+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

НЯКЛЯЕВА БУДЗЕ СУДЗІЦЬ ЛЕНІНСКІ СУД. Паседжаньне – 25 ліпеня

Былы кандыдат на прэзідэнта, лідар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімір Някляеў сёньня атымаў позву ў суд Ленінскага раёна сталіцы. Пасяджэньне пачнецца а 10-й раніцы. Суд будзе разглядаць справу, пададзеную раённай крымінальна-выканаўчай інспэкцыяй. 

«Суд мае зрабіць выснову, ці стаў я на шлях выпраўленьня, ці трэба мяне зьмясьціць у турму, ці вызваліць ад пакараньня, ці працягнуць рэжым прэвэнтыўнага нагляду. Справа ня ў тым, ці стаў я на шлях выпраўленьня, а ў тым, якое рашэньне будзе спушчана ў суд зьверху», — сказаў Уладзімір Някляеў радыё «Свабода».

20 траўня 2011 году Някляеў быў асуджаны на два гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня прысуду на два гады. Някляева прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Судьдзёю была Жанна Жукоўская. 22 ліпеня 2011 году калегія Мінскага гарадзкога суду пакінула вырак Фрунзенскага суду бязь зьменаў.

Разам зь Някляевым у 2011 годзе былі асуджаныя Андрэй Дзьмітрыеў, Віталь Рымашэўскі і Аляксандар Фядута, але ў іх умоўныя тэрміны зьняволеньня, якія сканчаюцца аўтаматычна.

Як і Някляеў, з адтэрміноўкай была пакараная Ірына Халіп. Дата суду над ёю пакуль не вядомая, але суд мае прайсьці да канца гэтага тыдня.

У каментары «Еўрарадыё» Ўладзімір Някляеў адзначыў, што адмыслова да судовага працэсу рыхтавацца не плануе:

«Ніяк сьпецыяльна рыхтавацца я не буду, бо не будзе ніякага суда, таму не патрэбныя ніякія адвакаты. Будзе нейкае паседжаньне, на якім агучаць тое, што скажуць суду агучыць. Таму я думаю, што і суд да гэтага не надта будзе рыхтавацца».

На які вынік суда спадзяецца палітык? У гутарцы з «Еўрарадыё» Някляеў заявіў, што хацеў бы пачуць, што суд апраўдвае не толькі яго, але і палітвязняў Дашкевіча і Статкевіча, якія дагэтуль застаюцца за кратамі. Аднак у цяперашніх умовах гэта нерэальна, а таму іншыя спадзяванкі не маюць сэнсу, кажа экс-кандыдат у прэзідэнты.

«Наша ніва» нагадвае, што менш як тыдзень таму, 10 ліпеня, суд Цантральнага раёна сталіцы разглядаў заяву самога У.Някляева «аб распачынаньні крымінальнай справы ў дачыненьні да асобаў, якія напалі на экс-кандыдата 19 снежня 2010 года. У той дзень, падчас руху з калонай актывістаў апазіцыі на Кастрычніцкую плошчу, дзе планаваўся мітынг, на Някляева і яго прыхільнікаў напалі невядомыя ў чорным адзеньні і масках. Ад удараў палітык страціў прытомнасьць і быў дастаўлены ў бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі з чэрапна-мазгавой траўмай сярэдняй ступені цяжару. З бальніцы яго адвезлі ў СІЗА.

Суд Цантральнага раёна Мінска не знайшоў падстаў для адмены пастановы пракуратуры аб адмове ў распачынаньні крымінальнай справы па факце нападу на Някляева. Палітык мае намер абскардзіць гэтае рашэньне ў Мінскім гарадскім судзе. (Больш падрабязна мы распавядалі пра гэта ў матэрыяле “Што і патрабавалася даказаць. Суд адмовіў Някляеву ў завядзеньні крымінальнай справы” – Рэд.)

Уладзімір Някляеў неаднаразова зьвяртаўся ў розныя інстанцыі з патрабаваньнем распачаць крымінальную справу па факце зьбіваньняў, аднак нідзе, у тым ліку ў пракуратуры, яго скарга не была падтрыманая».

zapraudu.info

16 июля 2013

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі