+375 17 209-48-04

info@zapraudu.info

Шматдзетныя бацькі з Бялыніч звярнулісь за дапамогай да дэпутата Савета Рэспублікі

Шматдзетныя бацькі з гарадскога пасёлка Бялынічы, якія з’яўляюцца членамі ЖБК “Дванаццаць”, звярнулісь за дапамогай у вырашэнні шматлікіх праблем, узнікшых падчас забеспячэння крэдытавання будаўніцтва дома для шматдзетных сем’яў, да дэпутата Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валерыя Іванова. Адпаведную параду далі ім у бялыніцкім офісе “Грамадзянскай дамовы”.

— Звярнуцца да нашых дэпутатаў і да віцэ-прэм’ера беларускага ўрада Анатолія Калініна нам параілі ў бялыніцкім офісе “Грамадзянскай дамовы. Я сам асабіста патэлефанаваў памочніку Валерыя Іванова і той, пасля кансультацыі з дэпутатам, падказаў, што нам рабіць далей. На жаль, раённыя ўлады нас да гэтуль толькі абнадзейвалі, — кажа старшыня ЖБК “Дванаццаць” Пётр Шымбалёў. –Мы сабралі подпісы пад калектыўным зваротам да дэпутата Савета Рэспублікі, генеральнага дырэктара Беларускай калійнай кампаніі Валерыя Іванова, каб ён дапамог шматдзетным бацькам вырашыць пытанне з выдзяленнем ільготных крэдытаў для будаўніцтва дванаццацікватэрнага дома для нашых сем’яў. Таксама аналагічны калектыўны зварот быў накіраваны віцэ-прэм’еру беларускага ўрада Анатолію Калініну.

Валерый Іваноў раней ужо паабяцаў аказаць нам усю магчымую дапамогу. Дарэчы, у адрозненне ад іншага нашага дэпутата, толькі ўжо Палаты прадстаўнікоў таго ж Нацыянальнага сходу, Аляксандра Агеева. Аляксандр Віктаравіч на мой тэлефонны зварот параіў шматдзетным бацькам звяртацца ў суд, ён проста не захацеў займацца нашымі праблемамі. Што ж, магчыма, ён больш заняты, чым генеральны дырэктар адной з буйнейшых беларускіх кампаній Валерый Іваноў…

Верагодна, пасля выбараў Аляксандру Агееву ўжо проста няма патрэбы выконваць першы пункт сваёй жа перадвыбарчай праграмы: “Дэпутат, як выбраннік народа, абавязаны зрабіць усё ад яго залежачае для паляпшэння дабрабыту яго выбаршчыкаў і узмацнення магутнасці нашай дзяржавы”. Годную старасць сабе і сваім блізкім пенсіянер па ўзросце Аляксандр Агееў ужо забяспечыў, ну а шматдзетныя сем’і  яго выбаршчыкаў, на якіх і павінна трымацца магутнасць нашай дзяржавы, няхай выжываюць самі.

Пётр Шымбалёў кажа, што на звароты пакуль прыйшоў толькі адказ з апарату Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

— У гэтым адказе начальнік аддзела пісьмаў апарату Саўміна А. П. Коўшэр паведамляе, што наш зварот перанакіраваны на разгляд у Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва. Па сутнасці, гэта проста адпіска, бо міністэрства не можа ніякім чынам перагледзець пастанову Саўміна ад 06.10.2012 года № 1023”Аб мерах па выкананню заданняў на 2013 год па будаўніцтву жылых дамоў”. Згодна гэтай пастановы, кошт  разліку льготных крэдытаў і аднаразавых субсідый будаўніцтва 1 кв. м. жылля для льготных катэгорый грамадзян не павінен перавышаць 4,6 млн. рублёў. Згодна ж разлікам нашых доблесных будаўнікоў, разліковы кошт будаўніцтва  1 кв. м. агульнай плошчы жылля ў ільготным доме для шматдзетных сем’яў складзе 8003,01 “у бягучым узроўні цэн”. Зараз мы спадзяёмся толькі на дапамогу з боку нашага дэпутата Савета Рэспублікі Валерыя Іванова, — кажа Пётр Шымбалёў.

Між тым, не далей як 27 лютага на прэсавай канферэнцыі намеснік прэм’ер-міністра Анатолій Каліні сцвярджаў: “Кошт квадратнага метра жылля для людзей, якія маюць у гэтым патрэбу, не павінны выходзіць за рамкі сярэдняй заработнай платы па краіне. На гэта мы арыентавалісь у 2012 годзе і маем намер працягнуць гэту палітыку ў 2013 годзе”.

Чамусьці у Бялынічах гэтыя словы віцэ-прэм’ера, адказваючага ў урадзе краіны за будаўніцтва, нашмат разыходзяцца са справай. Пакуль не чутна нават ад нашых доблесных статыстыкаў, каб сярэдні заробак у Беларусі дасягнуў васьмі мільёнаў рублёў, а менавіта такі кошт за будаўніцтва квадратнага метра ільготнага жылля выставілі перадавыя бялыніцкія будаўнікі.

Магчыма, сапраўды мае рацыю кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка, калі кажа, што “Усе ў грамадстве, і я з імі згодны, кажуць, што будаўнічая галіна, як і ў нашых суседзяў, гэта найбольш карумпаваная і, нават народ проста кажа, “мафіёзная” галіна”. Што ж, можна толькі пагадзіцца з гэтым меркаваннем Аляксандра Рыгоравіча, калі паглядзіш на дзейнасць нашых будаўнікоў. Ну а мафія, як казаў герой аднаго вядомага фільма, бессмяротная…

Нагадаем, што, нягледзячы на дэкларуемую падтрымку шматдзетным сем’ям з боку дзяржавы, у гарадскім пасёлку Бялынічы Магілёўскай вобласці мясцовыя ўлады выставілі шматдзетным сем’ям такія кошты на будаўніцтва ільготнага жылля, што яны маглі застацца без кватэр да глубокай старасці.

Бялыніцкія актывісты офіса “Грамадзянскай дамовы” будуць працягваць аказваць дапамогу шматдзетным сем’ям у адстойванні сваіх законных правоў.

Багдан Іваноў, zapraudu.info

5 марта 2013

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Поход к избирателям. Олег Квятинский, кандидат в депутаты Витебского горсовета