+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

ШТО І ПАТРАБАВАЛАСЯ ДАКАЗАЦЬ. Суд адмовіў Някляеву ў завядзеньні крымінальнай справы

«Колькі разоў мне даводзілася чуць нешта такое: “Уладзімір Пракопавіч, я вас вельмі паважаю, я ж вас яшчэ ў школе вывучаў – але ж вы ўсё разумееце, работа такая”», – сказаў Уладзімір Някляеў пасьля судовага паседжаньня, якое працягвалася трохі больш за гадзіну. У дзеяньнях судьдзі Валерыя Есьмана гэтаксама не назіралася ніякага імпэту. Хутчэй, па азначэньні Някляева, ён нагадваў «штампавальную машыну». То не дзіўна – ён папросту механічна выконваў фармальнасьць, «адбываў нумар». Якім будзе рашэньне, усе разумелі загадзя.

Уладзімір Някляеў пасьля судовага паседжаньня абмяркоўвае з журналістамі гэны фарс

Дарэчы, менавіта маральны бок справы Уладзімір Някляеў назваў «самым вялікім злачынствам рэжыму»: у краіне за гады яго ўладарства з’явіліся «дзясяткі тысяч маральна скалечаных людзей», якія, з-за страху ці проста па службовых абавязках, зьдзяйсняюць подлыя ўчынкі. «Гэта важней за эканоміку і палітыку. У будучыні гэта створыць вельмі сур’ёзныя праблемы ў грамадстве», – падкрэсьліў Някляеў.

Сталічная пракуратура адмовіла У.Някляеву ў завядзеньні крымінальнай справы супраць тых, хто ажыцьцявілі напад на яго і пры гэтым моцна зьбілі. Адмова грунтавалася на адказах, атрыманых з Міністэрства ўнутраных спраў ды з КДБ: нібыта 19 сьнежня 2010 г. сьпецпадразьдзяленьні гэтых структураў ніякіх мерапрыемстваў у адносінах да Някляева не праводзілі.

«Добра, хай напалі не міліцыянты – бандыты напалі: білі, рабавалі. Дык крымінальная справа ўсё адно павінна быць заведзеная!» – Някляеў спрабаваў апеляваць да здаровага сэнсу. Контраргумантаў на гэта не прагучала – дый што тут скажаш? Аднак судьдзя Цантральнага райсуда сталіцы В.Есьман пастанавіў: У.Някляеву ў скарзе адмовіць.

«Суд акцэнтаваў увагу на тым, што “не было здабыта доказаў таго, што Някляева зьбілі супрацоўнікі сьпецслужбаў”. Але з матэрыялаў праверкі – у прыватнасьці, судмедэкспэртызы – відавочна, што Някляеў быў зьбіты – сам па сабе гэты факт павінен быць расьсьледаваны ў межах крымінальнай справы. Да таго ж былі выкрадзены матэрыяльныя каштоўнасьці. Суд абавязаны быў адмяніць пастанову пракуратуры і накіраваць матэрыялы ў пракуратуру горада», – камэнтуе вынік судовага паседжаньня юрыст Уладзімір Букштынаў.

Уладзімір Някляеў пасьля суду прыгадаў, што ў КДБ настойліва адхрышчваліся ад нападу. «Яны некалькі разоў мне казалі: “Што заўгодна на нас вешайце – што мы вас тут прэсуем, душым – але дачыненьня да той справы мы не маем: гэта паскудныя мянты”, – гэтак яны выказаліся», – распавёў Някляеў.

Дадамо, што, калі сьпецслужбы сьцьвярджаюць, што гэта не яны (то бок, сьпіхваюць адказнасьць адна на другую), дык у кожным выпадку да іх багата пытаньняў. Напрыклад: якім жа ж гэта чынам у дзень, з дазволу сказаць, «выбараў» на аднаго з кандыдатаў у прэзідэнты пасярод сталіцы робіцца брутальны напад – і дзе ж вы, сьпецслужбы, га?! І гэта пры тым, што ўсе кандыдаты, па публічным прызнаньні Лукашэнкі, знаходзіліся – хоць і цалкам незаконна! – пад пільным  наглядам сьпецслужбаў. Няўжо недагледзелі? Дзе прыватнае азначэньне суда з гэтай нагоды?

Канешне, калі карыстацца не толькі што юрыдычнаю, але звычайнаю чалавецкаю логікаю, – дык рашэньне суда наогул за рамкамі. Але ў вычваранай «логіцы» нашай вывернутай сістэмы нічога іншага чакаць не выпадала.

Уладзімір Някляеў, натуральна, і не чакаў, як і не чакае: «Гэта праца на будучыню, калі ўсё гэта скончыцца», – і ў гэтай справе ён мае намер ісьці да Вярхоўнага суда. Па словах У.Букштынава, тэрмінаў падачы скаргі няма, можна зрабіць гэта калі хочаш. У.Някляеў не назвал канкрэтнага тэрміну, калі зьбіраецца яе падаваць, але паведаміў, што цягнуць з гэтым ня будзе.

Зьміцер ЛІХТАРОВІЧ

zapraudu.info

 

 

10 июля 2013

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
Мы открыли горячую «антитунеядскую» линию помощи гражданам