+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

«САМ МІН’ЮСТ ПАРУШЫЎ ТЭРМІНЫ». Міністэрства юстыцыі адмовілася зарэгістраваць «Гавары праўду»

Устаноўчы сход быў праведзены 13 красавіка, і 8 траўня падалі дакумэнты на рэгістрацыю грамадзкага аб’яднаньня. Адказ зь міністэрства павінен быў прыйсьці да 8 чэрвеня, але ліст зь Мін’юста датаваны 12 чэрвеня, патлумачыў актывіст «Гавары праўду» Сяргей Вазьняк.

«То бок сам Мін’юст парушыў тэрміны, якія законам дае на рэгістрацыю ці матываваную адмову ў рэгістрацыі. То бок у нас рэгістрацыяй займаецца дзяржорган, які сам парушае заканадаўства».

Паводле Вазьняка, у лісьце падаюцца дзьве прычыны адмовы ў рэгістрацыі.

Чыноўнікі палічылі, што тэрмін дзеяньня гарантыйнага ліста (а ён быў да 31 траўня) на юрыдычны адрас скончыўся.

«Але гэта не зьяўляецца парушэньнем, бо на момант падачы ў нас быў гарантыйны ліст. І яны маглі папрасіць працягу дзеяньня гэтага ліста. То бок гэтае парушэньне не такое, якое немагчыма ліквідаваць. А ў законе гаворыцца, што адмаўляецца ў рэгістрацыі толькі тады, калі парушэньні нельга ліквідаваць», — патлумачыў Вазьняк.

Другую прычыну чыноўнікі знайшлі ў тым, што нібыта ня вызначаны колькасны склад праўленьня.

«Ён у нас вызначаны: 5 чалавек, і ёсьць сьпіс паводле прозьвішчаў. Гэта ўжо проста лухта, якую немагчыма камэнтаваць», — сказаў Вазьняк.

Сяргей Вазьняк паведаміў, што рашэньне Мін’юста будзе абскарджана ў Вярхоўным судзе, а потым зноў будуць пададзеныя дакумэнты на рэгістрацыю ў Мін’юст. Актывіст таксама паведаміў, што гэта была ўжо трэцяя спроба зарэгістравацца. Адмову з боку ўладаў Сяргей Вазьняк пракамэнтаваў так:

«З разумнага пункту гледжаньня цяжка адказаць на гэтае пытаньне, бо дзяржаве ж выгадней, калі дзейнічаюць зарэгістраваныя арганізацыі. Мы ўсё роўна працуем. І калі мы працуем без рэгістрацыі, у дзяржавы меней магчымасьцяў кантраляваць дзейнасьць арганізацыі. У іх рэальна проста не хапае розуму».

Радыё «Свабода»

17 июня 2013

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі