+375 17 209-48-04

info@zapraudu.info

“Наш Касцюшка слаўны быў…” (фота)

Менавіта так пачынаецца адна з беларускіх народных песень, галоўным героем якой стаў выбітны сын Беларусі, кіраўнік вызвольнага паўстання 1794 году Андрэй Банавентура Тадэвуш Касцюшка. 

Беларусы шанавалі ў песнях, легендах і паданнях памяць пра свайго суайчынніка, бачылі ў ім свайго заступніка, вызваліцеля не толькі ад іншаземнага панавання, але і ад прыгоннага рабства, прыхільніка роўнасці ўсіх людзей, які ўсім сваім жыццём сцвярджаў лозунг “За нашу і вашу Свабоду!”

Сёння, 3 лютага, напярэдадні Дня нараджэння героя дзвюх кантынентаў, берасцейскія актывісты кампаніі “Гавары праўду” правялі інфармацыйную акцыю, якой ушанавалі памяць Тадэвуша Касцюшкі. У 16.30 каля Цэнтральнага універмага горада з дзясятак актывістаў раздалі больш за тры сотні тэматычных буклетаў з інфармацыяй пра жыццё і дзейнасць нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы і Злучаных Штатаў Амерыкі.

Так, акрамя біяграфічных звестак і невялікага гістарычнага экскурсу ў гісторыю вызвольнага паўстання, з дадзенага буклету жыхары горада могуць даведацца пра некаторыя цікавыя факты, як, напрыклад, пра тое, што ў Нью-Ёрку, у метрапалітэне на лініі “J”, існуе станцыя “Kosciuszko Street” і аднайменная вуліца, названыя ў гонар Тадэуша Касцюшкі, а ў штаце Місісіпі ёсць цэлы горад, які носіць імя нашага суайчынніка, і востраў у шатце Аляска. Гэтаксама, імя Касцюшкі носіць самая высокая гара Аўстраліі, а авіякампанія LOT назвала ў гонар героя адзін са сваіх лепшых самалётаў.

Вось як каментуюць мэты акцыі яе арганізатары і ўдзельнікі.

Ганна Канюс:

– Яго лозунг “За вашу і нашу Свабоду!” застаецца для Беларусі актуальны і сёння. Яго барацьба за справядлівасць, за правы простых людзей – гэта прыклад для нас.

Валянцін Лазарэнкаў:

– Мы павінны ўшаноўваць спадчыну Т.Касцюшкі. Нажаль, памяць аб ім слаба ўвекавечана ў Беларусі: у назвах вуліц, навучальных установах, музеях, помніках і інш. Мы прапаноўваем адкрыць у горадзе Кобрыне элітную навучальную ўстанову імя Тадэвуша Касцюшкі.

Уладзімір Вуек:

– У наш час асоба Тадэвуша Касцюшкі для Беларусі з’яўляецца даволі сымбалічнай. Не толькі з гістарычнага, але і з геапалітычнага пункту гледзішча. Маю на ўвазе тое, што наш вялікі суайчыннік з’яўляецца таксама героем Польшчы і ЗША, краінамі, якія робяць вельмі шмат для ўсталявання ў Беларусі тых ідэалаў, за якія ў свой час змагаўся Касцюшка. Так, пад час вайны Злучаных Штатаў за самастойнасць, наш беларускі герой на працягу сямі год змагаўся ў шэрагах амерыканскай арміі, атрымаў званне генерала і быў узнагароджаны самым высокім ордэнам гэтай краіны з рук будучага першага прэзідэнта ЗША Джорджа Вашынгтона. Зараз Злучаныя Штаты актыўна спрыяюць аднаўленню ў Беларусі дэмакратыі і свабоды. Атрымліваецца, што ў тыя гады Касцюшка дапамог амерыканцам атрымаць незалежнасць, а у нашыя дні ЗША дапамагае беларусам скінуць з сябе ланцугі дыктатуры. Тое ж самае датычыцца і Польшчы. Разам з тым, падобныя акцыі плануецца правесці ў Бярозаўскім, Івацэвічскім, Пружанскім раёнах вобласці, а таксама ў Баранавічах. Акрамя таго, заўтра, у дзень нараджэння героя, актывісты “Гавары праўду” плануюць наведаць сядзібу Тадэвуша Касцюшкі ў Мерачоўшчыне (Івацэвічскі раён), дзе ўскладуць кветкі і правядуць «круглы стол».

Аляксандр Ахмач

3 февраля 2012

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Поход к избирателям. Олег Квятинский, кандидат в депутаты Витебского горсовета