Новабудоўля ля Курапатаў – гэта выпрабаванне на злом гістарычнай годнасці ўсёй нацыі
Для «Гавары праўду» Курапаты — сімвал нявінных ахвяр сталінскіх рэпрэсій, якія закранулі большасць беларускіх сем’яў. Гэтая тэма яшчэ не да канца вывучана: нават у Курапатах не скончаны даследаванні.
Сёння і заўтра нам трэба будзе зрабіць вельмі многае: падняць архівы, скласці максімальна поўныя спісы ахвяр, ачысціць іх імёны ад кляйма «вораг народа», узвесці мемарыяльныя знакі па ўсёй Беларусі — яны павінны з’явіцца там, дзе ў невядомасці і забыцці спачываюць астанкі ахвяр злачыннай ўсёдазволенасці .
Для тых, у кім жывыя памяць і павага да мінулага Беларусі, яе драматычнай гісторыі, да трагічных лёсаў нашых дзядоў і прадзедаў, Курапаты — сакральнае месца. Яно асвечанае крывёю нявінна закатаваных. Таму любая праява абыякавасці, непавагі, а то і вандалізму ў зоне будучага нацыянальнага мемарыяла прыцягвае абвостраную грамадскую ўвагу, выклікае маштабнае грамадзянскае супрацьстаянне.
Так ужо было падчас пракладкі аўтамабільнай дарогі прама па безназоўным пахаванням, ўзвядзення там забаўляльнага цэнтра. Гэта ж мы бачым і сёння, калі ў абыход законнай працэдуры спрабуюць перарэзаць новай камерцыйнай будоўляй дарогу памяці да сэрца Курапатаў.
Зноў чыноўнікі спрабуюць праігнараваць меркаванні даследчыкаў і грамадскасці, пункт гледжання мясцовых жыхароў. МАЗамі, трактарамі і бульдозерамі на ўскраіне вуліцы Мірашнічэнка яны фактычна выпрабоўваюць на злом, на трываласць гістарычную годнасць ўсёй нацыі.
Гэта недапушчальнае блюзнерства.
«Гавары праўду» заклікае ўладу да паўнавартаснага дыялогу ў імя памяці і нацыянальнага адзінства.
Мы прапануем:
• Прыпыніць будаўніцтва да высвятлення пракуратурай законнасці набыцця ўчастка і праводзімых работ;
• У выпадку, калі рашэнне прынята без парушэнняў, правесці паўторныя грамадскія слуханні і па іх выніку прыняць рашэнне аб магчымасці будаўніцтва на гэтым участку;
• Сфарміраваць рабочую групу з удзелам грамадзянскай супольнасці, гарадскіх уладаў, даследчыкаў для стварэння мемарыяла памяці і распрацоўкі плана арганізацыйных і інфармацыйных мерапрыемстваў;
• Забараніць змены зафіксаваных межаў ахоўнай зоны, абазначыць іх не толькі на мапе, але і на мясцовасці інфармацыйнымі стэндамі;
• Правесці навукова-практычную канферэнцыю па тэме нацыянальнай памяці, дзе Курапаты павінны стаць адной з галоўных тэм;
• У Дзень памяці ахвяр рэпрэсій правесці прысвечаную тэме Курапатаў фотавыставу ў Мінскім гарадскім Савеце дэпутатаў
Гістарычная памяць павінна быць падмуркам Незалежнасці і нацыянальнага адзінства Беларусі.
Рэспубліканскі савет «Гавары праўду»
25 февраля 2017
Коментарии
Добавить комментарий
Вы должны быть авторизованы для комментирования.