+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Нататкі Алеся Бяляцкага пра кнігу «Амерыканскія вершы» Аляксандра Фядуты

Гэты ліст, напісаны Алесем Бяляцкім з нагоды прачытання зборніка Аляксандра Фядуты «Американские стихи», пакуль завяршае серыю яго нататкаў пра беларускую «турэмную» літаратуру. 

Аляксандр Фядута даслаў мне сваю кніжачку “Американские стихи”. Кніжачка атрымалася цікавай, зноў жа, з вопыту аўтара, які, седзячы ў “амерыканцы”, дасылаў сваёй жонцы Марыне вершы, напісаныя з розных нагодаў. Але ўсе яны моцна зьвязаныя з ягоным перабываньнем у чатырох камерных сьценах. У кніжачцы, апроч вершаў, ёсьць і тэкст, які тлумачыць абставіны іхняга напісаньня. Трэба зазначыць, што самі каментары, напісаныя ў жанры эсэ, ня меньш, а нават і больш цікавыя за вершы. І каштоўнасьць вершаў у гэтай кніжачцы ня ў іхняй мастацкай вартасьці, а ў месцы і атмасферы, дзе яны былі напісаныя. Вершы, створаныя ў турме, маюць асобую аўру, асобы псіхалагічны зарад і асобую энэргетыку. Яны напоўненыя турэмным духам! У іх адсутнічае фальш, надуманасьць, манернасьць. Яны падобныя на толькі як вылупленых птушанятаў – з найтаньчэйшай скураю, ня ўхутаныя ў пух і пер’е. І яны – як адлітыя з цэлых кавалкаў металу. Вядома, метал гэты рознай якасьці, і рэчы, адлітыя зь яго – зусім разнастайныя. І я з аднолькавай цікавасьцю перабіраю і вершы-“алавяныя гузікі”, і вершы-“жалезныя стрэлы”, і вершы-“каштоўныя перліны”. Яны ўсе – з аднаго куфра і з аднаго горну. Яны – з турмы.

Празаічны тэкст з “Американских стихов” напісаны лаканічнай прозаю. У ім за знешняй простасьцю і лёгкім нязлосным гумарам Аляксандру Фядуту ўдалося перадаць вострыя пачуцьці, якія апанавалі зьнянацку стрывожаную і зьняволеную душу.

Раю ўсім зацікаўленым прачытаць гэтую кніжачку. Што тычыцца мяне, дык яна заінтрыгавала, зачапіла мяне яшчэ тым, што часам Аляксандр Фядута ўздымае пытаньні ці пераказвае пачуцьці, сугучныя з маімі ў турме. А часам ягоны турэмны вопыт, развагі і высновы выклікаюць у мяне парадаксальную нязгоду. Я ні ў якім выпадку не хачу з ім спрачацца, я проста дзіўлюся, наколькі ўсё ж розная чалавечая істота. І погляд людзей, якія знаходзяцца ў аднолькавай сітуацыі, на, здавалася б, аднолькавыя рэчы і зьявы можа выклікаць зусім іншыя думкі і асацыяцыі.

Я закрану толькі адзін выпадак. Аляксандр Фядута піша ў сваёй кніжачцы пра кніжкі, якія былі і якія чыталіся ў “амерыканцы”. “У першай маёй камеры ляжыць “Тридцать пятый и другие годы” Анатоля Рыбакова. У іншай – “Жизнь и судьба” Василя Гросмана. Калі Яго Вялікасьць нагадаў мне ў гутарцы пра “жахі КГБ”, пра якія я павінен быў чытаць, мне падумалася, што выбар кнігаў, сустракаўшых мяне ў камерах, быў гэтак жа невыпадковым, як і падбор сукамернікаў… Усё было прадумана. Ня хочаш чытаць пра жахі КГБ – чытай танныя дэтэктывы”.

Затым у размове Аляксандра Фядуты з супрацоўнікам КГБ ізноў згадваюцца гэтыя кнігі. КГБіст гаворыць Аляксандру Фядуту: “Вы там у камеры пэўна што начыталіся ўсялякай лухты пра жахі КГБ. Не чытайце лішняга. – Але вашыя людзі спецыяльна гэтыя кнігі да мяне ў камеру падкладвалі: Рыбакова, Гросмана — хіба ня так? Каб я прасякнуўся пачуцьцём жаху”.

Дык вось жа, А.Рыбакова “35-ы…” я быў прачытаў яшчэ ў часопісным варыянце ў перабудовачныя 80-я. А “Жыцьцё і лёс” В.Гросмана, якая стала шырока вядомай у тыя ж гады, чамусьці “схавалася” ад мяне. У мяне ў галаве яна стаяла ў сьпісе тых кніг, якія я спадзяваўся калі-небудзь прачытаць. Якое ж было маё зьдзіўленьне і задавальненьне, калі, уладкоўваючы сваю торбу – “кешар” у каранціннай “кешарцы”, на паліцы, застаўленай чамусьці тамамі У.Леніна, я ўбачыў “Жыцьцё і лёс” В.Гросмана. Праўда, гэта быў 2-гі том раману. Я яго прачытаў у каранціне, седзячы ў альтанцы, у “лакалцы”, перарываючы чытаньне назіраньнем за страшна рухомымі вераб’ямі і бяздонным сакавіцкім небам.

Праз месяц, калі мяне перавялі ў атрад, я запісаўся ў бібліятэку калоніі і пры беглым аглядзе яе складу ізноў натыкнуўся на “Жыцьцё і лёс” В.Гросмана. Пагаджаюся з Аляксандрам Фядутам, што ў турэмных бібліятэках гэты раман зьявіўся невыпадкова. І я ўжо чытаў раман з пачатку да месца, з якога пачынаўся другі том. А далей у лістах усім сваім знаёмым і сябрам я раіў, калі ў іх толькі знойдзецца час, пачытаць гэтую кнігу.

Бо там, дзе супрацоўнікі КГБ і Аляксандр Фядута ўбачылі “ужасы КГБ”, я ўбачыў зусім іншае, відавочнае, тое, што ляжыць на паверхні раману, тое, дзеля чаго, уласна, і была напісаная гэтая кніга, і дзеля чаго чвэрць стагоддзя яна была забароненая ў Савецкім Саюзе: веліч чалавечага духа ў безнадзейных жыцьцёвых сітуацыях, абумоўленых існаваньнем таталітарных рэжымаў. Васіль Гросман сьцвярджае, што нават тады, калі перад чалавекам стаіць самы жорсткі выбар: паміж выгандляваным жыцьцём, зьвязаным з адыходам ад перакананьняў ці з здрадаю іншых людзей, то лепей – ПРОСТА памерці. І гэта – выбар, які кожны чалавек можа зрабіць сам, індывідуальна. Магчымасьць нават ТАКОГА выбару, піша В.Гросман, робіць чалавека сапраўды вольным, нават у самых безнадзейных сітуацыях. Прычым няважна, ці будзе гэты крок мець хоць нейкі розгалас ці не. Чалавек можа і мусіць выбіраць найперш для сябе, для свайго ўласнага “я”, каб найперш у сваіх вачох заставацца чалавекам, каб ня здрадзіць самому сабе.

У перапісцы з маёй знаёмай праваабаронцай з Пецярбургу мы абмяркоўвалі раман В.Гросмана. Аказалася, што мы прачыталі яго, можна сказаць, аднімі вачыма. Але яна, вопытная праваабаронца, у якой яшчэ бацькі былі дысідэнтамі, дадала адную важную акалічнасьць: “Выбар заўсёды магчымы. Галоўнае, мабыць, не даць сябе падмануць”.

Пра гэта ж, фактычна, у розных варыяцыях, розных жыцьцёвых варунках пісаў у сваіх творах Васіль Быкаў.

Сёньнешняе жыцьцё ня ставіць нас у такія ірагічныя сітуацыі, як гэта было падчас мацнейшых грамадзкіх зломаў у калектывізацыю, падчас сталінскага тэрору ці ў час бязьлітасных войнаў 20-га стагоддзя, якія спраўлялі на беларускай зямлі свой крывавы баль. Але і ў наш час для кожнага чалавека застанецца праблема выбару. І калі раней платаю за захаваньне чалавечай годнасьці часта было само жыцьцё, то зараз кошт непараўнальна меньшы, але ўсё ж вельмі істотна: кар’ера, дабрабыт, матэрыяльныя выгоды, сямейны спакой ды іншыя набыткі ўстойлівага чалавечага існаваньня. І як вытрымаць, як не саступіць, як не пагадзіцца са злом і хлусьнёю? Як не даць сябе падмануць? Кожнаму асабіста прыходзіцца адказваць на гэтае пытаньне. Тыя ж прыклады цьвёрдага чалавечага супраціву і высокага маральнага выбару, якія далі ў сваіх творах і Васіль Гросман, і Васіль Быкаў, і Ларыса Геніюш, і Варлам Шаламаў застаюцца нязьменным арыенцірам і ў нашым звычайным будзённым жыцьці.

Крыніца: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

31 августа 2012

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі