+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

«Прыпынак Адамовіча» зьявіўся ў роднай вёсцы пісьменьніка

Арт-аб’ект, прысьвечаны Алесю Адамовічу (1927–1994), прэзэнтавалі на яго малой радзіме ў пасёлку Глуша ў Бабруйскім раёне Магілёўскай вобласьці.

Зь ініцыятывы бабруйскай суполкі «Прыпынак Адамовіча» мастак Аляксандар Благі размаляваў прыпынак на вуліцы, якую ў сярэдзіне 1990-гадоў не дазволілі назваць імем літаратара. Пасьля зьяўленьня прыпынку «Адамовіча» у пасёлку чакаюць усталяваньня бюста пісьменьніка.

«Мы хочам зрабіць Алеся Адамовіча цікавым для цяперашніх беларусаў»

На прыпынку намаляваны вялікі партрэт Алеся Адамовіча, пададзеная цытата зь яго аповесьці «Vixi», у якой ён падкрэсьліваў сваю любоў да родных глушанскіх мясьцін. Намаляваная і мапа Беларусі, на якой пазначаны родны пасёлак Адамовіча.

Ушанаваць памяць Адамовіча ў Глушы задумаў бабруйскі сябра «Гавары праўду» Андрусь Архіпенка. Вакол яго згуртавалася суполка маладых рупліўцаў беларушчыны «Прыпынак Адамовіча». Ад распрацоўкі ідэі, узгадненьня праекту з уладай і яго ажыцьцяўленьнем мастаком Аляксандрам Благім прайшло шэсьць месяцаў.

Сваім праектам, кажа Андрусь, мы імкнуліся прыцягнуць увагу да Алеся Адамовіча, яго творчасьці і роднай яму Глушы.

«Мы хочам зрабіць Адамовіча цікавым для цяперашняга пакаленьня беларусаў, — тлумачыць актывіст. — Цяпер тыя, хто будзе ехаць па шашы, будуць бачыць прыпынак з Адамовічам. Яны даведаюцца, што ў гэтым пасёлку ён жыў. Прыпынак Адамовіча — першы крок ушанаваньня памяці Адамовіча. Наступны наш крок яго бюст і нарэшце стварэньне музэю».

За «Прыпынкам Адамовіча» яго бюст

На прэзэнтацыю «Прыпынку Адамовіча» прыехалі лідар «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч і старшыня Бабруйскай гарадской арганізацыі Алена Мядзведзева, а таксама дачка пісьменьніка Натальля Адамовіч. Яна выбрала фотаздымак бацькі, на якім яму 55 гадоў. Натальля таксама папрасіла, каб на прыпынку быў урывак з аповесьці «Vixi».

«Я не чакала, што будзе так прыгожа, — кажа яна. — Мне радасна і я ўдзячна за тое, што так ушанавалі майго тату. Мяне цешыць, што пасялкоўцам падабаецца. Цяпер будзем чакаць пакуль зьявіцца ў Глушы бюст Адамовіча».

Андрусь Архіпенка сабраў неабходных 9 тысяч 600 рублёў і на бюст Адамовіча, які зьбіраюцца паставіць ля будынку старой аптэкі, якую пісьменьнік згадвае ў дакумэнтальнай аповесьці «Вайна пад стрэхамі». Аптэка знаходзіцца непадалёк ад прыпынку. Паводле старшыні сельскага выканкаму Марыі Сушчанкі цяпер праект праходзіць працэдуры ўзгадненьня ў Магілёўскім аблвыканкаме. Міністэрства культуры дазвол на ўстаноўку дало.

«Радыё Свабода»

7 октября 2018

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Мы открыли горячую «антитунеядскую» линию помощи гражданам