнтам. Дык што ж цяпер не тут, а там, за мяжой з ім сталася?…

Аказалася, там ён прызнаўся, што тут быў завербаваны КДБ. Дык як яго ратаваць?… Выдаваць за героя? За чалавека, які знайшоў у сабе мужнасць… і далей можаце паглядзець тэксты пра тых, хто завербаваўся і прызнаўся. Пра сённяшніх герояў ці не ўсіх (у тым ліку самых сур’ёзных) інтэрнэтных інфармацыйных пляцовак. І не толькі інтэрнэтных…

Добра: няхай прызнаўся мужна. А як завербаваўся? Таксама мужна? Наперад ведаючы, што некалі скажа ўсю праўду пра подлыя беларускія спецслужбы. І праз тое ён двойчы герой?…

Я не збіраюся нікога судзіць  і без мяне хапае суддзяў. Вунь адных невыяздных колькі, а ёсць яшчэ і выяздныя. Проста мой жыццёвы досьвед дазваляе мне зрабіць выснову: чалавек, які падпісаў паперу, абавязаўшыся даносіць на іншага чалавека, гэта ўжо альбо цалкам сфармаваны нягоднік, альбо ён мае для гэтага вялікі патэнцыял. Вельмі вялікі. І няхай я ў нечым памыляўся ў жыцці, нейкія мае высновы абвяргаліся, але гэтая не была абвергнутая ніводнага разу. Ніводнага.

Даўно, калі я быў рэдактарам часопіса «Крыніца», адзін малады супрацоўнік раптам прапанаваў мне: «А давайце я буду паведамляць вам, хто і што пра вас кажа. Вам жа гэта цікава?..» Я выбіў яго з кабінета нагой пад азадак. Трэба было і з рэдакцыі гэтак жа выбіць, але мне сталі даводзіць, што ён таленавіты і талент у ім пераможа ўсё астатняе. Не. Усё ў гэтым чалавеку (уключна з ягоным талентам) перамог нягоднік. Якім ён быў, калі падышоў да мяне са сваёй сексоцкай прапановай, і якім дажыве жыццё.

Тая жанчына, якая патэлефанавала з самай раніцы і паведаміла пра прызнанні нашага колішняга актывіста, стала казаць, што тут не столькі асабістая справа, колькі агульная, бо кінуты цень на ўсю кампанію «Гавары праўду» і трэба ўсё гэта неяк прыпадняць, абяліць… Ну, зрабіць так, як усе робяць, бо ўсе разумеюць абставіны, пры якіх даецца згода на супрацоўніцтва са спецслужбамі. Такое адбываецца не толькі ў нашай краіне, а паўсюль, таму ўсюды да гэтага ставяцца з разуменнем… Няхай так. Але ніхто лепей за нас не ведае, што гэта за спецслужба такая КДБ. У нашай гісторыі гэтае ведамства інструмент рэпрэсій у адносінах да ўласнага народа ў інтарэсах купкі людзей ва ўладзе. У нашай сучаснасці тое самае: пад рэпрэсіі КДБ падпадае найлепшая, найчысцейшая частка грамадства. Чысцяць найчыстых. Тых, хто з сумленнем, з абвостраным пачуццём чалавечай годнасці. Дык якія абставіны могуць апраўдаць супрацоўніцтва з такім ведамствам? Да таго ж такое спрацоўніцтва, сутнасць якога звычайнае сексотцтва. Якія абставіны могуць абяліць подласць? Ніякія.

Калі я сядзеў ва ўнутранай турме КДБ, адзін палкоўнік, былы контрразведчык (гэта значыць той, хто якраз і займаецца вярбоўкай сексотаў), а цяпер кэдэбіст іншай спецыяльнасці, з прафесійным гонарам распавядаў мне, з якім клопатам яны ставяцца да завербаваных інфарматараў, як старанна іх аберагаюць. Прашу мне, таварыш палкоўнік, прабачыць, але тое, што вы так старанна аберагаеце, г…но. І адпаведна патыхае. Як дома, гэтак і за мяжой.

10 ноября 2011

Коментарии

  • Сяржук ("Говори правду" Гомель)10 ноября 2011 #

    У адным,вядома, Уладзімір Пракопавіч мае рацыю: той,хто здрадзіў аднойчы, будзе здраджваць і далей. І якімі б не былі чыннікі здрады, няхай гэта будзе ціск з боку КДБ, страх ці ж банальная смага нажывы, усё адно яно застанецца адным з сямі смяротных грахоў і апраўдаць яго нельга.
    Але асабіста мяне цікавяць 2 моманту:
    1) чаму адны, якія падпісалі паперу пра супрацоўніцтва, адразу трапляюць у разрад сексотаў, а іншыя, што здраджваюць усіх сваіх паплечнікаў на ўсю краіну потым становяцца героямі (для тых,хто не зразумеў, гаворка ідзе пра Андрэя Дмітреева).
    2) а галоўнае, што рабіць чалавеку, якога спрабуюць залучыць? Хто дапаможа яму хоць бы радай? Бо часцей за ўсё нашы апазіцыйныя дзеячы разводзячы рукамі з фразамі тыпу: «Ну што ж мы можам зрабіць?», «Ты галоўнае трымайся!», «Не паддавайся на правакацыі!».
    Куды ісці гэтаму чалавеку? Да каго? У каго прасіць дапамогі і падтрымкі? Ад каго можна пачуць штосьці, акрамя збітых фраз?

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Поход к избирателям. Олег Квятинский, кандидат в депутаты Витебского горсовета