+375 29 853-40-17

info@zapraudu.info

Што пасля Лукашэнкі? Такім пытаннем задаліся ў Магілёве

Спрагназаваць імаверныя варыянты ходу падзей спрабуюць лідары магілёўскіх грамадскіх арганізацый і палітычных партый.

Юрый Новікаў, старшыня магілёўскай рэгіянальнай кааліцыі дэмакратычных сіл:

— Калі не стане Лукашэнкі, то людзі не будуць ведаць што рабіць, бо дагэтуль ні адно рашэнне не прымалася без яго ўдзелу. Цяжка казаць, хто забярэць пасля яго ўладу ў свае рукі — ці то будзе ягоны сын Віктар, ці то прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч. Калі ж пасля таго, як Лукашэнкі не стане будуць праведзены адкрытыя дэмакратычныя выбары, то можна будзе казаць аб тым, што Беларусь становіцца на дэмакратычны шлях развіцця. Калі ж выбараў не будзе, а будзе, скажам, надзвычайнае становішча і ўлада будзе дзяліцца кулуарна, то нічога добрага для краіны і яе жыхароў гэта не дасць.

Падчас жа першых прэзідэнцкіх выбараў без Лукашэнкі могуць узнікнуць новыя лідары, якія зараз трымаюцца ценю, праз рэпрэсіўны характар існуючага рэжыму.

Алесь Сілкоў, заснавальнік “Грамадскага магістрату”:

— Усё залежыць ад таго, хто будзе знаходзіцца ў эканамічнай і палітычнай эліце пасля Лукашэнкі – нехта адтуль можа стаць новым кіраўніком краіны. Верагодна, можна казаць пра нейкага пераемніка, як гэта адбылося з прэзідэнтам Расіі Барысам Ельцыным, які перадаў сваю ўладу Ўладзіміру Пуціну.

Калі ж пераемнік распачне дэмакратычныя рэформы, то гэта будзе ўздым для Беларусі. Тым часам нельга выключаць і такі сцэн, што Лукашэнка пазбавіцца свайго прэзідэнцкага крэсла і праз змову сваіх набліжаных. Што будзе пасля Лукашэнкі канкрэтна – спрагназаваць не бяруся.

Ігар Барысаў, сябра Прэзідыума БСДП ад Магілёўскай вобласці:

— Я ўсё ж такі з аптымізмам гляджу на сітуацыю. Мне падаецца, што любы новы палітычны лідар узнікне з ужо вядомых нам асобаў. Натуральна, што ён будзе з ліку існуючай бюракратыі, альбо сілавых ведамстваў. Ведаючы тое, што ў большасці чыноўнікаў вышэйшага рангу няма палітычнай харызмы – казаць пра тое, што нехта з іх доўга затрымаецца ва ўладзе цяжка.

У любым выпадку мы прыйдзем да выбараў – фармальных ці дэмакратычных. У гэты пераходны перыяд некаторыя вышэйшыя кіраўнікі адчуюць палёгку і ўладу і будуць прытрымлівацца існуючых нормаў закона. У любым выпадку легалізавацца новая ўлада мусіць праз выбары.

Небяспекай з’яўляецца тое, калі нехта з сілавікоў вышэйшага рангу захоча захапіць уладу ў краіне ў свае рукі – сярод іх шмат прышлых, толькі што з беларускімі пашпартамі і яны далёка не пераследуюць інтарэсы тытульнай нацыі.
Я таксама ўпарта перакананы ў тым, што часовы кіраўнік дзяржавы будзе весці перамовы і з апазіцыйнымі палітыкамі. У гэтай сітуацыі галоўнае, каб апазіцыя была адзіным цэлым і кожны з апазіцыйных палітыкаў не цягнуў коўдру на сябе. Калі будуць дэмакратычныя выбары, то існуе вялікая верагоднасць таго, што ў парламент могуць патрапіць шмат прадстаўнікоў апазіцыйных партый, а месца прэзідэнта можа заняць нехта з апазіцыйных палітыкаў.

У любым выпадку ламаць усю сістэму ў адно імгненне і казаць, што варта адмяніць Канстытуцыю ў рэдакцыі 1996 года, а таксама вынікі рэферэндумаў не трэба – усё мусіць быць зменена праз рэформы. “Вертыкаль” як выконвала сваю функцыю так і мусіць яе выконваць – прафесіяналы патрэбны пры любой уладзе. Інакш у краіне будзе заканадаўчы і кадравы калапс. У гэтай структуры варта замяніць толькі яе верхавіну.

Сяргей Лапуцін, лідар магілёўскіх актывістаў “Гавары праўду”:

— Няшчасце нашага народа ў тым, што ён баіцца адказнасці. Усе звыкліся з тым, што ўсё вырашае самы галоўны начальнік. Сёння ім з’яўляецца Аляксандр Лукашэнка. Важна зразумець, што адзін чалавек, нават самы галоўны, не можа ўсё вырашаць за 9,5 мільёнаў жыхароў краіны. Беларусы мусяць вырасці і адчуць, што яны самі могу несці адказнасць за свой лёс.

Людзі мусяць выбіраць не таго дэпутата, які за іх будзе лямпачкі ўкручваць, а таго, які будзе прымаць законы, якія будуць на іх карысць, дзякуючы якім будзе лепей жыць іхныя дзеці.

Я хачу жыць у новай краіне. Такіх як я з кожным днём становіцца ўсё болей. Я спадзяюся, што з часам мы дамовімся паміж сабой і адчуем сябе сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны. Гэта будзе сапраўднай грамадзянскай дамовай.

Усё гэта павінна прыйсці замест калгасаў, суботнікаў, барацьбы за ўраджай і самаго Лукашэнкі. Агульная адказнасць за гэта і за лёс краіны кладзецца ўжо і на нашых дзетак, пакаленне новых беларусаў.

Ян Праўдалюбаў, zapraudu.info

26 апреля 2013

Теги:

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

 
А также…
«Апазіцыя павінна прадстаўляць грамадства!» Андрэй Дзмітрыеў абмяркоўвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі