+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Развітанне з генералам Фраловым

Пайшоў з жыцця вядомы беларускі палітык, былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў, намеснік старшыні Беларускай сацыял – дэмакратычнай партыі (Грамада), сябра Рады беларускай інтэлігенцыі, генерал Валерый Фралоў.

Усе, хто яго ведаў – і тыя, хто служыў разам з ім на ўскраінах былога СССР, і тыя, з кім ён вучыўся ў Акадэміі Генштаба, і тыя, хто пад ягоным кіраўніцтвам забяспечвалі мірны вывад войскаў з Літвы, якая прыняла рашшэнне аб сваёй незалежнасці, і тыя, хто быў побач з ім падчас дэбатаў у Палаце прадстаўнікоў, — могуць сказаць аб ім толькі добрае. І мы, сябры Рады беларускай інтэлігенцыі, смуткуем сёння разам з тымі, хто ведаў і любіў гэтага выбітнага чалавека.

Дзяцінства і сталенне Валерыя Фралова праходзіла ў эпоху існавання СССР, пад лозунгамі, сфармуляванымі савецкай прапагандай. У тыя часы ён прайшоў шлях ад вясковага хлопчыка, і рабочага трактарнага завода да генерала, а потым – дэпутата. Але, у адрозненні ад шматлікіх іншых прадстаўнікоў свайго пакалення, ён знайшоў у сябе сілы і мужнасць ахвяраваць уласнай кар’ерай і дабрабытам, і паўстаць супраць існуючай сістэмы, калі пераканаўся, што яна пабудаваная на несправядлівасці і крывадушшы. Так ён узначаліў дэпутацкую групу “Рэспубліка” – адзіны і ўнікальны ў беларускім “парламенце” апошніх гадоў прыклад сапраўднага парламентарызму. Часам некаторыя ягоныя погляды на перспектывы развіцця краіны не супадалі і з пазіцыяй большасцю сяброў нашай Рады, дзе ён быў, бадай, адзіным прадстаўніком вышэйшага камандвання ўзброенымі сіламі. Але  Валерый Фралоў быў вельмі тактоўным і мудрым чалавекам, і ніколі не дазваляў, каб палітычная палеміка ўплывала на асабістыя адносіны паміж людзьмі.

Ён быў аптымістам і заражаў сваім аптымізмам усіх, хто быў побач. Ён быў простым і даступным, і ніколі не адмаўляўся дапамагаць тым, хто да яго звяртаўся. Ён ніколі не адракаўся ад сяброў, якія трапілі ў бяду ці апалу, і знаходзіў магчымасць дапамагчы кожнаму.

Светлая памяць па ім застаецца ў нашых сэрцах.

 Сябры Рады беларускай інтэлігенцыі.

11 ноября 2014

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Мы открыли горячую «антитунеядскую» линию помощи гражданам