+375 17 209-48-04

info@zapraudu.info

Rock Around The Court, або Змагаемся з «Крамбамбуляй» (аўдыё)

Калі справа “Канцэртнае агенцтва “Шаблі” супраць клубу “Re:Public” дойдзе да разгляду ў судзе, яна, безумоўна, прыцягне да сябе вялікую ўвагу.

Ужо хоць бы таму, што гэта будзе першы ў гісторыі краіны працэс, у цэнтры ўвагі якога будуць прычыны зрыву правядзення канцэрта папулярнай музыкі.

Сцісла нагадаю гісторыю канфлікту. Канцэртнае агенцтва “Шаблі” ў асобе Ўладзіміра Шаблінскага дамовілася з дырэктарам мінскага клуба “Re:Public” Андрэем Старцавым аб правядзенні ў памяшканні гэтага клуба канцэрта-прэзентацыі новага альбому групы “Крамбамбуля”. А паколькі на чале гэтай каманды стаіць небезвядомы і не ўсімі любімы Лявон Вольскі, У.Шаблінскі, дзеля падстрахоўкі, абыйшоў тыя дзяржаўныя інстанцыі, якія маюць дачыненне да надзору за правядзеннем канцэртаў. Вынік паходу быў станоўчы: анідзе ён не сустрэў пярэчанняў, не кажучы ўжо пра забарону. І тады “Шаблі” запусцілі рэкламную кампанію, пачалася рэалізацыя білетаў.

Ды раптам А.Старцаў, спасылаючыся на “надзвычайныя абставіны”, самаруч адмяняе канцэрт, замяніўшы “Крамбамбулю” на іншыя айчынныя калектывы. Гэта выклікала зразумелую рэакцыю з боку прадстаўнікоў “Крамбамбулі”. Так, на партале tuzin.fm прадзюсар групы Ганна Вольская заявіла:  “Мы былі гатовыя і гатовыя дагэтуль зняць свае прэтэнзіі да “Re:Public” у выпадку таго, калі яны скажуць праўду і назавуць тых людзей, якія перавысілі свае абавязкі і змусілі адмяніць наш канцэрт”. Уладзімір Шаблінскі спаслаўся на Андрэя Старцава: маўляў, ён сам сказаў, што ў сувязі з гэтым канцэртам на яго пачаўся ціск з боку куратараў з КДБ і Фрунзенскага выканкама. Што выклікала зразумелую рэакцыю Лявона Вольскага, які пажадаў даведацца, “ці сапраўды наша творчасць забароненая і на якой падставе”. Лідар “Крамбамбулі” пры гэтым гатовы асабіста звярнуцца ў пракуратуру, Адміністрацыю прэзідэнта, міністэрствы інфармацыі і культуры.

Пакуль жа музыкі “Крамбамбулі” аб’явілі пра тое, што грошы за набытыя на іх канцэрт квіткі яны будуць вяртаць пры поўным сваім складзе менавіта 11 лютага і менавіта ў клубе “Re:Public” адначасова з раздачай аўтографаў і плакатаў. Агенцтва “Шаблі” працягвае стаяць на сваім і патрабуе ад клуба афіцыйна патлумачыць прычыны адмены канцэрта, не выключаючы звароту ў Гаспадарчы суд з патрабаваннем кампенсаваць страты, на што, паводле А.Старцава, “Re:Public” пайсці згодны, хоць, як ён падкрэсліў, у адмене канцэрту вінаваты толькі У.Шаблінскі.

Адмена канцэртаў тых музыкаў, чые імёны прысутнічаюць у “чорных спісах”, — з’ява не новая. Як правіла, яны абмяняліся часам ці не за гадзіну да пачатку альбо з прычыны тэлефанавання “самі знаеце каго”, альбо прадстаўнікамі МЧС, альбо электрыкамі (сантэхнікамі і г.д.). Адмена канцэрта “Крамбамбулі”, правядзенне якога было загадзя ўзгоднена з усімі адміністратыўнымі органамі, — з’ява прынцыпова іншая. Яна найперш сведчыць пра тое, што айчынныя ідэалагічныя органы, уключна раённыя адміністрацыю і КДБ, працуюць незалежна адзін ад аднаго. Гэты прынцып з выключнай сілай праілюстраваў блогер В.Малішэўскі: “Это наша статистика! Премьер-министр Мясникович: «За год мы потеряли 381 тысяч коров, или 28,7% стада». Белстат: «Поголовье коров за год увеличилось на 1,7%»».

І каму тут верыць?! Застаецца толькі рагатаць з тае рэальнасці!

У дачыненні ж да канцэрта “Крамбамбулі” не да рогату. І вось чаму. Па-першае, спрытнае агенцтва “Шаблі” зрабіла нечаканы й вынаходлівы “фінт”, вуснамі У.Шаблінскага паведаміўшы, што гэты канцэрт-прэзентацыя мае адбыцца вясной, але не ў Мінску, а ў… Вільні! Што маецца папярэдняя дамоўленасць з амбасадай Літвы ў Беларусі аб бясплатных (!) візах для гледачоў гэтага канцэрта!

Мне думаецца, што больш смачнага пляўка ў твар краіны, дзякуючы намаганням тых, хто забараняў канцэрт у Мінску, прыдумаць было немагчыма. І таму тым больш хацелася б даведацца імёны “герояў”, якіх, па вялікаму рахунку, варта было б звольніць з дзяржаўнай службы з прычыны кампраметацыі аўтарытэту краіны, перад гэтым прагнаўшы праз строй рокераў на самай Незалежнай плошчы.

Маецца і яшчэ адзін нюанс. А менавіта: салідарнасць беларускіх музыкаў. Напісаў вось “салідарнасць” — і задумаўся. Ды няма сярод нашага музычнага таварыства ніякай салідарнасці, гэтак жа сама, як няма яе і ў шэрагах палітычнай апазіцыі. Кожны збольшага дбае пра сябе, зводзячы свае паводзіны да ўсё таго ж: “Ну, вы ж разумееце…”

Не, я не разумею, чаму тыя калектывы, якіх паставілі ў афішах на месцы “Крамбамбулі”, у знак пратэсту не адмовіліся ад выступу. Хоць адзін раз, хоць у гэты дзень! Гэта была б праява хоць нейкай пазіцыі! Чаму б беларускім рок-камандам наогул не праігнараваць “Re:Public”, калі акажацца, што адмена канцэрта адбылася з боку менавіта гэтага клубу?

Ага, мары-мары… “Ну, вы ж разумееце… Канцэртаў і так мала… А “Re:Public” самы вялікі клуб у горадзе…” Хіт-парад, у якім песні не мяняюцца гадамі.

Пасля першай хвалі забароны некалькіх калектываў яны хоць прынялі сумесную заяву для прэсы. І гэта быў, здаецца, самы гучны аб’яднаўчы чын. Далей музыкі не пайшлі. А я ўжо быў размарыўся: незалежны прафсаюз працаўнікоў рок-сцэны! Аднак, калі адкінуць жарты ў бок, гэта варыянт цалкам рэальны. Хоць бы таму, што айчынныя “забаронцы” вельмі не любяць усялякіх аб’яднанняў. У такім разе “гульня” пайшла б адкрытая, а імёны гульцоў з абодвух бакоў невядомымі не засталіся б…

“7 лістапада — дзень Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай Рэвалюцыі”. Музыка “Крамбамбулі”, словы Л.Вольскага, 2007 год.

Дзмітрый Падбярэзскі

8 февраля 2012

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Поход к избирателям. Олег Квятинский, кандидат в депутаты Витебского горсовета