+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

РЫЦАРЫ СЛОВА

— Насця, запявай! – упрошвала мяне мая падружайка (так называюць сапраўдных сябровак у турме) Ірына Халіп з верхняй шконкі ў адной з камераў СІЗА КДБ.

— Ну я не памятаю цалкам словаў! – сарамліва прамармытала я пад нос, наразаючы для турэмнай палажняковай кашы гародніну ад сваякоў.

— Ну давай хоць неяк спяем, а раптам ён там пачуе нас? – не утаймоўвалася мая сяброўка па барыкадах.

— Ох ужо абрадуецца ён, калі пачуе нашае няўцямнае! Але давай. Сапраўды, раптам? Толькі вы гэта, падпявайце! – адказала я ўсім астатнім дзяўчатам. – Акурат наш стол ужо гатовы! Гуляць – дык гуляць!

«Сёння у нашай хате свята,

Калi ласка, ў нашу хату!

Гэй, радасць спаткаць,

Гуляць – дык гуляць!»

І падпявалі, падпявалі ўсе. Хто ведаў Уладзіміра Някляева, хто не ведаў. Гэтыя словы проста жывуць з намі на працягу жыцця, а мы часам і не задумваемся, якое жыццё перажываюць людзі, што далі Беларусі гэтае багацце. Якое жыццё перажываў Паэт, калі ён сядзеў з намі ў суседняй камеры? Думаю, было яму не салодка.

Праспяваўшы і падсілкаваўшыся, усе пагрузіліся ў свае думкі. Ірына, ўзяўшы сшытачак, што быў клапатліва перададзены ейнаю матуляю, нешта ціханька пісала сабе. Пісала. Пісала…

Рыцары слова. Быць ім – так важна для Беларусі. Лукашэнкаўскі калгас, насычаны страхам і хлуслівасцю, несправядлівасцю і амаральнасцю, могуць знішчаць толькі сапраўдныя Рыцары Слова. Такімі для мяне ёсць Паэт Уладзімір Някляеў і Журналістка Ірына Халіп. У бліжэйшы час зноўку будзе вызначацца іхні лёс, «суд» абвесціць вердыкт: турма ці адносная свабода. Рыцараў слова заўжды будуць пераследваць, бо яны ваююць ў сэрцах, у галовах. Там, дзе лукашэнкаўскі калгас ніколі не здолее перамагчы.

Паэт Уладзімір Някляеў – чалавек, з каторым мне было б не страшна пайсці ў выведку. Сумленнасць, прыстойнасць і добрае пачуццё гумару – з такім чалавекам можна быць спакойным! Ірына Халіп – мілая і добрая, рашучая і мужная. Знаёмству з ёй я абавязана турме і ні дня пра гэта не шкадавала. Ейная вытрымка, дабразычлівасць да сяброў, вясёлы нораў, спрытны розум, вернасць мужу і сыну заўжды мяне захапляла, як тады, так і цяпер.

Рыцары слова. Тыя, хто разбураюць ланцугі маны з нашых сэрцаў і розуму. Прымушаюць адчуваць і думаць. Хто змагаецца з сістэмаю хлусні і дурноты . Словам вядуць бітвы і Словам перамагаюць. Тыя, хто нагадваюць нам пра гонар, сумленне, прагу да справядлівасці, тыя, хто не баяцца казаць і абвяшчаць, тыя, хто запальваюць нашае сэрца і заклікаюць да сумлення.

І ўсё гэта па-Божаму. Па-людску. Праз Слова. Усё так, як піша Павал Севярынец з далёкай вёскі, будучы ў ссылцы на выхаваўчых работах. Усё па-хрысціянску, праз слова болю і справядлівасці ў артыкулах майго чаканага мужа Зьмітра Дашкевіча. Усё так, як піша на свабоду Алесь Беляцкі, Ігар Аліневіч, Мікалай Статкевіч. «Бо напачатку было Слова. І слова было ў Бога». Дык і Вы будзеце на Божым баку, нашыя дарагія Рыцары Слова!

Якім бы не быў афіцыйны вердыкт суду, для нас вы ўжо перамаглі! У нашых сэрцах, у нашых галовах. Сёння мы чуем сумныя навіны з Усходу, няпэўныя абяцанкі з Захаду, але вы не зважайце ні на што! Не бойцеся! Цяпер справа за намі – аддзячыць вам і падтрымаць.

Так, спадарства? Падтрымаем! 

Сёння, 19 ліпеня, а 9:30, суд Партызанскага раёна – судзяць Ірыну Халіп.

У наступны чацьвер, 25 ліпеня, а 10 гадзіне, суд Ленінскага раёна – судзяць Уладзіміра Някляева.

Наста ДАШКЕВІЧ

mfront.net

19 июля 2013

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі