+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

ПРЫСНІЛАСЯ, ШТО ЁСЦЬ НА СВЕЦЕ БОГ. «Творчасць – гэта практыкаванні ў свабодзе»

Уладзімір Някляеў адзначае 67-годдзе. Два з паловай гады таму ён не стаў прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, але як быў, гэтак і застаецца паэтам.

На гэтую пасаду, нават сфальсіфікаваўшы галасы выбаршчыкаў, не выбіраюцца, на яе нельга прызначыць і з яе нельга зняць.

Паэзія Уладзіміра Някляева – нацыянальны здабытак. Гэта прызнае, ці ва ўсякім разе прызнаваў, пакуль не зрабіў з Някляева крымінальнага злачынцу, Аляксандр Лукашэнка; таксама  і Зянон Пазьняк, які крытыкуе паэта за тое, што ён заняўся палітыкай. Увогуле ў Някляева цяпер даволі шмат апанентаў, кожны з якіх нібыта ведае лепш за яго, што і як яму рабіць.

«Як вы да ўсяго, што вакол вас адбываецца, ставіцеся?» – задаў я ў размове з Уладзімірам Някляевым першае пытанне.

– Спакойна. Навука паважаць людзей з іншымі поглядамі не самая лёгкая, але неяк я здолеў яе засвоіць – і права кожнага чалавека на асабістае меркаванне для мяне бясспрэчнае. «Слухай, дуброва, што лес гаворыць», – казалі ў маім родным Крэве. Так што, мне здаецца, я нават не вучыўся – нарадзіўся з гэтым.

 

«Радуе, што мяне не пакінула паэзія»

– У розных даведніках пазначаныя два розныя дні, у якія вы нарадзіліся: 9 і 11 ліпеня. Чаму так?

– У нашай дзіўнай краіне ўсё падвойнае. Дзве мовы, два гербы, два сцягі… Вось і ў мяне два дні народзінаў.

Па словах маці – 9-га ліпеня. Па словах бацькі (і запісы ў метрыцы) – 11-га. І хоць маці была, так бы мовіць, бліжэй да працэсу, але ж і бацьку, які, мусібыць, два дні гуляў, пакуль мяне ў метрыку запісаў, таксама засмучаць не хочацца. Таму ў абодва дні радуюся.

– Што ў тых умовах, у якіх вы знаходзіцеся, пад наглядам крымінальна-выканаўчай інспекцыі, вас радуе?

– Найперш тое, што нарадзіўся. Гэты неверагодны цуд мог і не здарыцца. Ні 9-га, ні 11-га.

Ячшэ радуе тое, што ёсць каханая, даўнія і верныя сябры, што мяне не пакінула паэзія. Хоць яна – дама вельмі раўнівая, магла і пакінуць.

– Праз палітыку?

– Больш няма праз што. Між іншым, прыняўшы рашэнне заняцца палітыкай, больш за ўсё я асцерагаўся расстання з паэзіяй. Не арышту, не турмы – расстання…

– А што ў гэтыя дні засмучае?

– Найлепшы сучасны паэт, народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін страчвае мову. Праз хваробу. Слова за словам. Я сустракаюся з ім – і мне сціскае сэрца. Ён мой сябар, я яго люблю, а сэрца сціскае яшчэ болей, калі думаю: гэтаксама сёння – слова за словам – разам са сваім найлепшым паэтам страчвае мову Беларусь. Гэтая думка, гэтая метафара мяне жахае…

 

«Пазбаўленне ад звярынага і ёсць гісторыя чалавецтва»

– Вы неаднойчы казалі, што менавіта сітуацыя з беларускай мовай, культурай і змусіла вас пайсці ў палітыку. Цяпер, прайшоўшы праз вельмі сур’ёзныя выпрабаванні, не шкадуеце пра гэта?

– Стан мовы, культуры, стан беларускасці для мяне і сёння найпершая праблема. Хто б і як мне ні даводзіў, што спачатку дэмакратыя, а пасля ўсё астатняе. Дэмакратыі ў свеце, можа, і не хапае, але ўсё ж дзе-нідзе яна ёсць. У Еўропе, Азіі, Амерыцы, Аўстраліі… А дзе яшчэ ёсць Беларусь?

Нідзе яе больш няма.

Некаму яна са сваёй мовай, культурай, гісторыяй без патрэбы. А мне без патрэбы ніякая іншая.

Ды ніякай іншай Беларусі і не можа быць. Краіна з іншай мовай, культурай, гісторыяй – іншая краіна.

Вось такой, іншай, яе і робіць сённяшні рэжым. І пакуль ён будзе гэта рабіць, я буду яму супрацьстаяць. Усімі маімі сіламі і магчымасцямі. Таму я ў палітыку прыйшоў, таму ў ёй застаюся.

Ці шкадую, што заняўся палітыкай?.. Я ўвогуле не маю звычкі шкадаваць пра зробленае. Гэта згубная звычка, марная страта часу. Калі ўчора нешта зроблена не так – сёння перарабі. Не ўдасца сёння – паспрабуй заўтра. Штодзённа нешта рабі, а не сядзі і не енчы: «Ай-ёй, што ж гэта я нарабіў…»

Енк – слабасць. Я ў дзяцінстве бачыў, як ваўчыная зграя парвала сабаку. Пакуль ён стаяў, паварочваўся, не зводзячы вачэй з важака, ваўкі хадзілі кругам. Сеў і заенчыў – накінуліся і парвалі.

– Наш свет ваўчыны?

– Наш свет чалавечы. Хоць і з ваўчынымі звычкамі. Але звычак можна пазбавіцца. Усялякіх – і найперш звярыных. Пазбаўленне ад звярынага і ёсць – у маім разуменні – гісторыя чалавецтва. Гэта гісторыя культуры, якая й перарабляе звяроў у людзей.


«Дзед вучыў аднаму: любіць людзей»

– Шмат хто даводзіць, што беларусы сваёй культуры ніколі не мелі, што яны выхаваныя іншай культурай, рускай.

– Давайце не будзем зважаць на тое, хто якую вярзе лухту. Культура ўзнікла хоць і на Ўсходзе, але не на нашым. Па Еўропе яна рухалася з захаду на ўсход, а не наадварот. І калі казаць пра літаратуру, якая ёсць найпершым складнікам рускай культуры, дык пачынальнікам, стваральнікам яе быў Сімяон з Полацку. Пасля ўжо быў Дзяржавін, які Пушкіна заўважыў…

Іншая рэч, у якіх умовах культура развівалася. Культура метраполіі мела адны ўмовы, культура калоніі – іншыя. Беларуская культура дасюль знаходзіцца ў каланіяльных умовах, і гэта найпершая прычына, па якой наша грамадства ёсць не беларуская супольнасць, а «славянскі базар». Праз тое і ўсё астатняе ў краіне не нацыянальнае, не дзяржаўнае, а базарнае.

Зрэшты, тое самае адбываецца і ў Расіі – і па тых жа прычынах. Руская культура, страціўшы імперскасць, якая была яе стрыжнем, прыйшла ў заняпад, і ніхто не парупіўся, каб яе падтрымаць. Усё пусцілі ў трубу.

– Ліпень – не толькі месяц, у якім вы нарадзіліся, гэта яшчэ і месяц чарговага суда над вамі. Вас могуць зноў пасадзіць у турму, а могуць і вызваліць. Вы да чаго гатовы?

– Да ўсяго. Як і суд гатовы да ўсяго, што яму загадаюць. Пасадзіць, вызваліць…

Я пра гэта не думаю. Вунь у мяне ўвесь стол незавершанымі рукапісамі завалены – няма калі пра суды думаць.

– Калі чытаць тое, што напісана пра вас як пра паэта, можна заўважыць адну рэч: усіх здзіўляе, што якасць вашых твораў з гадамі толькі ўзрастае. У большасці ж паэтаў пік творчасці прыпадае на юныя, маладыя гады, пасля ідзе спад. Як гэта растлумачыць? І якія свае кнігі вы самі лічыце найбольш удалымі?

– Найбольш удалыя сапраўды апошнія. Пачынаючы з кнігі «Прошча», якая выйшла ў 1996-м. Мяне самога гэта здзіўляе, бо паэзія патрабуе неверагоднай энергіі, эмоцый, моцных пачуццяў. Магчыма, яны таму захаваліся, што я не траціў іх на абы-што. На зайздрасць, нянавісць. Людзі ў большасці сваёй, на жаль, страчваюць сябе пераважна на гэта – і да моманту, калі Гасподзь высылае ім рахунак за аказаныя паслугі, прыходзяць пустымі. Цуд жыцця застаецца неаплачаным.

– Злу навучыцца прасцей, чым дабру…

– Гэта праўда. І тут вельмі важна, каб пашчасціла з першымі настаўнікамі. Мне пашчасціла. Мой дзед па маці, які і быў для мяне такім настаўнікам, вучыў аднаму: любіць людзей. Казаў: «Усяму астатняму цябе людзі навучаць».


«Проста плынь жыцця…»

– Вам усё ж 67 гадоў – і здзіўляе не толькі ваша творчая, але і фізічная форма: ніяк не выглядаеце вы на свой узрост! Ёсць тут якія-небудзь сакрэты?

– Няма. Але, калі трэба, дык калі ласка.

Па-першае, я не ўспрымаў і не ўспрымаю ўзрост як праблему. Кожны год не адымае частку жыцця, а дадае. Гэта не страта, а падарунак. І дзякуй Богу.

Па-другое, што, можа быць, сапраўды сакрэт, бо гэта важная выснова з майго жыццёвага досведу: чалавек малады ці стары не настолькі, наколькі блізка ці далёка бачыць мінулае, а настолькі, наколькі блізка ці далёка глядзіць у будучыню. У будучыню сваю, сваіх дзяцей, краіны, народа… Дык вось тут я адчуваю сябе проста несмяротным.

– Тым не менш пасля турмы, пасля ўсяго, што з вамі было, як у вас са здароўем?

– Усё са здароўем як мае быць. Не сказаць, што яго дадалося, але і мерваваць, што Бог гатовы выпісаць рахунак за аказаныя паслугі, падстаў няма.

– У мінулым годзе выйшаў ваш раман «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без», які прызнаны адным з лепшых беларускіх раманаў і адзначаны прэстыжнай прэміяй Гедройца. А што ў гэтым годзе чакаць?

– Гатовая да друку кніга «Знакі прыпынку». Вось, дарэчы, як перакласці назву кнігі на рускую мову, калі гэта і не «знаки препинания», і ўжо тым больш не «знаки остановки»?.. Так што не трэба даводзіць, нібы адна мова багацейшая, другая бяднейшая – у кожнай ёсць свае перавагі.

«Знакі прыпынку» – гэта не тое каб мемуары. Хутчэй – дзённікавыя запісы. Не пазначаныя ніякімі датамі – проста плынь жыцця…

Гутарыў Іван ГРЭКАЎ

 

Уладзімір Някляеў. З кнігі «Знакі прыпынку»

* * * Прыснілася, што ёсць на свеце Бог.

* * * Усё было б інакш, калі б чалавек не прыдумаў, што паселены ён на зямлі ў ролі прадстаўніка неба.

* * * Ён з’явіўся на свет, каб яго перайначыць, але трохі не ў час нарадзіўся: у свеце адбыліся якраз сякія-такія перамены – і болей аніякіх перамен ніхто не хацеў.

* * * На карэннае пытанне: што ёсць жыццё і для чаго яно ёсць? – як не было, так і няма адказу. Чалавецтва як жыло, гэтак і жыве безадказна. Дык, можа быць, гэтае карэннае пытанне зусім не карэннае? Магчыма, у жыцця ўвогуле няма кораня.

* * * Ганна Ахматава ў размове з Усеваладам Іванавым:

«Я была ў в великой славе, испытала величайшее бесславие, и убедилась, что в сущности это одно и то же».

Хто не пражываў такое, ніколі ў такое не паверыць. Але гэта праўда.

* * * Малады Карней Чукоўскі, захапляючыся Пушкіным, піша: «Такім людзям, як ён, перакананні без патрэбы».

Па сутнасці яно так. «Зависеть от властей, зависеть от народа – не всё ли нам равно?»

Пераканне паэта – вобраз, а не ідэя эмансіпацыі ці павышэння ролі прафсаюза.

* * * Рыгор Барадулін тэлефануе і прагаворвае ў некага вычытанае: «Якім бы велічным ні ўяўляўся трон – усё адно на ім сядзіць задніца».

* * * З Піменам Панчанкам на пісьменніцкім з’ездзе стаялі на лесвічнай пляцоўцы і курылі. У зале пляскалі ў далоні, тупалі нагамі, свісталі, зганялі з трыбуны прамоўцаў. Пімен Емельянавіч дакурыў цыгарку, кінуў акурак у сметнік і сказаў: «Трыццаць гадоў назад тупалі мацней».

* * * Прыйшла пара рухацца (Быкаў ужо ў Нямеччыне) з Варшавы ў Хельсінкі – і на развітанне з Зянонам Пазьняком і ягонай жонкай Галінай вячэраем у Чэслава Сэнюха. Для Чэслава Зянон – найганаровы госць, таму чаго толькі на стале нестае, а Галіна раптам кажа: «Як я дахаты хачу! Хоць на ваду і на хлеб, але дахаты…»

Я гляджу на Зянона – дзве слязіны ў вачах. Нейкае імгненне… Наплылі і высахлі, але след іх застаўся ў паглядзе.

Каб не заўважылі, як мяне торгнула, выйшаў нібыта перакурыць…

Радзіма – разуменне шкоднае.

* * * З фінскага антыалкагольнага закона: «Забараняецца скарыстоўваць алкаголь з мэтай ап’янення».

* * * Бліскучая фраза (хутчэй за ўсё французская прымаўка) у фільме Жана-П’ера Жэнэ «Амелі»:

Калі палец указвае ў неба, толькі асёл глядзіць на палец.

* * * Усе і кожны, хто мог давесці нешта, даводзілі, што пекла – гэта яны. З іх жахлівымі жарсцямі. Не кажучы найістотнага: іх жахлівыя жарсці, іх пекла – насамрэч рай.

Жан-Поль Сартр першы сказаў найістотнае: «Пекла – гэта іншыя».

* * * Прэзідэнт ЗША Джон Фітцджэральд Кэнадзі: «Той, хто робіць немагчымай мірную рэвалюцыю, робіць непазбежнай рэвалюцыю гвалтоўную».

Светапогляд – вось прычына, па якой яго забілі.

* * * Што робіць воін, – пытае Кастанэда, – калі бачыць, что яму канец?.. Ён робіць тое самае.

Гэта называецца бездакорнасць.

* * * Інтэлігенцыя – не тая сіла, якая здольная справіцца з дыктатурай, тыраніяй; а тым больш не па сіле гэта інтэлігенцыі беларускай, пра якую народ нават не здагадваецца, што яна ў яго ёсць.

* * * Грузін сябе найлепей пачувае, з’еўшы шашлык з віном, а беларус – зжэршы беларуса з г…ом.

Асаблівасці нацыянальнай кухні.

* * * Пра дзіця можна сказаць: «Цела малое, а душа ж уся». Даўно гэта нашу – і нікуды не ўстаўляецца. Мусіць, дастатковае само па сабе.

* * * Рабіце ўсё, каб жанчыны ўсміхаліся… Бо ўсміхнулася Джаконда – і з’явіўся Леанарда да Вінчы.

* * * Грошы – згуба для таленту, але ў вашага сына такі талент, што грошай у яго ніколі не будзе.

* * * Ён ненавідзеў усіх: найбольш гэтых, але не менш і тых.

* * * «І я дурань, і ты дурань», – сказаў ён, напалову сказаўшы праўду. (Цікава, менавіта на якую палову? – Рэд.)

* * * Жывое і абортнае.

* * * Садом не ў гуморы.

* * * Культурны дом. Нацюрморт на кухні.

* * * Навакольнае асмяроддзе.

* * * Паслясавецкая будоўля новага савецкага мінулага.

* * * Што там ні кажы пра чалавецтва, а ўсё ж у большасці людзей прамая кішка знаходзіцца ніжэй за галаву.

* * * Калі б на той свет можна было ўзяць грошы, той свет быў бы такім жа, як гэты.

* * * У пошуках праўды страчваеш шчасце.

* * * Неабвержных доказаў існавання нашага свету няма.

* * * Мой дзед Ясь казаў, калі я нецярплівы быў: «Некалі ты дазна’ешся, што мудрасць – гэта трыванне».

Доўгай дарогай прышоў я да разумення таго, што ён казаў.

* * * Азіраючыся назад, бачыш, што памыляўся, а яшчэ празь нейкі час аказваецца, што памыляўся якраз тады, калі думаў, што памыляўся…

Бамаршэ сказаў: «Час – сумленны чалавек».

* * * З жывым не размаўляў. З нябожчыкам не змог.

* * * Незразумела было, што з гэтага павінна вынікаць, дык нічога і не вынікла.

* * * Ісціна – там і тады, дзе і калі ёсць адказнасць. Гісторыя чалавецтва – гісторыя дактрын, безадказных падробак пад ісціну.

* * * Там, дзе ты не сам герой, там няма герояў.

* * * Сярод усіх святочных дзён не хапае мне Дня Ціхага акіяну.

* * * Колькі чуў, колькі сам казаў: «Вось чалавек! Голая душа!..»

Пакуль не нагледзеўся стрыптызаў.

Душа, як і цела, павінна мець апратку.

* * * Творчасць – гэта больш чым жывапіс, музыка, паэзія. Яна – практыкаванні ў свабодзе.

«Белорусский партизан»

 

9 июля 2013

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Мы открыли горячую «антитунеядскую» линию помощи гражданам