+375 17 209-48-04

info@zapraudu.info

Не стала Рыгора Барадуліна

Непапраўная страта…

Кампанія “Гавары праўду” смуткуе разам з той Беларуссю, якая вырасла на паэзіі народнага паэта, якую дзядзька Рыгор натхняў і далучаў сваім словам ды прыкладам да нацыянальнага адраджэння, будаўніцтва новай, дэмакратычнай дзяржавы.

Яго будзе вельмі не хапаць нашай грамадзе, бо працы наперадзе задужа шмат — больш нават, чым здаецца.

Але разам з Васілём Быкавым, іншымі сваімі паплечнікамі – прарабамі духа Рыгор Барадулін зрабіў галоўнае: запачаткаваў тую духоўную спадчыну, якая будзе жывіць волю народу, імкненне беларускай нацыі да свабоды, да Беларусі вольнай, годнай, суверэннай.

Бывай, слынны Паэт, Грамадзянін, велічны Чалавек…

На развітанні ў Чырвоным касцёле лідар кампаніі «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў так сказаў пра свайго духоўнага настаўніка і старэйшага сябра:

Глухому не раскажаш, як пяе салоўка, сляпому не пакажаш, як узыходзіць над салаўіным спевам сонца. А духоўна глухому, духоўна сляпому ды яшчэ й бязмоўнаму не давядзеш, што Рыгор Барадулін — гэткі самы цуд, як салаўіны спеў і ўзыход сонца…

Але ёсць, дзякуй Богу, людзі не сляпыя і не глухія.

Ёсць беларусы не бязмоўныя, якія развітваюцца гэтымі днямі з паэтам незвычайнай моцы і красы, з чарадзеем беларускага слова — і разумеюць, з кім яны развітваюцца. Як разумелі гэта беларусы, развітваючыся з Багдановічам, Купалам, Коласам…

Першыя — Купала, Колас, Багдановіч — назаўсёды застануцца імі па праву першых. Ды ўжо сёння відавочна: Барадулін сярод іх — роўны сярод роўных.

Роўных яму няма сярод сучаснікаў. Ён адзіны, хто здолеў, як і першыя, увабраць у сябе ці не ўсю беларускую спрадвечнасць. Увесь народны дух.

Народ, як і паэт, якому ён прыналежыць, роўны сярод роўных толькі на сваёй зямлі з усім сваім. Са сваёй гісторыяй і будучыняй, са сваёй мовай, на якой чуе нас Бог — і ці прымае, ці не прымае нашы малітвы.

Памолімся ўсім беларускім светам за супакой душы вялікага нацыянальнга паэта, аднаго з найгодных сыноў беларускай зямлі і беларускіх нябёсаў…

4 марта 2014

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Поход к избирателям. Олег Квятинский, кандидат в депутаты Витебского горсовета