+375 17 209-48-04

info@zapraudu.info

Незаконныя сьвіньні Пятра Зыкава

Пад Рэчыцай у прыдарожным лесе дажывае апошнія тыдні гаспадарка індывідуальнага прадпрымальніка Пятра Зыкава. Аб гэтым паведамляе дэпутат «Грамадзянскай дамовы» Алег Шабетнік да якого звярнуўся за дапамогай Пётр.

Невялічкі ўчастак зямлі ён атрымаў некалі для расьпілоўкі лесу, але апошнім часам гадаваў там сьвіней. Цяпер ня можа іх прадаць: улады кажуць — не на тое зямлю давалі.

Пакуль прадпрымальнік Зыкаў адбіваўся ад розных камісіяў, пад цяжарам сьнегу абрынуўся дах над ягонай піларамай. І цяпер сядзіба Пятра выглядае як пасьля дзесяцібальнага землятрусу.

Да таго ж прадпрымальнік кажа, што апошнім часам яго замучылі розныя праверкі й камісіі. Працягваць бізнэс больш не выпадае:

«Месяцы два езьдзілі да мяне ўсе — і падатковая, і санстанцыя, і экалёгія, і пажарнікі. Замучылі!»

Пятро Зыкаў у раней працаваў кіроўцам у Рэчыцкай управе тэхналягічнага транспарту «Беларуснафты». Бываў нават на поўначы Расеі, дзе распрацоўваліся нафтавыя радовішчы. Але ў 90-я гады «бадзяжны» лёс надакучыў, і Зыкаў вырашыў стала заняцца прадпрымальніцтвам. Яму ўдалося набыць пілараму. Горш было з афіцыйным афармленьнем зямельнага ўчастка пад яе. Але ўрэшце ў 2003 годзе Рэчыцкі райвыканкам выдзеліў у Зарэчанскім лясьніцтве 76 сотак пад цэх апрацоўкі драўніны. Зыкаў кажа, што паспрыяў гэтаму былы старшыня аблвыканкаму.

Але «драўляны» бізнэс прадпрымальніка з кожным годам мізарнеў, як шчыгрынавая скура. Кошт лесу для прыватнікаў рос празьмернымі тэмпамі. Былі й іншыя перашкоды:

«Зямлю мне далі для перапрацоўкі лесу. Калі кошт лесу падняўся, ня стала выгады й блізка. Людзей нельга наняць, толькі сваю сям’ю. Дык што я сваёй сям’ёю зраблю зь лесам? Са сьвіньнямі ўдваіх я яшчэ ўпраўлюся. А зь лесам трэба сама меней трыццаць чалавек. І вось яна сышла, уся лясная дзейнасьць. Кінуў гэты лес і не хачу яго нават бачыць. Няхай ужо, хто хоча, сячэ яго й пілуе».

Прадпрымальнік доўга шукаў, да якога сельскага савету належаць ягоныя землі. Да Зарэчанскага пасялковага савету — усяго каля двух кілямэтраў. Туды найперш і падаўся Зыкаў, каб атрымаць дакумэнт, што ён ня скраў, не скупіў, а сам выгадаваў сьвіней:

«Я паехаў у Зарэчча ў пасялковы савет — старшыня не дала даведку. Паехаў у Заходы ў сельскі савет — таксама не далі. Проста яны б’юць народ па руках, каб не трымалі жыўнасьць. Так атрымліваецца».

З такімі выказваньнямі прадпрымальніка ў тым жа Зарэчанскім пасялковым савеце не пагаджаюцца:

«Яму нават старшыня райвыканкаму ня даў такой даведкі. Гэтай справай цяпер займаецца пракуратура. На ўчастку пад цэх дрэваапрацоўкі ён набудаваў хлявоў і незаконна вырошчвае сьвіней у прамысловых маштабах без усякага дазволу. І яшчэ хоча, каб даведкі яму выдалі і селі ў турму за гэта».

Пятро стаў высьвятляць, у якім сельсавеце ўсё ж ягоныя 76 сотак? Яны ж не паміж небам і зямлёю? Урэшце землеўпарадкавальная служба пісьмова паведаміла: гэта тэрыторыя Заходаўскага сельскага савету. Заадно землямеры выявілі, што прадпрымальнік самавольна прыгарадзіў да сваёй гаспадаркі сямісоткавы загон — і праз суд запатрабавалі, каб Зыкаў сплаціў 28-мільённы штраф.

Сьледам пракуратура ў межах каардынацыі барацьбы са злачыннасьцю і карупцыяй дала ўказаньні шасьці раённым службам праверыць гаспадарку Зыкава. І гэта канчаткова выбіла 64-гадовага прадпрымальніка з працоўнай каляіны:

«Надакучылі ўсякімі гэтымі праверкамі. Не хачу нават і гаварыць. Няхай працуе той, што зайдросьціў і быў крывасмокам».

У Пятра Мікалаевіча цікавімся, чаму ён усё-ткі не перааформіў сваю гаспадарку як фэрмэрскую, а пачаў, паводле чыноўнікаў, самавольна вырошчваць сьвіней:

«Фэрмэрства экалёгія не падпісала. На гэтым усё й затармазілася. Зямлю мне 27 гектараў каля Васількова давалі, тут недалёка. Але экалёгія не падпісала мне паперы. Пажарнікі падпісалі, усе падпісалі, а экалёгія — не. Сьцёкаў няма тут — толькі з даху, калі дождж ці сьнег. Сорак галоў сьвіней — які тут сьцёк?»

Тое, што прадпрымальнік стаў разводзіць сьвіней, ні для кога не было сакрэтам. Паглядзець ягоную гаспадарку наяжджалі нават кіраўнікі раёну. Не цяперашнія, а папярэднія:

«Калі я жыўнасьць разьвёў, тут былі старшыні райвыканкамаў — Баранаў, Шостак не адзін раз прыяжджаў. Хвалілі. Пахадзілі па хлявах, паглядзелі: усё добра. Потым усё гэта абярнулася супраць мяне».

Цяжкай і нэрвовай працай прадпрымальнік не нажыў вялікага багацьця:

«Дваццаць гадоў я працаваў, але нічога фінансава не займеў. Толькі на жалезьзе й працаваў. Хацеў дапамагчы ўнучцы, каб вывучыць яе. Слава Богу, вывучыў. Усё, зь мяне хопіць. У бліжэйшы час я ўсё тут закрыю».

Зыкаў папрасіў Рэчыцкі райвыканкам працягнуць арэнду, якая сканчаецца ў красавіку, да канца гэтага году, каб прадаць пілараму, старыя лесавозы, дрэваапрацоўчыя станкі. І, вядома, збыць вырашчанае пагалоўе сьвіней.

Рэчыцкі прадпрымальнік, актывіст кампаніі «Гавары праўду» Алег Шабетнік, які разьбіраўся ў справах Пятра Зыкава, дзівіцца, што мясцовыя ўлады завязалі тугі вузел вакол лясной гаспадаркі працавітага чалавека:

«Тут, выглядае, найшла каса на камень. Чыноўнікі проста ня хочуць рэальна ўзяцца за праблему. Яе можна вырашыць вельмі проста: даць чалавеку магчымасьць прадаць. Ды гэта ж нармальна, што чалавек вырасьціў гэтых сьвіней, паколькі не было чым заняцца іншым. Ён жа іх вырасьціў — ня ўкраў, не прыгнаў зь лесу дзікоў. Гэта ж бачна, што чалавек працуе й вырошчвае».

Сам Пётар Зыкаў ад крыўды прыдумляе розныя варыянты, каб назаўсёды разьвязацца з прадпрымальніцтвам:

«Я — араў. Правільна ці няправільна, але я працаваў. І працаваў церазь сілу. Вельмі крыўдна, ажно слоў няма, так крыўдна. Я хацеў ужо да райвыканкаму адвезьці й выгрузіць гэтых сьвіней. Навырошчваў і не магу збыць — сам я ня ў сілах зьесьці столькі. Напэўна, прыйдзецца, калі сыдзе сьнег, у лес іх выганяць — і няхай ваўкі там разьбіраюцца».

Крыніца: Радыё Свабода

7 марта 2013

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Поход к избирателям. Олег Квятинский, кандидат в депутаты Витебского горсовета