+375 17 209-48-04

info@zapraudu.info

Сацыяльна небяспечнымі сем’і прызнаюць дзеля “галачкі”?

Дэкрэт № 18 і планы па працы тэрыятарыяльных цэнтраў утварылі грымучую сумесь: цяпер сацыяльна небяспечнымі могуць назваць і тыя сем’і, у якіх не вымытая падлога і невыкінутае смецце ці стары дом.

Спярша ордэн Маці, а пасля “сацыяльна небяспечныя”?

Сям’я Наталлі адрозніваецца ад іншых сем’яў Бярозаўскага раёну тым, што ў іх шэсць дзяцей. Самаму малодшаму крыху больш за два гады, самы старэйшы пайшоў у 10-ты клас.

Муж Наталлі працуе ў мясцовым СВК. Сама яна сядзіць з дзецьмі.

Літаральна летам мінулага году Наталлю намінавалі на ордэн Маці. Сям’ю правярала спецыяльная камісія, якая і прыняла рашэнне. Аднак праз некалькі месяцаў наступная камісія па справах няпоўнагадовых наведала сям’ю і паставіла пытанне аб “сацыяльнай бяспечнасці” ўмоваў пражывання ў ёй дзяцей.

— Камісія ў нас была дзесьці напрыканцы верасня, — расказвае Наталля. — Яны зайшлі і сказалі: камісія па справах няпоўнагадовых. І адразу ў мяне шок: што ўжо мае дзеці нарабілі, што камісія прыйшла? Яны патлумачылі, што вось у іх рэйд. Я іх і пусціла. Быў міліцыянер, пажарны і яшчэ людзі… Усяго шасцёра. Канкрэтна, хто і адкуль, не прадстаўляліся.. Паглядзелі, пахадзілі, а ты сядзіш у незразумеласці: што ад гэтай камісіі чакаць?..

Члены камісіі агледзелі дом, зазірнулі па ўсіх кутках. І склалі акт, тэкст якога Наталлі не паказалі. Яго жанчына прачытала толькі ў школе.

Дзеці галодныя не былі, — працягвае разважаць Наталля. — Так, сапраўды, тут быў беспарадак. Самой было сорамна, гатова была скрозь зямлю праваліцца. Мы толькі з бульбы. Галодныя ды стомленыя. З дзецьмі ледзь не 300 мяхоў перацягалі. Муж быў у камандзіроўцы, і на ноч не прыехаў. Была настолькі стомленая, што пашкадавала сябе і не прыбрала. А гэта ў нас (паказвае на малодшую дачку.— Аўт.) павыцягвала ўсё адзенне з шафаў, параскідала па ўсёй хаце. Камісія заўважыла раскіданае адзенне і сказала, што яно тут не першы дзень ляжыць. Ложкі былі не запраўленыя. Зараз, праўда, толькі галовы ад падушак, адразу запраўляюць. Каб ужо не было прычын.

Пасля жанчыну выклікалі ў школу на савет, абмяркоўвалі “грамадскасцю” яе пытанне — пастаноўку на ўлік па сацыяльна небяспечных умовах для пражывання дзяцей з-за “антысанітарыі”.

Як паведамілі ў камісіі, у доме была іржавая ванна і сметніца стаяла ў патэльні на падлозе. Пасля камісіі яшчэ прыходзіла фельчарка правяраць “запас прадуктаў” — ці дастатковы для дзяцей.

Што вельмі абурыла аднавяскоўцаў Наталлі.

— Чаму да нас не зайсці і не распытаць, — абураліся суседзі. – Мы ж гэтую жанчыну ўжо колькі год ведаем. І нічога такога страшнага яна не робіць. Не п’е, не буяніць. Муж яе таксама. Бываюць сваркі, але як і ў любой сям’і.

— У нашай школе проста даўно не было сацыяльна небяспечных сем’яў. – кажа дырэктар . – Ну, няма іх у нас : выпраўляюцца людзі. А камісія ехала за “парушэннямі”. І яна іх атрымала. Настаўнікам, што “праваронілі”, знялі прэміі…

Гісторыя вельмі ўзрушыла Наталлю. Пасля прыезду журналістаў на ўлік іх не паставілі, але маральны ўрон нанеслі. Наталля была ў шоку, як і яе дзеці, якіх дражнілі ў школе. Яны вялі сябе змірна вельмі доўга, каб не дай Бог не патрапіць у “дзіцячы дом”.

“Не адрамантуеце дом паставім на ўлік”

Другая гісторыя здарылася з сям’ёй яшчэ адной вёскі Берасцейшчыны. Сям’я з чатырма дзецьмі пераехала з іншага месца. Купілі невялікі дамок, колькі хапіла грошай. На рамонт сродкаў не асабліва хапала, таму ён пастаянна зацягваўся. Плюс невялікія заробкі ў калгасе і процьма дзяцей. Ну, куды тут ужо да рамонту.

Па словах дырэктара школы, якая і перадала мне гэтую гісторыю, аднойчы мама разам з дзецьмі прыйшла да яе прасіць дапамогі.

— Яны прыйшлі да мяне такія ўзрушаныя. – расказвае Валянціна.  – Справа ў тым, што ім камісія па справах няпоўнагдовых “прымужала”: не зробіце рамонт дома – паставім на ўлік. А там і дзяцей адбяруць. Пасля ледзь на калені не станавіліся, каб я пазваніла ва ўпраўленне і “заступілася за іх”.

Па словах Валянціны, як аказалася, такіх выпадкаў досыць шмат не толькі па раёне, але і па ўсёй вобласці.

Дэкрэт № 18 – непрадуманы дакумент

Стварэнне спецыяльных камісій па справах няпоўнагадовых і іх дзейнасць рэгламентуецца Дэкрэтам прэзідэнта № 18. Які па сваёй структуры досыць недапрацаваны дакумент, у якім агульнымі фразамі вызначана, як павінна парцаваць такая камісія.

Фактычна ўсё аддадзена на волю саміх камісій. І калі патрапіцца на месца старшыні камісіі “кар’ерыст”, то колькасць выяўленых сем’яў будзе толькі павялічвацца, што спрыяе кар’ернаму росту.

Таксама досыць туманна абазначана колькасць пунктаў, згодна з якімі можна паставіць сям’ю на ўлік. Пры гэтым пункт “п’янства бацькоў” і “антысанітарыя” могуць быць раўнаважнымі пры пастаноўцы на ўлік “сацыяльна небяспечных сем’яў”.

Што страшнага ў такім уліку, спытаеце вы. А тое, што гэтыя звесткі ідуць у міліцыю, паліклінікі і іншыя органы. З-за ўліку вы не зможаце ўзяць, напрыклад, крэдыт. Таму што банкі пасылаюць свой запыт у міліцыю. Таксама гэта вялікі шок для дзяцей – вось такія наведванні і беспадстаўныя налепванні цэтлікаў “СОП”, якія пасля складана “змыць”.

— Так, дэкрэт, насамрэч вельмі недапрацаваны, — кажа сакратар Камісіі па справах няпоўнагадовых пры Савеце Міністраў Аляксандр Саладоўнікаў. – Бывалі ў нас перагібы і моцныя. То “перастараюцца” і дзяцей адразу ў п’яных забяруць і ў прыёмную сям’ю ўладкуюць. Мы гэтую праблему ведаем і будзем дапрацоўваць.

Вольга Чыж

13 ноября 2011

Теги:

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Поход к избирателям. Олег Квятинский, кандидат в депутаты Витебского горсовета