+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Мядзьведзікі знайшліся ў міліцыі Івянца

Чорныя плястыкавыя пакеты, скінутыя з самалёта над Івянцом, знаходзяцца ў мясцовым аддзяленьні міліцыі. Пра гэта журналістам паведаміла адна з жыхарак мястэчка Сьвятлана Турко.

Сьвятлана Турко, супрацоўніца мясцовага ЖКГ, паведаміла пра чорныя пакункі, скінутыя з самалёту кіраўніцтву мясцовага ЖКГ. Яе выклікалі ў міліцыю, дзе яна пабачыла некалькі тых самых пакункаў, у якіх сапраўды знаходзіліся парашуты з прымацаванымі цацачынымі мядзьведзікамі і цыдулкамі на замежнай мове.

Спадарыня таксама паведаміла, што гэтыя пакеты пазьбіралі ў Івянцы і ваколіцах.

Яе заявы пацьвярджаюцца словамі іншых жыхароў Івянца.

Прадпрымальнік Анатоль Роман пацьвердзіў, што бачыў як самалёт раскідваў чорныя пакункі і як яны ўпалі на вуліцу. Ён нават сфатаграфаваў іх на камэру мабільнага тэлефону, але пасьля выдаліў, бо пабаяўся наступстваў для самаго сябе.

Валеры Мазура кажа, што таксама бачыў самалёт. Мазура цьвердзіць, што з самалёта сапраўды скідалі мядзьведзікаў. Мазура кажа, што цацкі прыбіралі супрацоўнікі мясцовай жыльлёва-камунальнай гаспадаркі.

Жыхарка Вольга Галаванава таксама паведаміла, што бачыла, як самалёт раськідваў нейкія пакункі.

Кіраўнік мясцовага ЖКХ Уладзімер Руды ня змог адназначна адказаць на пытаньне, ці знаходзілі ягоныя падначаленыя мяккія цацкі. Руды кажа, што пасьля сьвяткаваньня афіцыйнага Дня рэспублікі на вуліцах Івянца было шмат сьмецьця. Вуліцы прыбіралі аж да самай раніцы. І ці былі сярод сьмецьця мядзьведзікі, чыноўнік дакладна ня ведае. «А наагул, усе мядзьведзі жывуць у лесе», — сказаў Уладзімер Руды на разьвітаньне.

Жыхар Івянца Вінцэсь Солтан кажа, што бачыў самалёт здалёк. Кажа, што не зьвярнуў на яго асаблівай увагі, бо, маўляў, 3 ліпеня на афіцыйнае сьвята — Дзень Рэспублікі — над мястэчкам лётала шмат авіяцыі.

Вечарам 4 ліпеня ў інтэрнэце зьявіліся відэа, на якіх зь невядомага самалёта скідаюцца нейкія рэчы. Адзін фрагмэнт відэа зьняты ў кабіне пілёта. На другім, дзе самалёт у небе, можна пазнаць горад Івянец Менскай вобласьці.

Раніцай 4 ліпеня швэдзкае выданьне «The Local» паведаміла, што грамадзяне гэтай краіны скінулі на Менск амаль тысячу цацак са словамі падтрымкі дэмакратыі і свабоды ў Беларусі.

Пілёты сьцьвярджалі, што раніцай яны скінулі цацкі таксама і ў раёне рэзыдэнцыі Аляксандра Лукашэнкі.

Удзельнікі акцыі кажуць, што праніклі ў паветраную прастору з боку Літвы, кажуць, што ляцелі на малой вышыні — магчыма, таму іх не засеклі радары.

Пазьней Міністэрства абароны Беларусі абвергла інфармацыю пра парушэньне паветраных межаў Беларусі.

Швэдзкае выданьне «Aftonbladet» цьвердзіць, што акцыя была арганізаваная пры фінансавай падтрымцы рэклямнага агенцтва «Studio Total». Гэтае агенцтва таксама вядомае тым, што часам ладзіць рознага кшталту розыгрышы.


Крыніца: Радыё Свабода

5 июля 2012

Коментарии

  • Живсвет6 июля 2012 #

    Ай, ратуйце! I дзе мая родная супрацьпаветраная абарона? За што я iм такiя аграмадныя грошы са сваёй кiшэнi плачу? Гэта ж што атрымлiваецца — хто хоча, той и лётае? А дзе абяцанкi мяне баранiць? А, абяцанкi — цацанкi! Зразумела — пытанняу больш няма. Зараз мяне мядзведзямi бамбяць, а потым … Ратуйце, адным словам! Да в шею всех этих радетелей за благо народа, христопродавцев, уродов всяких мастей и паразитов во властях. Надоели уже эти бездельники и клоуны (с медведиками-парацьбиками не путать — это уже святое, родное и любимое). На одного (меня) с сошкой семеро с ложкой. Всё , баста, кормить больше тунеядцев не буду. Милый…Он улетел, но обещал вернуться…

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Беларусь не только Минск»: форум регионального развития в Бобруйске