+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

На святкаванні 800-годззя Рэчыцы Вітаўт размаўляў па-расійску, рыцары прасілі грошай на трасянцы, а афіцыйны сцяг вісеў дагары нагамі

У Рэчыцы з размахам прайшлі святкаванні 800-годдзя горада. У першы дзень святаў былі адчынёныя помнікі ветэранам лакальных войнаў, музей Паветрана-дэсантных войскаў і бюст галоўнакамандуючага ПДВ СССР В.Маргелава, а таксама пажарная машына як помнік ліквідатарам наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Асноўныя ўрачыстасці свята прыпалі на прайшоўшую суботу. Яны пачаліся на Цантральнай плошчы горада з афіцыйнага адкрыцця памятнага знака – каменя, на якім расійскай моваю напісана “Речица 800 лет”. Традыцыйным шэсцем, якое засталося ў спадчыну ад савецкіх дэманстрацый і без якога не абыходзіцца ніводнае гарадское свята, прайшліся працоўныя калектывы. А потым адбылася ўрачыстая дзея, з тэатралізаваным паказам гісторыі горада. Усё, што ладзілася на сцэне і перад ёю, гучала па-расійску. І толькі выступ старшыні Рэчыцкага райвыканкама Віталя Панчанкі сваім моцным беларускім акцэнтам расійскай мовы, якою быў напісаны тэкст на паперцы, што ён чытаў, выдаваў, што падзеі ўсё ж адбываюцца ў беларускім горадзе. Ды яшчэ не зусім “ідэалагічна вытрыманай» аказалася ўступная харэаграфічная кампазіцыя, калі дзяўчынкі ў белым і чырвоным адзенні ўтварылі бел-чырвона-белыя палоскі перад сцэнай.

Большая частка гісторыі Рэчыцы прайшла ў тыя часы, калі тут панавала старабеларуская мова. Але мясцовыя тэатралізатары выклалі ўсю гісторыю горада ў расійскім варыянце. Нават князь Вітаўт, які валодаў горадам ў XIV стагоддзі, мовіў чамусьці, седзячы на белым кані: “Повелеваю в этом граде замок построить!”. Потым і кароль Рэчы Паспалітай Сігізмунд ІІІ таксама невядома з якога перапугу выдаў расійскамоўны прывілей на наданне Рэчыцы Магдэбурскага права.

Тэатралізацыя 500-гадовай гісторыі знаходжання Рэчыцы ў складзе ВКЛ заняла значна менш часу, чым расповяд пра 200 год знаходжання горада пад расійскай уладай. Тут невядома якім ветрам занесла на святкаванне расійскіх цароў з царыцамі, у падрабязнасцях была разыграная “ярмарка”, дзе аднекуль з-пад Масквы, напэўна, у Рэчыцу прыскакалі аж два Пятрушкі, а Другая сусветная вайна, як звычайна, сталася адзіным шчымлівым момантам з гісторыі, калі Рэчыца панесла нейкія чалавечыя страты.

Імклівы кліп пад песню “Пока течет белорусская нефть” і выхад прадстаўнікоў асноўных прадпрыемстваў на сцэну, падчас якога найбольш эфектна прадэманствалі сябе два хлапцы з Рэчыцкага метызнага завода, паказаўшыя народу свае блішчастыя балты, завяршыў афіцыйную цырымонію адкрыцця свята.

Калі людзі бяруцца святкаваць тое, у што самі не асабліва вераць і што не з’яўляецца для іх нейкай каштоўнасцю, калі яны робяць свята не для сябе і сваіх землякоў, а для ўлады (з-за яе здаровага апетыту ў час фуршэта, з якога “афіцыйныя твары” на паўгадзіны спазніліся на Набярэжную, дзе дзесяцігадовыя выхаванцы цэнтра патрыятычнай падрыхтоўкі “Скіф” меліся прадэманстраваць цуды ліквідацыі тэратыстычнай групоўкі, дарэчы, давялося затрымаць выступ), то вядома ж, і ляпаў ды ўсялякіх праколаў атрымліваецца вельмі шмат. Напрыклад, каля пабудаванага да рэспубліканскіх Дажынак, што ладзіліся ў Рэчыцы ў 2007-м, амфітэатра, на сцэне якога падчас святкаваня юбілею горада выступалі многія калектывы, у тым ліку расійская група “Фрыстайл”, афіцыйны чырвона-зялёны сцяг РБ, спяшаючыся, павесілі дагары нагамі – так ён усе канцэрты і правісеў. На новаўсталяванай дзіцячай пляцоўцы я доўга ўглядаўся ў нейкую драўляную скульптуру і не мог пазнаць, што гэта за такі цуд для дзяцей там выдзяўблі. Аказалася – дэльфін. Нешта пасля сваіх першапачатковых здагадак я сябе адчуваў нейкім разбэшчаным! А сябры мясцовага расійскамоўнага клуба гістарычнай рэканструкцыі “Тэра” выклалі на сваім стале з прыладамі аб’яўку, дзе распавялі, што за фоткі з рыцарамі трэба плаціць. Праўда хацелі яны, мусіць, пакрэатывіць, але атрымалася проста смешна – трасянка ў жыцці…

Увогуле, беларускую мову ў вонкавым аздабленні свята я знайшоў толькі на гандлёвым намёце Лоеўскага райспажыўтаварыства. Нават сярод сувеніраў з выявамі, прысвечанымі юбілею, што прадаваліся гандлярамі так званага “Гораду майстроў”, па-беларуску былі аздобленыя лічаныя адзінкі. Затое, паміж столікамі з глінянымі глечыкамі ды шкарпэткамі з вярблюжае воўны давялося ўбачыць жанчыну, якая гандлявала… малебнамі перад святымі абразамі. Праўда пачуўшы маю беларускую мову называць цану сваіх паслуг яна адмовілася, сказаўшы, каб я ішоў адтуль…

У нядзелю святкаванні працягнуліся выступамі самадзейных калектываў Рэчыцы і раёна на сцэне ўсё таго ж амфітэатра на Дняпры, а ўвечары рэчычан весяліў ансамбль “Песняры”.

Вядома ж, пра такі юбілей хацелася б напісаць жыццярадасны і натхняльны рэпартаж, усё ж – раз у сто гадоў такое бывае ды й тыя, хто ўсё гэта рабіў, сапраўды стараліся, на многіх нават глядзець было немагчыма, такія яны былі закатаваныя гэтай падрыхтоўкай. Але, менавіта, з тае прычыны, што гэты юбілей горада прыпаў на часы нахабнага, агрэсіўнага і суцэльнага абрасійвання нашай зямлі і быў амаль дакладна вытрыманы ў курсе палітыкі ўлады ў гэтым накірунку, пісаць нешта вясёлае пра яго няма аніякага жадання. Бо, калі нават Вітаўта дадумаліся зрабіць расійскамоўным, нацыянальнага гонару ў такіх рэжысёраў і іхніх босаў ані не стае…

Андрусь Гаёвы (vk.com)

15 сентября 2013

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Надо ли извиняться перед памятником? Андрей Дмитриев на ОНТ