+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

НАРОДНЫ РЭФЕРЭНДУМ У ГОМЕЛІ, АЛЬБО КАЗКІ І ПАДАННІ НАШАГА ГОРАДУ

Сябры грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” падзяліліся сваімі ўражаннямі і назіраннямі пасля апытання людзей наконт народнаму рэферэндуму.

Па-першае, абсалютная большасць лічыць, што за цяперашнія пенсіі і заробкі немагчыма пражыць у сучаснай Беларусі. Кошты растуць, праезд падаражае, «камуналка падскоквае», а тое, што дабаўляюць, гэта мізер. Шмат людзей казалі, што ездзяць працаваць у Расію, што родзічы, сябры, знаёмыя зарабляць едуць усе. Цэлымі будаўнічымі брыгадамі звальняюцца, сядаюць у машыны і едуць зарабляць. На пытанне: “А хто ж працаваць у нашай краіне будзе?” чуецца амаль адзін і той жа адказ ад усіх: “Нам тут хапае заробкаў толькі на існаванне, і не краіна будзе карміць маю сям’ю, а я яе кармлю”.

Асабліва крыўдзяцца бабулі, пенсіі хапае толькі на самае таннае і неабходнае. А яшчэ трэба дзецям, унукам дапамагчы. “Нам-то ўжо ўсё роўна — і што есці, і ў чым хадзіць, а дзіця зараз паспрабуй ці ў школу адправіць, ці ў дзіцячы садок”. Шмат чаго хочацца яшчэ ў жыцці нашым бабулям паспрабаваць, рэклама такая прыгожая, але… праходзячы каля таго ж снікерсу ці баўнці, яны проста глядзяць і ідуць далей…

Як жа зрабіць так, каб у нашай краіне былі дастойныя заробак і пенсія, людзі не ведаюць. Маладыя спадзяюцца на спецыялістаў, бабулі вераць, што Лукашэнка, які ім пенсію плаціць, робіць і так усё магчымае і немагчымае. І хоць не хапае ім грошай на «тлустае» малако, Лукашэнка падыме краіну, і іх дзецям будзе жыць лепей.

Размаўлялі актывісты кампаніі “Гавары праўду” і са школьнікамі, і са студэнтамі. Школьнікі хочуць месцы аля актыўнага адпачынку. Апроч парка і сквера школьнікам няма дзе бавіць вольны час. Студэнты таксама не бачаць месцаў адпачынку, усё вельмі дорага. Нават на качалку ці спортзал патрэбны зараз вялізныя грошы. А самым танным адпачынкам зараз робіцца алкаголь. Выйшаў з сябрамі па піва — і весела, і танна. Навучанне ва ўніверсітэце зараз вельмі-вельмі дарагое, многім студэнтам прыходзіцца працаваць, каб хапіла на аплату навучання.

Атрымаць крэдыт на кватэру ці стаць у чаргу вельмі цяжка. Сучасны малады беларус хоча, каб перад тым, як у яго з’явяцца дзеці, ён меў спецыяльнасць, жытло, стабільны заробак. Але ў нашай краіне зараз гэта проста мары.

Працоўныя кантракты — як прыгоннае права, не працаваць і не зволіцца. Уладкоўваешся на працу — абяцанкі на заробак адныя, а ў дзень заробку такое адчуванне, нібыта недзе нолік губляецца. Санітарныя нормы парушаюцца, парушаецца тэхніка бяспекі, і просты рабочы з гэтым нічога не можа зрабіць. Да і непростыя працаўнікі нічога не могуць зрабіць, прыйшла бумага зверху прыпісаць — і будзеш прыпісваць. А потым, як напрыклад на Добрушскай папяровай фабрыцы, раз на год пажар у нібыта поўным складзе. І отпуску людзям хочацца хоць крышачку болей.

Бясплатная беларуская медыцына…  Пра яе нават і казаць не хацелі. У бальніцах з лекаў бромгексін ды ампіцылін. А ў лякарнях вялізныя чэргі да тэрапеўтаў, а да спецыяліста і за месяц не заўсёды запісацца можна.

А яшчэ чамусці не падабаюцца беларусам самыя лепшыя ў свеце дарогі, не падабаецца ямачны рамонт па некалькі раз на год. Ім, гамельчукам, здаецца, што можна рабіць якасныя дарогі, як і якасна рабіць новыя дамы. Ну пачалі сцены трэскацца праз год, як дом здалі, ну і што з гэтага? А новыя раёны без інфраструктуры, дык праз год дваццаць мо і пабудуюць там дзіцячы садок. Масква і тая не адразу будавалася.

Самае цікавае, што людзей ўжо не цікавяць выбары чыноўнікаў і мэра горада. Не вераць людзі, што хоць адна чынуша для іх што-небудзь зробіць. Ды і ўсё роўна: каго трэба, таго і паставяць. Не цікавіць гамельчукоў прыезд кітайцаў у Беларусь, бо не ў Гомель яны ж едуць. Канешне, супраць АС, але з большага ўсім усё роўна, іх ніхто не пытаў, да іх ніхто б і не прыслухоўваўся.

Пакідаць зваротную сувязь для народнага рэферэндума беларусы не жадаюць: хто мяркуе, што да іх заўтра прыйдуць у кватэру ды забяруць, а хтосьці верыць, што за такія пытанні іх заўтра пасадзяць.

І ўся інфармацыя, якая змешчана ў гэтым артыкуле — хлусня. Бо беларусы — яны такія, пагаварыць ціха — пагаварылі, а потым пацвердзіць, што менавіта яны гэта казалі, здолеюць толькі адзінкі. Таму ў нашай краіне ўсё добра, і ніякі народны рэферэндум нам не патрэбен.

Натка з Бай, спецыяльна для ТВ

23 октября 2013

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі