+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Назіральнікі кампаніі “Права выбару” паведамляюць аб выніках назірання за працэсам падліку галасоў у камісіях

Учора, 23 сакавіка, пасля сканчэння галасавання на выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў Беларусі XXVII склікання, назіральнікі кампаніі «Права выбару» назіралі за працэдурай падліку галасоў, прынамсі, на 320 выбарчых участках у 93 акругах па ўсёй Беларусі (варта адзначыць, что на працягу асноўнага дня галасавання звесткі ў кампанію “Права выбару” паступалі з 365 участкаў у 110 выбарчых акругах, але па стане на 3:00 ночы з 23 на 24 сакавіка па розных прычынах, у тым ліку ў выніку выдалення часткі назіральнікаў з участкаў, не адусюль была атрыманая фінальная інфармацыя).

Кампанія “Права выбару” зрабіла спробу арганізавана забяспечыць празрыстасць і галоснасць падліку галасоў на гэтых выбарах. У 295 участковых камісіяў нашымі назіральнікамі была пададзеная прапанова прыняць рашэнне “Аб парадку падліку галасоў”. У названым дакуменце жаданая працэдура падліку апісваецца наступным чынам: “Сябры ўчастковай камісіі сартыруюць бюлетэні, якія атрыманыя са скрыні для галасавання, па кожнай выбарчай акрузе, а потым па галасах, пададзеных за кожнага кандыдата, а таксама пададзеных супраць усіх кандыдатаў, і адначасова аддзяляюць несапраўдныя бюлетэні. Потым адзін з сябраў камісіі, дэлегаваны ўчастковай камісіяй шляхам галасавання, робіць падлік бюлетэняў па кожнаму з кандыдатаў, а таксама пададзеных супраць усіх кандыдатаў. Падлік робіцца ўголас (называецца прозвішча кандыдата, за якога быў аддадзены голас выбарца), кожны бюлетэнь дэманструецца астатнім сябрам камісіі, назіральнікам і раскладаецца ў стопкі насупраць таблічкі з прозвішчамі кандыдатаў.” Хаця назіральнікі не паведамлялі ніводнага факту фармальнага прыняцця такога рашэння ніводнай з участковых камісіяў, аднак, згодна з іх учорашнімі назіраннямі, на 129 участку з 320 такая ці падобная працэдура ўсё-такі застасоўвалася. Застаецца толькі пашкадаваць, што на пазасталым 191 участку падлік галасоў не быў ні празрыстым, ні галосным ( у тым ліку на 73 з 85 участкаў у г. Мінску, на 28 з 40 – у Магілеўскай вобласці, на 18 з 28 – у Мінскай вобласці). Пры гэтым, на 183 участках сябры камісіі не паведамлялі старшыні ўголас свае вынікі падліку (так, каб чулі астатнія сябры камісіі і назіральнікі).

На 25 участках з тых, па якіх ёсць інфармацыя, камісіі ўвогуле здзейснілі грубейшае парушэнне выбарчага заканадаўства Рэспублікі Беларусь – не вывесілі для ўсеагульнага агляду выніковы пратакол падліку галасоў. Прычым амаль палова такіх выпадкаў, — 12 з 25, — назіралася ў г. Мінску (самы “анекдатычны” з іх адбыўся на ўчастку № 103 Слабадской акругі № 28 па выбарах у Мінскі гарсавет, дзе пратакол спачатку быў вывешаны, але пры спробе назіральнікаў вырабіць падручнымі сродкамі яго копію забраны старшынём камісіі, які, пасля таго як назіральнікі выклікалі міліцыю, з’ехаў у невядомым кірунку разам з пратаколам і больш на ўчастак не вяртаўся).

Тыя ж вынікі падліку галасоў, якія камісіямі ўсё ж такі абнародваліся, таксама часта выклікалі пытанні ў назіральнікаў. Так, на ўчастку № 120 Кальварыйскай акругі № 38 па выбарах у Мінгарсавет сумарная колькасць выбарцаў, якія, згодна з дадзенымі камісіі, прагаласавалі датэрмінова, па месцы знаходжання і на ўчастку ў асноўны дзень галасавання, не супадае з агульнай колькасцю прагаласаваўшых выбарцаў, упісанай камісіяй у той самы пратакол.

Сапраўдным “бенефісам” учорашні падлік галасоў стаўся для старшыні ўчастковай камісіі № 70 Ямніцкай акругі № 35 у Магілеве Веры Цыркуновай. Пасля таго, як яна без пасяджэння камісіі пазбавіла акрэдытацыі абедзьвух назіральніц кампаніі “Права выбару” і санкцыянавала прымяненне фізычнай сілы для іх выдварэння з участку, названая камісія літаральна за 20 хвілін “справілася” з падлікам галасоў. Пасля гэтага Цыркунова, з яе словаў, вывесіла копію пратакола ўнутры памяшкання камісіі, якое адразу было зачынена на ключ. Прычыны такіх паводзінаў старшыні камісіі, магчыма, крыюцца ў афіцыйных дадзеных вынікаў яўкі на гэтым участку: камісія сцвярджае, што прагаласавала 980 выбарцаў, прычым з гэтай колькасці 600 (!) – па месцы знаходжання.

У кампаніі назірання “Права выбару” працягваецца аналіз дадзеных назіральнікаў, якія паступілі ўчора ўвечары і ўначы і працягваюць паступаць сёння раніцай. Папярэднія высновы кампаніі будуць прадстаўленыя ў 13:00 на прэсавай канферэнцыі, якая адбудзецца ў офісе Партыі БНФ (г. Мінск, вул. Чарнышэўскага 3). Канчатковыя высновы будуць зафіксаваныя ў фінальнай справаздачы кампаніі па выніках назірання і ў адмысловым фінальным прэс-рэлізе, якія будуць прадстаўленыя СМІ і шырокай грамадскасці крыху пазней.

Інфармацыя пра кампанію “Права выбару”

Кампанія “Права выбару” праводзіцца на падставе ліпеньскага (2013 г.) пагаднення дэмакратычных сілаў, якое падпісалі арганізацыйны камітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», грамадзянская кампанія «Гавары праўду!», Партыя БНФ, Рух «За Свабоду», Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская партыя «Зялёныя» і арганізацыйны камітэт па стварэнні Партыі свабоды і прагрэсу. Галоўнай мэтай кампаніі з’яўляецца актыўная дапамога дэмакратычным кандыдатам у дэпутаты мясцовых саветаў па вызначэнні і абароне сапраўднага волевыяўлення грамадзян. Ініцыятыва скіраваная на прадухіленне парушэнняў заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі, фіксацыю парушэнняў і аператыўнае рэагаванне на іх.

Сачыць за падзеямі кампаніі, хадой назірання і фіксаванымі інцыдэнтамі можна на сайце кампаніі pravovybora.org, у фэйсбуку (facebook.com/pravovybora) і ў твітары (twitter.com/naziranne).

24 марта 2014

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі