+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Шклоўская калонія

Алесю Бяляцкаму не дазволілі развітацца з бацькам, калі той быў яшчэ жывы… Прывезлі ўжо да мёртвага.

Мікалая Аўтуховіча змусілі ўскрыць вены, каб захаваць чалавечую годнасць.

Зьміцеру Бандарэнку, якога даўно павінны былі б вызваліць праз хваробу, стварылі такія ўмовы, што ён гатовы скончыць жыццё самагубствам.

Зьміцера Дашкевіча кідаюць з карцэра ў карцэр.

Невядома як, цягаючы па этапах і падсаджваючы да яго то сухотных, то апушчаных, абыходзяцца з Андрэем Саннікавым.

І вось у Шклоўскай калоніі (у турме, каб пасадзіць у турму!) збіраюцца судзіць Міколу Статкевіча. Адміністрацыя калоніі палічыла яго рэцыдывістам, які «да вызвалення не імкнецца, мае намер весці ў далейшым злачынны лад жыцця». Усе разумеюць, ведаюць, што гэта абсурд. Што ні Статкевіч, ні Саннікаў, ні Бандарэнка, ні Дашкевіч, ні іншыя палітзняволеныя, ні ў чым не вінаватыя людзі. І іх, ні ў чым не вінаватых, кінулі ў турмы і чыняць над імі здзек. За што? Для чаго? Толькі для аднаго: каб яны папрасілі літасці. А значыць, прызналі сябе вінаватымі.

Скажыце: ці не змушалі вас, нас, увесь народ прасіць літасці? Прызнаць сябе вінаватымі? У крызісе, бо мы кепска працуем і жывем не па сродках! У дэвальвацыі, інфляцыі, бо мы пахавалі ў панчохі валюту! У росце цэнаў, у дэфіцыце то цукру, то грэчкі, бо мы ўсё скупілі і склалі ў падвалах!..

У «шклоўскай колоніі», якой ёсць сёння ўся Беларусь, усё павінны быць вінаватыя. Усе павінны прасіць літасці. І не ў Бога! У адміністрацыі. У начальніка калоніі.
Чаму начальнік калоніі трымае палітвязняў, калі вядома, што грошай за іх ён гэтым разам не займее? Палітвязні катэгарычна адмовіліся, каб начальніку за іх заплацілі. Адмовіліся і выявілі чалавечую годнасць, якой няма ні ў адміністрацыі, ні ў начальніка. Менавіта таму яны дасюль у турмах.

І яшчэ гэтыя годныя людзі ў турмах (з якіх, як цынічна дазваляе сабе жартаваць начальнік, «не хочуць выходзіць») праз подлую помсту. І ўсе, і кожны, хто спрычыняецца да таго, каб і далей тварыўся здзек над імі, спрычыняюцца да подласці. Гэтаму не будзе даравання. Кожны адкажа. Не ўдасца ўсю віну скінуць толькі на начальніка калоніі.

Уладзімір Някляеў

10 января 2012

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Надо ли извиняться перед памятником? Андрей Дмитриев на ОНТ