+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Падцягні порткі! Ці «Чаму я люблю некаторую сучасную моладзь».

Лепей бы ён маўчаў. Хто? Гэты сімпотны “качок”, які назваў сябе Іванам. Але лепей усё па парадку.

Актывісты кампаніі “Гавары праўду” , іх прыхільнікі і проста зацікаўленыя асобы, якія сустрэліся ў офісе “Сямейнай пляцоўкі” ў субботу 24 жніўня, каб паразмаўляць на сацыяльна-пабытовыя тэмы, былі затрыманы міліцыянтамі і адвезены ў Кастычніцкі РУУС г.Мінска. Чаго дабіваліся міліцыянты? Мабыць запалохаць прыхільнікаў і зацікаўленых. Бо на актывістаў кампаніі не мае сэнсу нават спрабаваць “уплываць”.

Пакуль мы ўсе сядзелі ў іх так званай актавай зале і чакалі сваёй чаргі даць тлумачэнні, адбіткі пальцаў, пашпартныя дадзеныя, малады міліцыянт, гадоў да 30-ці, спартыўнага целаскладу, які назваў сябе Іванам, хаця калегі яго клікалі “Казак”, распавядаў нам пра тое, чым яму не падабаецца сучасная моладзь, а дакладней – некаторыя хлопцы.

“Чаму? Бо ходзяць са спушчанымі штанамі, з завушніцамі. Такія слабыя, маленькія і здыхленькія, што ў армію няма каго забіраць. А хто туды пападзе, дык у большасці сваёй не мае ні выгляду фізічнага, ні здароўя. Чаму яны не імкнуцца быць спартыўнымі, здаровымі? Не займаюцца спортам? Чаму яны такія? Без інтарэсаў, без імкненняў? Чаму?”

Наогул, я шмат у чым з табой згодна, хлапчына. І мне шкада гэтую частку моладзі, якая адпавядае твайму апісанню. Так, яна ёсць. Як ёсць і праблема, і адказ на яе.

Хіба ж бацькі гэтых хлапчукоў не хацелі б, каб іх сыны займаліся ў спартыўных секцыях, наведвалі розныя гурткі, як гэта было раней, у гады іх маладосці. Хацелі б. Дык што ж перашкаджае? Што змянілася?

Гурткі, спартыўныя секцыі, клубы – усё стала платным. А ці здолеюць цяпер многія бацькі аплочваць сваім сынам наведванне спартыўных секцый, гурткоў і г.д.? Большасць з іх жыве ад зарплаты да зарплаты. Абы на ежу хапіла ды камуналку, а яшчэ трэба набуцца і адзецца. Вось і ходзіць такая моладзь стайкамі…. Тусіць дзе папала, на што грошай  бацькоўскіх хапае, альбо сваіх мізерных. А хапае іх на цыгарэты, піва – карацей кажучы на тое, што ў нашай краіне самае таннае і даступнае.

Каб дзіця вырасла здаровым, трэба не толькі будаваць для яго спартыўныя палацы, але трэба, каб ён сам і яго бацькі мелі магчымасць наведваць гэтыя установы. У першую чаргу – каб была матэрыяльная магчымасць. Раз пайшло на тое, што секцыі платныя – трэба, каб бацькі добра зараблялі. Пры гэтым сядзелі на працы не 18 гадзін у суткі, але акурат паводле працоўнага кодекса.

Каб дзіця мела магчымасць добра і якасна харчавацца, дзе хоча і калі хоча.  Каб мела на гэта, ў тым ліку, і грошы ў сваёй кішэні. А то ў нас часцей так здараецца: “Маё дзіця ў школе харчавацца не будзе. Чаму? Там дорага і няякасна. Дома паесць”. А дома – што Бог паслаў.

Можна многа перелічваць і называць шмат праблем, але лягчей ад гэтага не стане. Гаворкай становішча не зменіш.

Я запыталася ў міліцыянта: — “Колькі зараз гадоў гэтай моладзі, аб якой мы вядзем гаворку?”

“20 гадоў у сярэднім”

Вось вам і адказ, удалец Іван. За 20 апошніх гадоў вырасла тая моладзь, якая так не падабаецца Вам, Іван. Праўда, залежаць гэта не толькі ад яе. Але ад іх бацькоў, ад сацыяльнага асяроддзя, у якім яны жылі, ад становішча ў краіне цалкам.

З усім гэтым і папярэдняй размовай Вы са мною пагаджаліся. А я з Вамі.

Чаму Вас тады так збянтэжыла пытанне: “А хто кіраваў краінай апошнія 20 гадоў?”

Вы не адказалі на гэта пытанне ўслых. Яно Вас збянтэжыла і Вы ад нас збеглі. Але нас усіх прыемна  парадавала тое, што мы думалі аднолькавы, гаварылі аднолькава, прычыны бачылі аднолькавыя. Вось толькі ўслых канец размовы яшчэ не кожны з нас можа вымавіць.

Аксана Зелянеўская, zapraudu.info

28 августа 2013

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Мы открыли горячую «антитунеядскую» линию помощи гражданам